22–23 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх.
Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у нашыя дні гэтая супольнасць з’яўляецца шматлікай і моцнай групай, на якую Касцёл разлічвае як на адданых людзей, што дапамагаюць яму абараняць прынцыпы хрысціянскай веры і маральнасці, даючы сведчанне пра Хрыста сваім жыццём, учынкамі, словамі і працай.
Праграма сустрэчы ўключала Эўхарыстыю, Літургію гадзінаў, малітву Ружанца, Крыжовы шлях, Вяночак да Божай Міласэрнасці, канферэнцыі, начное чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Святую Імшу ў нядзелю 23 чэрвеня ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
«Свецкія францішкане з’яўляюцца „часткай Касцёла, які вырушае ў дарогу“; яны пакліканы сведчыць пра Езуса праз простае жыццё, без прэтэнзій, заўсёды з радасцю ідучы за бедным і ўкрыжаваным Хрыстом, як рабіў святы Францішак Асізскі і многія іншыя члены ордэна, заснаванага ім», — адзначыў іерарх.
Ён заахвоціў удзельнікаў сустрэчы «адкрыць сэрцы на Бога, адкрыць сэрцы Хрысту, жывучы сярод звычайных людзей у духу святога Францішка». «Як Францішак быў „адлюстраваннем Хрыста“, так „адлюстраваннем Хрыста“ можаце стаць і вы», — дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Пасля заканчэння Эўхарыстыі біскуп благаславіў у Марыйным садзе фігуры святых Францішка, Рыты і Антонія.
Супольная малітва, яркія ўражанні, цёплыя размовы і добрае надвор’е стварылі на сустрэчы надзвычай утульную атмасферу любові і адзінства.
Напрыканцы сустрэчы кусташ санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі скіраваў яе ўдзельнікам пажаданне: «Няхай ваша свецкае жыццё будзе напоўнена блізкасцю, спагадай, надзеяй, якая аздараўляе жыццёвыя сітуацыі і адносіны паміж людзьмі».