Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
АПОСТАЛЬСТВА СВЕЦКІХ — НАДЗЕЯ КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСІ
Слова на 2023 Пастырскі год
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Увосень 2023 і 2024 гадоў у Ватыкане пройдзе заключны этап XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».
Ідэя сінадальнасці Касцёла існавала ад яго пачаткаў, аб чым нагадваюць Дзеі Апосталаў, калі касцёльныя справы вырашаліся супольна (пар. Дз 4, 32-37; 15, 1–35). Вучаць аб гэтым і Айцы Касцёла. Так, святы Кіпрыян Карфагенскі ў ІІІ стагоддзі пісаў: «Nihil sine episcopo, nihil sine concilio vestro, et sine concilio plebis». Гэта азначае, што ў Касцёле нічога не можа адбывацца без біскупа, а таксама без кансультацый са святарамі і вернікамі.
Кантынентальны этап Сінду біскупаў аб сінадальнасці, які завяршыўся ў мінулым годзе, паказаў вострую неабходнасць больш актыўнага ўдзелу свецкіх вернікаў у ажыццяўленні місіі Касцёла ў наш час. Зыходзячы з гэтага, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 2023 Пастырскі год вырашыла прысвяціць свецкім пад дэвізам: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі».
Свецкія, якія складаюць асноўную частку Касцёла, з’яўляюцца своеасаблівым «барометрам» яго стану і могуць шмат сказаць не толькі аб яго дасягненнях, але і праблемах. Нездарма ў вучэнні Другога Ватыканскага Сабору, а таксама Папаў святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка чырвонай ніткай праходзіць ідэя служэння свецкіх у Касцёле на сучасным этапе яго развіцця.
Неабходна супольна — духоўным і свецкім — услухоўвацца ў голас Духа Святога, што Ён кажа нам сёння ў складаны час гісторыі чалавецтва з яго небяспечнымі выклікамі. Неабходна слухаць Яго голас, які словамі прарока Ісаі кажа: «Вось, Я чыню новае, і цяпер збудзецца; ці ж вы не пазнаеце гэтага? Вось жа, пакладу дарогу праз пустыню, а на бездарожжы — рэкі» (Іс 43, 19). Вельмі важна ўмець бачыць новыя рэчы, якія дзякуючы дзеянню Духа Святога адбываюцца сярод нас, у Касцёле і свеце.
Сучасны свет напоўнены прарокамі катаклізмаў. У той жа час у ім мала прарокаў надзеі, дзякуючы якім чалавек мог бы адшукаць веру ў перамогу праўды, справялівасці і дабра.
Хрысціянства перажывае пэўны парадокс. З аднаго боку, павялічваецца колькасць людзей, якія жывуць так, як быццам Бог не існуе. Таксама вялікую трывогу выклікае рэлігійная абыякавасць. З іншага ж боку, нягледзячы на ўплыў секулярызму і маральнага рэлятывізму, відавочны якасны прагрэс веры ў жыцці свецкіх. Нягледзячы на евангельскі радыкалізм, нямала з іх цікавіцца Евангеллем, хоча жыць яго праўдай і несці яе тым, хто яшчэ яе не пазнаў або забыўся. Гэта — творчая праслойка сучаснага хрысціянства, якая вызначае яго будучыню.
2. У мінулым годзе мы адзначалі 60-годдзе з часу распачацця Другога Ватыканскага Сабору, які стаў новым Спасланнем Духа Святога з мэтай аднаўлення жыцця Касцёла згодна з патрабаваннямі і знакамі часу. Галоўнае яго заданне акрэсліў святы Папа Ян ХХІІІ італьянскім словам aggiornamento, што можна перакласці як асучасніванне. Гэтае слова трэба разумець не як прыстасаванне да духу часу, а як актуалізацыю, якая грунтуецца на непарыўнай Традыцыі Касцёла.
Чацвёрты раздзел галоўнага дакумента Другога Ватыканскага Сабору Дагматычнай кастытуцыі пра Касцёл «Lumen gentium» прысвечаны свецкім вернікам (гл. LG 30–38). Рэвалюцыйным дакументам Сабора з’яўляецца Дэкрэт пра апостальства свецкіх «Apostolicam actuositatem».
У гэтых дакументах Сабор акрэсліў асаблівы і неабходны ўдзел свецкіх вернікаў у місіі Касцёла. Іх апостальская дзейнасць вынікае з хрысціянскага паклікання. Умовы сучаснага жыцця з адыходам ад этычнага і рэлігійнага парадку і небяспекай для хрысціянскага жыцця патрабуюць больш інтэнсіўнага і шырэйшага апостальства свецкіх, сфера дзейнасці якіх з дня на дзень пашыраецца. Ужо шэсць дзесяцігоддзяў таму Сабор ясна і недвузначна падкрэсліў, што Касцёл без супрацоўніцтва свецкіх амаль перастаў бы існаваць (пар. АА 1).
Сабор растлумачыў сутнасць апостальства свецкіх, яго характар і разнастайнасць, а таксама прадставіў яго асноўныя прынцыпы і даў пастырскія ўказанні для больш плённага яго ажыцяўлення (пар. АА 1). Нездарма падчас Сабору пачалі гаварыць, што надышоў час свецкіх вернікаў.
3. Наступным этапам у развіцці вучэння пра апостальства свецкіх з’яўляецца Апостальская адгартацыя святога Яна Паўла ІІ пра пакліканне і місію свецкіх у Касцёле і свеце «Christfideles laici» (1988). У ёй Папа правёў аналіз саборнага вучэння і ўзбагаціў яго паслясаборнай практыкай. Нягледзячы на тое, што прайшло 35 гадоў ад яе прыняцця, тым не менш яна прадцягвае заставацца актуальным дапаможнікам у галіне апостальства свецкіх у Касцёле і свеце.
Святы Ян Павел ІІ падкрэслівае, што мэтай жыцця свецкага католіка з’яўляецца пазнанне радыкальнага хрысціянскага вучэння, што вынікае з сакрамэнту хросту, каб выконваць свае жыццёвыя абавязкі згодна з атрыманым ад Бога пакліканнем (пар. ChL 10).
У сакрамэнце хросту, згодна са словамі святога апостала Паўла, нараджаецца новая хрысціянская тоеснасць: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Вырашальная роля хросту заключаецца ў перажыванні сустрэчы з Хрыстом, якое з’яўляецца зваротным момантам у жыцці чалавека. Хрысціянства — гэта не дактрына, але сустрэча з асобай Езуса Хрыста, які адкрывае чалавеку новыя гарызонты і такім чынам надае яго жыццю боскі кірунак (пар. RH 10), вучыць святы Ян Павел ІІ.
4. Святой памяці Папа Бэнэдыкт XVI таксама зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё вучэння аб місіі свецкіх як у жыцці Касцёла, так і свету. Тры яго энцыклікі «Deus caritas est» — «Бог ёсць любоў» (2005), «Spe salvi» — «Збаўленыя праз надзею» (2007) і «Caritas in veritate» — «Любоў у праўдзе» (2009) разам з першай энцыклікай Папы Францішка «Lumen fidei» — «Святло веры» (2013), якую пачаў апрацоўваць Папа Бэнэдыкт XVI, прадстаўляюць сабой трыпціх асноўных тэалагічных цнотаў: веры, надзеі і любові.
З пункту гледжання місіі католікаў у сучасным свеце, асблівую ўвагу заслугоўвае энцыкліка «Caritas in veritate» — «Любоў у праўдзе». У ёй, як і ў шматлікіх іншых тэкстах, Папа Ратцынгер як рэфрэн паўтарае заклік да аўтэнтычнага хрысціянства, да асабістай еднасці з Богам і да вяртання вучням Хрыста іх хрысціянскай тоеснасці.
Чалавек развіваецца, калі духоўна ўзрастае, калі яго душа ведае сябе і праўду, зародак якой Бог змясціў у ім, і калі вядзе дыялог з самім сабой і са сваім Творцам (пар. CV 76). Кіруючыся маральнымі нормамі, католікі, перадусім свецкія, павінны займацца эканамічна-палітычнай (пар. CV 32), культурна-грамадскай (пар. CV 59) і навукова-этычнай (пар. CV 53) дзейнасцю.
Бэнэдыкт XVI вучыць, што «маральныя ацэнкі i навуковыя даследаванні павінны ўзрастаць разам, а любоў павінна ажыўляць іх, каб яны стваралі адну гарманічную міждысцыплінарную цэласнасць, якая складаецца з еднасці i адрознення. Сацыяльнае вучэнне Касцёла <…> у гэтай перспектыве можа выконваць надзвычай плённую ролю. Яно дазваляе веры, тэалогіі, метафізіцы i навукам знайсці сваё месца ў рамках супрацоўніцтва дзеля служэння чалавеку» (пар. CV 31).
У энцыкліцы праглядаюцца прыярытэты вучняў Хрыста ў іх трохмерным вымярэнні: пазнанне як сузіранне; любоў як caritas і дзеянне як ахвяра. Пазнанне як сузіранне шукае Божай праўды. Бескарыслівая любоў з’яўляецца сапраўднай. Кіруючыся такой любоўю, чалавек можа дзейнічаць ахвярна.
