Пошук

07.02.2023 09:58   ave-maria.by

Выйшаў у свет першы ў гэтым годзе, падвойны нумар часопіса «Ave Maria» № 1–2 (334–335).

Кароткі агляд нумару пададзены на інтэрнэт-старонцы часопіса ave-maria.by.

«Чалавек можа ахвяраваць сябе ў поўнай меры толькі тады, калі любіць, а любіць тады, калі пазнае Бога». Гэтае выказванне арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, угрунтаванае на вучэнні Бэнэдыкта XVI, нібы падагульняе змест усіх матэрыялаў студзеньска-лютаўскага нумара часопіса «Ave Maria». Яно паходзіць са Слова на 2023 Пастырскі год «Апостальства свецкіх — надзея Касцёла ў Беларусі» (у часопісе публікуюцца яго фрагменты), дзе арцыбіскуп раскрывае неацэнную ролю свецкіх у развіцці Касцёла сярод выклікаў і крызісаў сучаснага свету. Нездарма аўтар у гэтым Слове звярнуў асаблівую ўвагу на актуальнае вучэнне Бэнэдыкта XVI, які з’яўляўся вялікім тэолагам сучаснасці і адышоў да Пана ў апошні дзень мінулага года.

У часопісе змешчаны «Духоўны тэстамэнт Папы Бэнэдыкта XVI», дзе Святы Айцец паказвае, што толькі Езус з’яўляецца шляхам, які вядзе да сапраўднай мэты.

Пазнанне гэтай мэты, пазнанне Бога — складанае, важнае і творчае заданне для свецкіх людзей, апостальству якіх сёлета будзе ўдзяляцца шмат увагі на старонках выдання. Пра гэта кажа рэдактар часопіса Крыстына Лялько ў слове рэдактара «Хрысціянін — гэта місіянер Хрыста».

Асвятленне гэтай тэматыкі ў новым нумары распачынаецца з руху «Маці ў малітве».

Пра гісторыю яго стварэння, пра яго пашырэнне ў Беларусі распавядае Галіна Горская ў сваім матэрыяле «Міжнародны рух „Маці ў малітве“ — школа даверу да Бога». Яна таксама прапануе чытачам інтэрв’ю з каардынатарам руху ў Беларусі Людмілай Губінай («Для гэтага трэба моцна верыць…»), дзе вядзецца гутарка пра важнасць мацярынскай малітвы, якая дапамагае перажыць жыццёвыя выпрабаванні і прыняць Божую волю.

Сведчаннем таго, які плён у жыцці можа прынесці малітоўная практыка руху «Маці ў малітве», дзеліцца Алена Бацкалевіч у артыкуле «Для нас гэта — дар з неба». Пра розныя духоўныя аспекты мацярынства, нюансы хрысціянскага сталення і ўспрыняцце сябе як Божага стварэння разважаюць іншыя аўтары часопіса. Сярод іх — айцец Юрый Кулай OCD, які вядзе пастаянную рубрыку «Школа малітвы» (артыкул «Нялёгкі шлях да сталасці»). Аўтар пастаяннай рубрыкі «Старонка касцёльнага суддзі» ксёндз Кірыл Бардонаў адказвае на пытанне: «Ці можна выканаць абавязак быць на нядзельнай Імшы ў іншы дзень тыдня?».

Рэдакцыя часопіса віншуе з юбілеем выдатную хрысціянскую пісьменніцу Ірыну Жарнасек, якая шмат зрабіла для развіцця каталіцкага друку і на працягу 22-х гадоў была рэдактарам часопіса для дзетак «Маленькі рыцар Беззаганнай».

На вокладцы часопіса чытачы знойдуць «Навэнну да святога Казіміра».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця