Пошук

18.09.2024 19:47   Тэкст і фота: Ірэна Туровіч / Pio.by / Catholic.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) адбылася сустрэча для фарматараў і ўдзельнікаў фармацыі Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС).

Як паведамляецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Маладзечне Pio.by, у сустрэчы ўзялі ўдзел каля паўсотні братоў і сясцёр з розных куткоў Беларусі.

Сустрэча распачалася са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Павел Раманчук OFMConv. Гамілію да членаў супольнасці прамовіў нацыянальны асістэнт ФОС у Беларусі брат Андрэй Букштан OFMCap. Ён падкрэсліў, што Крыж, узнесены над зямлёю, дадзены нам для радасці: каб мы адкрывалі прысутнасць Бога ў гэтым Крыжы; каб ведалі, што гэта момант нашага навяртання; каб у ім убачылі Бога, які прабачае, які ніколі нас не забівае, а заўсёды дае нам шанц на жыццё. Гэты шанц — у Яго Сыне Укрыжаваным.

Пасля Імшы айцец Яўген прамовіў да ўдзельнікаў сустрэчы канферэнцыю на тэму «Тры слупы пастаяннай фармацыі ў Францішкансцім ордэне свецкіх».

Святар патлумачыў, што фармацыя — гэта працэс паступовага ўдасканалення асобы да пэўнай формы.

\Узорам дасканаласці для кожнага хрысціяніна з’яўляецца Хрыстус. Хрысціянская фармацыя кіруе да Хрыста, каб стаць падобнымі да Яго, каб Яго ўбачыць і ісці за Ім.

Трыма слупамі, на якіх трымаецца францішканская фармацыя, з’яўляюцца супольнасць, Божае Слова і Літургія.

Айцец Яўген адзначыў, што францішканскі стыль фармацыі заключаецца ў выхаванні сябе ў пошуку Хрыста, жаданні жыць Евангеллем, быць адкрытым на патрэбы іншага чалавека і самае галоўнае — у асабістым навяртанні, якое з’яўляецца ключом францішканскай фармацыі.

Напрыканцы сустрэчы для ўсіх лакальных супольнасцяў ФОС была прапанаваная сістэма «інструментаў» для пастаяннай фармацыі ордэна свецкіх.

 

Абноўлена 18.09.2024 19:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.