Такім чынам у вучэнні Бэнэдыкта XVI фармулюецца наступнае правіла: чалавек можа ахвяраваць сябе ў поўнай меры толькі тады, калі любіць, а любіць тады, калі пазнае Бога. Адсюль можна зрабіць выснову, што місія католікаў у сучасным свеце можа быць апісана наступнай фразай: «Ад сузірання праз любоў да ахвяры».
5. Папа Францішак далей развівае вучэнне сваіх папярэднікаў і асабліва вучэнне святога Яна Паўла ІІ. Апостальскія адгартацыі Францішка «Evangelii gaudium» — «Радасць Евангелля» і «Gaudete et exultate» — «Радуйцеся і весяліцеся» неабходна чытаць разам з Апостальскай адгартацыяй святога Яна Паўла ІІ «Christifideles laici».
Пантыфік звяртае ўвагу на тое, што гадзіннік, які на другім Ватыканскім Саборы паказаў час свецкіх вернікаў, на жаль, спыніўся. А калі так, то яго неабходна запусціць нанава.
Неабходна памятаць, што праблема паклікання і місіі свецкіх у Касцёле і свеце не з’яўляецца справай моды, якая прыходзіць і адыходзіць. Яна нараджаецца з эклезіялогіі. Кожны хрысціянін мае сваю ролю і заданне як унутры касцёльнай супольнасці ad intra, так і ў адносінах да свету ad extra. У Касцёле няма месца для заўзятараў і пасіўных назіральнікаў. Хрысціянін павінен актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла і несці за яго адказнасць. Месцам паклікання свецкіх з’яўляецца навакольны свет: сям’я, праца, палітычна-грамадскае жыццё, культура, адукацыя, СМІ і г.д. Прыгожа аб гэтым сказаў старажытны аўтар Ліста да Дыягнета: «Чым з’яўляецца душа ў целе, тым хрысціянін — у свеце».
6. Вучэнне другога Ватыканскага Сабору, святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка лагічна прывяло да Сіноду аб сінадальнасці. Таму рашэнне Пантыфіка аб правядзенні гэтага касцёльнага форуму не было спантанным, але з’яўляецца плёнам эвалюцыі эклезіялогіі і звяртае асаблівую ўвагу на ролю свецкіх у жыцці і місіі Касцёла.
27 кастрычніка 2022 года быў абвешчаны працоўны дакумент кантынентальнага этапу Сіноду, які падкрэслівае, што «калі Касцёл не будзе сінадальным, то ніхто не будзе адчуваць сябе ў ім па-сапраўднаму як дома». Таму існуе вострая неабходнасць абудзіць спячага велікана, якім з’яўляюцца свецкія, для далейшага паспяховага развіцця Касцёла і адказу на выклікі часу.
7. Гэты сінадальны пастулат мае вялікае значэнне для Касцёла ў Беларусі, які перажыў доўгі этап ганенняў і цяпер перажывае час нялёгкага адраджэння. Гістарычна сталася так, што ў свядомасці большасці нашых вернікаў і духоўных асоб асноўную адказнасць за Касцёл нясуць біскупы, прэзбітэры, дыяканы і кансэкраваныя асобы.
Між тым Касцёл — гэта не толькі Папа, біскупы, прэзбітэры, дыяканы і кансэкраваныя асобы, але ўвесь Божы народ, пераважную большасць якога складаюць менавіта свецкія вернікі. Таму яны, як вялікі і не да канца выкарыстаны патэнцыял, павінны прабудзіцца з летаргічнага сну і актыўна ўключыцца ў жыццё Касцёла і вырашэнне яго праблем. Без іх Касцёл не будзе ў поўнай меры такім, якім ён павінен быць, а менавіта пілігрымуючым і місійным, які сумесна з Божым народам вырашае свае праблемы.
8. У час адыходу ад Бога і панавання постхрысціянскай культуры ўсё часцёй узнікаюць наступныя пытанні: ці ў сучасным свеце Касцёл не ўспрымаецца як чужынец або іншароднае цела? як жыць у грамадстве, якое адмаўляецца ад хрысціянскай культуры? ці Касцёл можа адысці ад свету, у якім павінен быць святлом (пар. Мц 4, 14) і закваскай (пар. Мц 13, 33)? Гэтыя пытанні — знак хранічнай хваробы Касцёла.
Сваё важкае слова з мэтай яго лячэння павінны сказаць свецкія вернікі. У гэтым працэсе трэба бачыць не моду, якая мінае, але modus agendi — спосаб дзеяння з мэтай удасканалення дзейнасці Касцёла і адказу на выклікі часу. Нездарма працоўны дакумент кантынентальнага этапу Сіноду падкрэслівае, што «дынаміку сумеснай адказнасці» неабходна разглядаць з пункту гледжання «служэння агульнай місіі», а не «падзелу роляў і паўнамоцтваў» у Касцёле.
Такое сцвярджэнне з’яўляецца навіной сінадальнага працэсу, бо Касцёл — гэта не парламэнт, а супольнасць вернікаў, якая, услухоўваючыся ў голас Духа Святога, супольна шукае шляхі ўдасканалення з мэтай аб’яўлення Хрыста Збаўцы свету.
Усё гэта азначае, што Касцёл у Беларусі павінен перайсці на рэйкі сінадальнсці з больш актыўным удзелам у ім свецкіх вернікаў.
9. Касцёл у нашай Бацькаўшчыне ўдзячны свецкім вернікам за ўдзел у яго адраджэнні і дзейнасці, што праяўляецца перадусім у аднаўленні старых і будаўніцтве новых касцёлаў, катэхізацыі, дабрачыннасці, СМІ, арганізацыі пілігрымак і іншых акцыях.
Лацінскі выраз кажа: «Qui non progredit, regredit» — «Хто не развіваецца, той дэградуе». Таму нельга спачываць на лаўрах: трэба ўдасканальвацца, калі хочам своечасова і кваліфікавана адказваць на выклікі часу і ажыццяўляць ідэю сінадальнасці ў нашым Касцёле.
Гэтаму перадусім будзе спрыяць:
- вывучэнне вучэння Другога Ватыканскага Сабору, святога Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI, Францішка і іншых дакументаў пра ролю свецкіх у Касцёле індывідуальна, у парафіяльных і іншых супольнасцях;
- духоўная, тэалагічная і пастырская фармацыя свецкіх у тэалагічных каледжах у Гродне і Мінску, а таксама ў катэхетычным каледжы ў Баранавічах;
- падрыхтоўка сямейных кансультантаў у школах сямейнага жыцця ў Гродне, Лідзе і Мінску;
- арганізацыя біблійных і іншых духоўна-пастырскіх колаў пры парафіях;
- прызначэнне на ўзроўні Канферэнцыі Біскупаў і паасобных дыяцэзій мадэратараў малітоўных спольнасцяў свецкіх вернікаў, апрацоўка гадавой праграмы іх сустрэч, а таксама арганізацыі адмысловых сімпозіюмаў ці канферэнцый на тэму служэння свецкіх у Касцёле.
10. Пры гэтым трэба памятаць аб тым, што сінадальнасць прынясе плён толькі тады, калі ў цэнтры жыцця чалавека будзе знаходзіцца Бог. Мы павінны прыслухоўвацца да Яго голасу, а не да голасу свету.
На жаль, далёка не заўсёды так ёсць. Галоўная праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён перажывае крызіс прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Таму мы з трывогай услухоўваемся ў словы Хрыста: «Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?» (пар. Лк 18, 8).
У чалавека ёсць толькі адна альтэрнатыва: «Бог або нічога». Выбар залежыць ад нас. Крызіс веры ў Бога вядзе да крызісу чалавека.
Таму нельга забывацца пра галоўнае, а менавіта пра стан веры сучаснага чалавека. Першапрычына крызісу Касцёла і свету ў крызісе веры. Без аднаўлення веры ўсе рэформы не прынясуць пажаданага выніку. Таму ў клопаце пра сінадальнасць Касцёла і дзейсны ўдзел свецкіх у яго жыцці, неабходна будаваць салідны падмурак веры згодна са словамі святога апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця» (пар. Ян 6, 68).
Тое, што чалавечае, можа зменяцца, але боскае — ніколі. Таму мы павінны мець адвагу сказаць свету «не», каб быць вернымі Евангеллю, як кажа Папа Францішак.
Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, Маці Касцёла, у год срэбранага юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, на шлях умацавання веры і больш актыўнага ўдзелу свецкіх у жыцці Касцёла, каб ён быў нашай надзеяй, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 8 студзеня 2023 года, свята Хросту Пана
Выкарыстаная літаратура і скарачэнні:
- Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium» (LG).
- Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра апостальства свецкіх «Apostolicam actuositatem» (АА).
- Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Redemptor hominis» (RH).
- Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя «Christfideles laici» (ChL).
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Deus caritas est».
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Spe salvi».
- Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Caritas in veritate» (CV).
- Францішак. Апостальская адгартацыя «Evangelii gaudium».
- Францішак. Апостальская адгартацыя «Gaudete et exultate».