Пошук

30.09.2023 15:49   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

30 верасня апоўдні ў пабэрнардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне адбылася святая Імша для ўдзельнікаў сімпозіума, прысвечанага пастырскаму году свецкіх і Сіноду біскупаў пра сінадальнасць.

Пасля першай сесіі прадстаўнічага форуму, які праходзіць у Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, удзельнікі сабраліся на святую Імшу ў найстарэйшай каталіцкай святыні горада над Нёманам.

Цэлебрацыю ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Разам з ім маліліся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, навучэнцы беларускіх каталіцкіх навучальных устаноў, вернікі з Гродна і іншых мясцін.

Вітаючы напачатку ўдзельнікаў Эўхарыстыі ў літургічны ўспамін святога Гераніма, святара і доктара Касцёла, Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў словы гэтага славутага перакладчыка Бібліі пра тое, што няведанне Святога Пісання азначае няведанне Хрыста.

Звяртаючыся перадусім да семінарыстаў і навучэнцаў беларускіх каталіцкіх навучальных устаноў, біскуп Буткевіч заахвоціў іх на пачатку навучальнага года старанна вывучаць тэалагічныя дысцыпліны, каб глыбей пазнаёміцца з Хрыстом, лепш разумець сваю веру і плённа абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце.

Божае слова падчас святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч. У сваёй гаміліі заслужаны іерарх перадусім падкрэсліў, што сучасны свет секулярызуецца і адначасова перажывае голад духоўнасці. Cекулярызацыя, паводле яго, гэта не адміранне хрысціянства, але Божы выклік, штуршок да яго лепшага пазнання, ачышчэння і паглыблення. Арцыпастыр дадаў, што новыя ўмовы жыцця і працы Касцёла нясуць з сабою новыя магчымасці і неабходнасць выплысці на глыбіню.

«Секулярнае грамадства, часткай якога мы з’яўляемся, — гэта тая сучасная Галілея, дзе трэба шукаць Езуса. Гэта заданне Касцёла, які складаецца не толькі з духавенства, але перадусім са свецкіх, на сучасным этапе яго развіцця», — заўважыў арцыпастыр, дадаўшы, што ўзаемадзеянне паміж духоўнымі і свецкімі — гэта задатак поспеху місіі Касцёла ў сучасным свеце.

«Духоўныя і свецкія не павінны лічыць адзін аднаго супернікамі, а супрацоўнікамі на ніве Пана дзеля збаўлення чалавека і вырашэння надзённых праблем. Бог для кожнага з нас вызначыў сваю місію, якую трэба прыняць з пакорай, не змяняючы Божага плану», — сказаў напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 02.10.2023 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа