18 і 19 жніўня ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў.
Сёлета на Браслаўскі фэст прыйшлі дзве пешыя пілігрымкі. У першы дзень у межах урачыстасці адбылася канферэнцыя для сем’яў, якая суправаджалася аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў, а таксама святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі.
Уначы вернікі маліліся ў касцёле Ружанец перад цудадзейным абразом Валадаркі азёраў: традыцыйная працэсія са свечкамі была адменена з-за непагадзі.
Кульмінацыяй фэсту стала святая Імша 19 жніўня пад адкрытым небам на алтары-караблі непасрэдна каля браслаўскага санктуарыя.
У яе цэлебрацыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, узялі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе і кусташ санкутарыя ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, а таксама шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі.
«Сардэчна жадаю, каб гэтая сустрэча каля трона нашай Нябеснай Маці ўмацавала нашу веру, умацавала нашую еднасць.
Сёння просім праз Яе заступніцтва аб згодзе і супакою для нашай краіны і для ўсяго сучаснага свету», — перад пачаткам літургіі прасіў біскуп Буткевіч у адпаведнасці з тэмай сёлетняга фэста, што праходзіў пад дэвізам «Марыя Ахоўніца згоды і супакою».
Пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў усім, хто дапамагаў у арганізацыі і падрыхтоўцы да урачыстасцяў, прывітаў мясцовых парафіянаў і пілігрымаў, якія прыбылі з розных куткоў Беларусі і з суседніх краін: Літвы, Латвіі, Польшчы і Расіі, а таксама прадстаўнікоў мясцовых уладаў і дыпламатычнага корпусу.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуўся да вернікаў, якія нягледзячы на спякотнае жнівеньскае надвор’е і «рабінавую ноч», прынеслі да Матулі Браслаўскай свае клопаты і праблемы: «Марыя была жанчынаю малітвы, а таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні, малыя і вялікія.
Менавіта праз малітву Марыя кажа, што можна навучыцца глядзець без прадузятасці, бачыць навакольны свет у пазітыўным святле, адмовіцца ад зла і выбіраць дабро», — даў духоўнае настаўленне арцыпастыр.
Вернікі ўрачыста ўзнеслі хвалу Богу і прынеслі да алтара Пана плён працы і штодзённага жыцця: сімвалічныя дары ў выглядзе Бібліі, лілеі, ружанца, віна, вады і хлеба.
Літургію ўпрыгожвала адмысловае музычнае суправаджэнне. На працягу шасці дзён перад фэстам у Браславе праходзілі заняткі ў летняй школе касцёльнага спеву пад кіраўніцтвам маэстра Уладзіміра Неўдаха, галоўнага арганіста мінскага катэдральнага касцёла, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У занятках бралі ўдзел вернкіі з розных парафій, у тым ліку прадстаўнікі браслаўскага хора пад кіраўніцтвам Іны Сапун.
Напрыканцы літургіі пробашч браслаўскай парафіі Станіслаў Мжыглуд запрасіў усіх вернікаў наведваць Браслаў не толькі падчас фэсту, але таксама ў кожную першую суботу месяца, калі адбываюцца набажэнствы да Маці Божай Валадаркі азёраў.
Перад благаслаўленнем арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў не губляць надзею тых, хто штогод прыходзіць да цудатворнага абраза з адзінай просьбай, а яна не ажыцяўляецца:
«Будзьце паслухмянымі і пакорнымі так, як Найсвяцейшая Пана Марыя звярталася да тых, хто гуляў на вяселлі ў Кане. Яна казала: „Зрабіце ўсё, што скажа вам мой Сын“. Як у загадзе Езуса Хрыста да апосталаў „закіньце сеткі“ — ідзіце, вяртайцеся ў радасці, у любові, у згодзе і з рэлігійным аптымізмам і гонарам, што са мной вядзе дыялог Сын Божы і Ён мяне запрашае нанава падысці да той ці іншай справы з новым запалам.
І, напэўна, ласка Божая і наша далонь пераменяць нашых мужа, жонку, дзяцей, учыняць нашую сям’ю, нашае грамадства, наш край Божым, людскім. Няхай будзе ў вас гэты запал, няхай будзе ў вас гэтая паслухмянасць наказам Езуса Хрыста», — пажадаў на развітанне арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
На заканчэнне ўрачыстасці быў прачытаны Акт аддання ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.
…Малітвы і спевы каталіцкіх вернікаў, сабраных пры алтары-караблі, узносіліся да нябёсаў разам з урачыстым перазвонам званоў размешчанай побач царквы, у якой браты праваслаўныя ў гэты дзень адзначалі свята Перамянення Пана — «яблычны Спас».