Пошук


У Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад) 8 верасня падчас парафіяльнай урачыстасці Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў абрад благаслаўлення нядаўна ўсталяванага аргана.

Арган у заслаўскім касцёле з’явіўся па ініцыятыве нядаўна прызначанага пробашча ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча. Пасля благаслаўлення інструмента арцыбіскуп Кандрусевіч з радасцю сам першы дакрануўся да клавішаў.

Пры гэтым заслужаны іерарх выказаў спадзяванне, што «гэты музычны інструмент, прывезены ў Беларусь з далёкай Швецыі, будзе спрыяць новай евангелізацыі, бо музыка — без межаў, і яна прыцягвае, як магніт, не толькі вернікаў, але таксама агностыкаў і атэістаў.

Святы Аўгустын кажа, што той, хто спявае, моліцца двойчы. Няхай дзякуючы аргану ў старажытнай святыні старажытнага Заслаўя ўзносіцца да Бога магутная малітва», — выказаў пажаданне арцыпастыр. Ён таксама павіншаваў ксяндза Антонія Клімантовіча з прызначэннем пробашчам у Заслаўі і пажадаў апекі Божай Маці ў яго служэнні.

Дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Уладзімір Неўдах, галоўны арганіст мінскага катэдральнага касцёла і знаўца арганнай справы ў Беларусі, зайграў на аргане на пачатак святой Імшы.

Падзяліць радасць парафіяльнай урачыстасці ў Заслаўе прыбылі святары з бліжэйшых парафій. Шаноўным госцем стаў айцец Вячаслаў Шафарэнка, прадстаўнік заслаўскага праваслаўнага прыхода Кафедральнага сабора Перамянення Гасподняга.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што, калі мы віншуем кагосьці з днём нараджэння, то ў пэўным сэнсе дзякуем як за нараджэнне, так і за жыццё гэтага чалавека. «Сёння мы дзякуем Богу за нараджэнне і жыццё Марыі. Дзякуем Яе бацькам, святым Ганне і Яўхіму, за перададзены Божы дар жыцця, дзякуючы чаму Марыя атрымала магчымасць стаць Маці Збаўцы.

У наш час вострага дэмаграфічнага крызісу праблема захавання народжанага і ненароджанага жыцця становіцца ўсё больш актуальнай. Цунамі абортаў, якое ахапіла свет і таксама нашу краіну, з’яўляецца не чым іншым, як генацыдам народа, які чыніцца рукамі самаго народа», — з горыччу канстатаваў арцыпастыр. Ён дадаў, што найлепшы спосаб ушанаваць Марыю — гэта прыняць Сына Божага, каб, жывучы паводле Яго вучэння, стаць такімі, як Яна: людзьмі, якія, заўсёды жывуць згодна з Божай воляй».

Іерарх нагадаў, што свята нараджэння Марыі адзначае канец лета і пачатак восені. «З ім звязана шмат народных звычаяў, адзін з іх — гэта асвячэнне збожжа на новую сяўбу. Гэта вельмі сімвалічна. Як з Марыі нарадзіўся Збаўца свету, так і з пасеянага зерня нараджаецца новы ўраджай. Менавіта таму ў народнай пабожнасці гэтае свята называецца святам „Маці Божай Сеўнай“. У хрысціянскай рэлігійнай сімволіцы зерне мае глыбокі сэнс, бо яно цесна звязаны з Хлебам вечнага жыцця — Эўхарыстыяй», — заўважыў арцыбіскуп. Каментуючы Евангелле, у якім была прадстаўлена генеалогія Езуса, іерарх адзначыў, што пералічаныя ў ёй асобы з’яўляюцца «святымі і грэшнікамі, мужчынамі і жанчынамі».

«Гэта вельмі сімвалічна, бо яны ўказваюць на місію Езуса, які пасланы нябесным Айцом да ўсіх людзей: да багатых і бедных, слабых і адкінутых, здаровых і хворых, святых і грэшнікаў. Ён прыйшоў у гэты свет перадусім для таго, каб лячыць духоўныя хваробы», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што прыклад Марыі павінен стаць рысай кожнага хрысціяніна, каб прынесці багаты жыццёвы плён.

«Марыя моцна ўвайшла ў гісторыю і культуру нашага народа, і мы павінны браць з яе прыклад», — заахвоціў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

З вуснаў парафіянаў у гэты дзень гучала падзяка за служэнне ў заслаўскай парафіі папярэднім пробашчам. Спачатку ксяндзу Пятру Врубелю, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы і выконвае адмысловую місію, звязаную з душпастырствам беларусаў. З 3 чэрвеня ксёндз Пётр прызначаны душпастырам cупольнасці беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі.

Дзякавалі таксама ксяндзу каноніку Дзмітрыю Пухальскаму, які прычыніўся да духоўнага ўзрастання тутэйшых вернікаў, а таксама да добраўпарадкавання будынку касцёла і правядзення ацяплення.

Словы падзякі былі скіраваны і цяперашняму пробашчу, ксяндзу каноніку Антонію Клімантовічу, які за кароткі час ужо нямала зрабіў для заслаўскай парафіі.

Таксама і з’яўленне ў касцёле новага аргана стала яго заслугай. Жывы інструмент не толькі будзе суправаджаць спеў падчас святой Імшы і іншых набажэнстваў у святыні, але таксама дазволіць праводзіць тут музычныя мерапрымствы, якія ўзбагацяць духоўнае і культурнае жыццё аднаго з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі.

Напрыканцы Імшы пробашч запрасіў прысутных на першае такое мерапрыемства, якое адбудзецца 16 верасня а 16-й гадзіне. Ансамбль салістаў мінскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі прадставіць сваю творчасць падчас канцэрту Cantantibus оrganis.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця