Пошук

30.09.2023 11:46   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Раніцай 30 верасня ў Гродне распачаўся сімпозіум, прысвечаны пастырскаму году свецкіх, які па рашэнні епіскапату праходзіць сёлета ў Касцёле на Беларусі, а таксама Сіноду біскупаў пра сінадальнасць.

У пасяджэнні, якое праходзіць у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, бяруць удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты і навучэнцы беларускіх каталіцкіх навучальных устаноў. Тэма сімпозіума сугучная з тэмай пастырскага года: «Апостальства свецкіх — надзея Касцёла ў Беларусі».

Першая сесія распачалася супольным спевам старадаўняга рэлігійнага гімна «Багародзіца», у якім удзельнікі прасілі заступніцтва Маці Касцёла, пасля чаго мадэратар сімпозіума ксёндз канонік Павел Салабуда распачаў форум, прывітаўшы прысутных і запрасіўшы арцыбіскупа Кандрусевіча выступіць з уступным словам.

Напачатку заслужаны іерарх нагадаў, што 4 кастрычніка ў Ватыкане распачнецца Генеральная асамблея Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».

«Ідэя сінадальнасці ў Касцёле існавала ад пачатку яго гісторыі», — адзначыў перадусім арцыбіскуп Кандрусевіч, спаслаўшыся на Дзеі Апосталаў, якія сведчаць пра тое, што касцёльныя справы ў першыя дзесяцігоддзі хрысціянства вырашаліся супольна. Гэта пацвярджаецца таксама вучэннем айцоў Касцёла. Арцыпастыр заўважыў, што Сінод пра сінадальнасць прысвечаны таму, як жыць згодна з вучэннем Евангелля ў еднасці і на супольнай дарозе ўсіх членаў Касцёла, дадаўшы, што ў апошнія часы звяртаецца ўсё большая ўвага на ролю свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла, ажыццяўленні яго місіі і вырашэнні праблем, з якімі ён сутыкаецца.

Пры гэтым арцыбіскуп падкрэсліў, што для Папы Францішка вельмі важнай з’яўляецца здаровая свецкасць, якая не паддаецца ўплывам секулярызму, што негатыўна рэагуе на сакральнае.

«На вялікі жаль, далёка не заўсёды так ёсць у жыцці, для чаго існуе нямала аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. У нашым геапалітычным асяроддзі вялікі негатыўны ўплыў на фармацыю свецкіх мела палітыка ваяўнічга атэізму. Сучасныя тэндэнцыі лібералізму, секулярызму і маральнага рэлятывізму таксама не спрыяюць гэтаму працэсу.

Тым не менш, пасля трох дзесяцігоддзяў адраджэння, недапушчальна казаць, што Касцёл у Беларусі ўсё яшчэ недастаткова падрыхтаваны да таго, каб арганізаваць адмысловую фармацыю свецкіх. Гэта выклік нашага часу, на які трэба адказаць, і заданне, якое неабходна выканаць», — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Вялікі патэнцыял свецкіх павінен адпаведна выкарыстоўвацца, — лічыць іерарх. — Без свецкіх апостальства пастыраў не будзе цалкам эфектыўным, а Касцёл — у поўнай меры дынамічным Божым народам. Гэта заданне, якое стаіць як перад паўсюдным, так і перад беларускім Касцёлам. Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 2023 Пастырскі год прысвяціла свецкім вернікам. Мы яго адзначаем з надзеяй, што ён дапаможа нам лепш зразумець ролю свецкіх у жыцці беларускага Касцёла і адказнасці за яго, а таксама ў развіцці больш крэатыўнага дыялогу паміж духоўнымі і свецкімі», — выказаў спадзяванне арцыпастыр.

«Пры гэтым трэба памятаць, што Касцёл — гэта не парламент, дзе ўсё вырашаецца большасцю галасоў.

У Касцёле кожны мае сваё месца: сваё пакліканне, сваё заданне і сваю місію. Таму трэба асцерагацца спакусы клерыкалізацыі свецкіх і лаіцызацыі духоўных», — зрабіў выснову арцыбіскуп Кандрусевіч.

Паводле яго, сімпозіум дапаможа лепш зразумець, што Касцёл — гэта супольнасць, у жыцці якой бяруць удзел усе яго члены: духавенства і свецкія; стане ўнёскам беларускага Касцёла ў Сінод Біскупаў згодна з дасведчаннем веры нашага народа, якім мы павінны ганарыцца; дасць новы імпульс для лепшага разумення ролі свецкіх у Касцёле на Беларусі, а таксама іх больш інтэнсіўнай, крэатыўнай і адказнай актыўнасці ў супрацоўніцтве з духоўнымі асобамі; праз слуханне і распазнаванне, да чаго заклікае Папа Францішак, стане шляхам да большай еднасці і сумеснага вырашэння надзённых праблем Касцёла, а таксама будзе спрыяць новай евангелізацыі як галоўнаму заданню Касцёла на сучасным этапе яго развіцца.

З такімі думкамі і пажаданнямі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў сімпозіум адкрытым.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа