Пошук


18 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе распачаліся традыцыйныя адпустовыя ўрачыстасці.

У другой палове дня на Браслаўскі фэст, тэмай якога сёлета сталі словы: «Марыя Ахоўніца згоды і супакою», прыбылі дзве пешыя пілігрымкі: з Глыбокага і Удзела. Пілігрымаў вітаў на парозе браслаўскай святыні шчырай айцоўскай усмешкай і асвячонай вадой біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У трохдзённай пілігрымцы Глыбокае – Браслаў узялі ўдзел каля сотні асобаў. Яны прайшлі больш за 90 кіламетраў пад кіраўніцтвам пробашча глыбоцкай парафіі ксяндза Мікалая Ціхановіча.

Экстрэмальную пакаянную пілігрымку з Удзела арганізавалі айцы францішкане. Група з дзесяці чалавек, несучы з сабою намёты і крыжы, прайшла за тры дні амаль 100 кіламетраў пад духоўным кіраўніцтвам айца Віктара Мялешкі OFMConv.

Рэдакцыя Сatholic.by сабрала ўражанні ўдзельнікаў абедзвюх пілігрымак.

Насця, 14 гадоў (Глыбокае – Браслаў)

— Я прайшла паўтара дні, а потым стала кепска, мяне забралі на машыне дадому…

Арына, 14 гадоў (Глыбокае – Браслаў)

— У гэтую пілігрымку я пайшла, каб навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі, асабліва гневам. Хочацца навучыцца стрымліваць сабе перад блізкімі, бо на іх часцей за ўсё зрываюся.

Ісці было цяжка, вельмі горача, балела галава. На другі дзень пачалі балець ногі, бо я няправільна апрацавала мазалі. Але пілігрымка мне спадабалася: было крута.

Антон, 12 гадоў (Глыбокае – Браслаў)

— Я нацёр першы мазоль за сем гадоў пілігрымак. Першы, адзіны, але не апошні. Пра інтэцыю не скажу, бо сакрэт, але звязана яна з бацькамі. Было горача, але мы абліваліся вадой, радаваліся жыццю і атрымлівалі асалоду.

У Браслаў ішоў упершыню, да гэтага шэсць разоў быў у пілігрымцы ў Будслаў.

Яна, 14 гадоў (Глыбокае – Браслаў)

— Гэта было цяжка, але яно таго каштавала. Гэта мая чацвёртая пілігрымка; у Браслаў шла другі раз. Прасіла Пана Бога, каб я не збілася з галоўнага шляху. Апошні час малюся менавіта аб гэтым.

Марыя ўсё зробіць, што ў яе папросіш.

Просьбу, з якой я шла ў пілігрымцы ў Будслаў, Яна пачула і дапамагла мне.

Ядвіга Саўчанка (Глыбокае – Браслаў)

— Гэта за мой жыццёвы вопыт, магчыма, 41-я пілігрымка. Росіца, Браслаў, Будслаў…

Я вельмі цешуся, што ідзе так шмат моладзі. Яны такія цудоўныя, культурныя, інтэлектуальныя, добра разважаюць на духоўныя тэмы.

Дзякуй Богу, я стала старэйшым пілігрымам у сваёй группе. Самаму малодшаму было 11 месяцаў. Мы зрабілі здымак, і я прапанавала напісаць на ім «розніца паміж старэйшым і малодшым пілігрымам больш за паўстагоддзя». Гэта ўспрымаецца з усмешкай, але я лічу, што для моладзі гэта сведчанне веры, што ў пілігрымку ідуць людзі ўсіх пакаленняў, усіх узростаў.

Пілігрымка — гэта самы шчаслівы момант у жыцці. Ты свае цяжкасці давяраеш Айцу. У пілігрымцы развіваюцца мужнасць для вызнавання веры і ўменне давяраць свае праблемы Богу.

Буду казаць за сябе: вельмі часта намагаюся ўсё самастойна вырашыць, а потым , калі сутыкаюся с глухой сцяной, разумею, што сама нічога не магу. Пытанне: чаму ты адразу не магла пачаць з даверу Богу?.. Такі мой стан зараз, такі духоўны ўзрост, які сфармаваўся толькі дзякуючы пілігрымкам.

Былі цікавыя канферэнцыі, цікавыя разважанні. Сёння прагучалі сведчанні з Дзён моладзі ў Лісабоне. У мяне ціха цяклі слёзы, але гэта былі слёзы радасці. Раней у нас не было такой магчымасці, але зараз я магу цешыцца за іншых. Гэта таксама Божая ласка.

Я ўсім жадаю пры магчымасці хоць адзін раз у жыцці пайсці ў пілігрымку, каб атрымаць гэты досвед.

У пілігрымцы ў Браслаў я прасіла, каб Мама Марыя навучыла любіць. Марыя — Маці супакою. Калі будзе супакой ў нашых сэрцах, у нашых сем’ях? — Толькі калі будзе любоў.

Я прашу, каб Марыя навучыла мяне прымаць усіх такімі, якія яны ёсць. Чужых заўсёды лягчэй прымаць, але родных, калі нехта не ідзе ў касцёл, а хочацца ім штосьці даказаць, сказаць…Таму вучуся быць сведкам духоўнага і рэлігійнага жыцця там, дзе я ёсць. Гэта вялікая ласка.

Аляксей Гардымаў (Удзела – Браслаў)

— Мне заўсёды лёгка ісці. Балюча, але праз боль мне лягчэй быць бліжэй да Бога, адкрываецца нешта ўнутранае. Наша піліграмка ахвяравала свой боль за Касцёл, за людзей, за сем’і. Гэта мая другая пакаянная пілігрымка ў Браслаў, і, можа, чацвёртая ў жыцці.

Айцец Віктар Мялешка OFMConv (Удзела – Браслаў)

— Пілігрымка прайшла ў змаганні са слабасцямі, досведам чалавечай абмежаванасці і моцы Божай. Сапраўды, кожны крок быў ахвярны.

Па дарозе мы наведвалі вёскі, хутары, сустракалі цікавых людзей, прасілі ў іх вады, яблыкі, або проста стаялі пад ценямі іх дрэваў. Атрымалася паспавядаць некалькі старэйшых асоб, якія ўвогуле былі няверучымі. Паразмаўлялі трохі. Было файна.

Для мяне гэтая пілігрымка была як падсумаванне ўсяго лета. Шмат працаваў, былі рэкалекцыі, летнікі, канікулы з Богам, таму я сам скарыстаўся з гэтага падарожжа, у мяне быў поўны ўдзел. Я быў пастырам, але ў мяне не было шмат працы. Сярод нас былі ўсе дарослыя, не трэба было нікога даглядаць, кожны ішоў сам, нават на адлегласці, у цішыні ўвесь час. Таму я і для сябе прайшоў гэты шлях.

Антон, 16 гадоў (Удзела – Браслаў)

— Раней я хадзіў толькі ў гэтую пакаянную пілігрымку ў Браслаў. Гэта мой трэці раз, асаблівы, бо скончыцца сакрамэнтам канфірмацыі. У пілігрымцы рыхтаваўся да яго, маліўся за сабе, а таксама далучаўся да агульных інтэнцый.

Першы дзень мы чынілі пакаянне за свае грахі, потым за грахі блізкіх, а ў трэці дзень — за грахі народа.

Пасля прывітання пілігрымаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі правёў у касцёле канферэнцыю для сужонкаў, якая завяршылася аднаўленнем сужэнскай прысягі вернасці і любові на ўсё жыццё.

Увечары перад цудадзейным абразом Валадаркі азёраў адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На першай Эўхарыстыі Браслаўскага фэсту іерарх шчыра прывітаў усіх прысутных, пілігрымаў з усіх куткоў Беларусі, а перадусім тых, хто прыйшоў на свята пешкі, нягледзячы на спякоту і цяжар дарогі.

Падчас Імшы пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі разам з біскупам Касабуцкім удзяліў сакрамэнт канфірмацыі больш як 70-і маладым вернікам. Разам з іерархамі Эўхарыстыю канцэлебравалі Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду архімандрыт Сяргей Гаек і святары з розных мясцін.

Прыгожым спевам літургію аздобіў хор, у склад якога ўвайшлі ўдзельнікі летняй школы спеву, што на працягу тыдня праходзіла ў Браславе пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха і арганісткі браслаўскай парафіі Іны Сапун.

 

Абноўлена 20.08.2023 08:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.