Пошук

15.07.2022 09:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Падрыхтаваў: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Роўна 15 гадоў таму, 15 ліпеня 2007 года, у Гудагаі, што на Астравеччыне, адбылася гістарычная падзея: Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк усклаў залатыя папскія кароны на цудадзейны абраз Маці Божай Шкаплернай.

Прапануем вашай увазе матэрыял пра гэтую падзею, які з’явіўся тады на першай версіі парталу Сatholic.by, якая цяпер ужо недаступная ў сеціве. На жаль, у той час тэхнічныя магчымасці дазвалялі размяшчаць здымкі не вельмі высокай якасці ў параўнанні з сённяшнімі стандартамі.

Сёлета ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі пройдуць 16 і 17 ліпеня. У суботу ў межах Гудагайскага фэсту адбудзецца набажэнства Крыжовага шляху па самай вялікай у Беларусі Кальварыі з магчымасцю споведзі.

«Табе, Маці, аддаем наш лёс»

Гэтыя словы сталі дэвізам урачыстасці каранацыі слаўнага цудамі абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія), якая адбылася 14–15 ліпеня 2007 года. Яны вялікімі літарамі былі напісаныя на прыгожым палявым алтары, усталяваным непадалёк ад невялічкай гудагайскай святыні, якая, безумоўна, не магла змясціць усіх, хто ў гэтыя дні прыйшоў ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў Яе цудатворным абразе.

Урачыстасці каранацыі папярэднічаў год падрыхтоўкі, на працягу якога вернікі духоўна рыхтаваліся да яе належнага перажывання.

У межах гэтай падрыхтоўкі ў гудагайскай парафіі прайшлі Святыя місіі, якія правёў канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяльнай курыі ксёндз Юрый Касабуцкі, а ў выдавецтве «Pro Christo» ўбачыла свет кніга айца Аркадзя Куляхі OCD, прысвечаная гісторыі слаўнага цудамі абраза Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.

Напярэдадні ўрачыстасці ў Гудагай пачалі прыбываць пілігрымы з розных куткоў Беларусі, а таксама з суседняй Літвы і з Польшчы. На два дні гэтае невялічкае мястэчка стала своеасаблівым цэнтрам рэлігійнага жыцця. У суботу ўвечары тут адбыліся Нешпары ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама прыгожае марыйнае набажэнства Усходняй Царквы — акафіст. Апоўначы распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў айцец Луіджы Арастэгуі Гамбоа OCD, Генеральны настаяцель ордэна кармэлітаў босых, у чыёй апецы знаходзіцца гудагайская святыня і цудатворны абраз.

Пасля Імшы да самай раніцы працягвалася малітоўнае чуванне перад абразом Маці Божай Шкаплернай. У чуванні бралі ўдзел некалькі тысяч вернікаў, сярод якіх было асабліва шмат моладзі.

У нядзельную раніцу нават дальнія пад’езды да Гудагая ператварыліся ў вялізную стаянку аўтатранспарту, на якім да Маці Божай працягвалі прыбываць усё новыя і новыя вернікі. Апоўдні распачалася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў старэйшы іерарх Касцёла ў Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк.

Велічная працэсія, у якой чацвёра братоў у кармэліцкіх габітах на аздобленым фэрэтроне неслі цудатворны абраз, наблізілася да алтара. На пачатку цэлебрацыі Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч як гасцінны гаспадар прывітаў усіх, хто прыбыў на ўрачыстасць у Гудагай, перадусім Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне арцыбіскупа Марціна Відавіча, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Масквы, Віцебскага біскупа Уладзіслава Бліна, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янку і дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца. Ён таксама шчыра прывітаў усіх пілігрымаў.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію, на пачатку якой са слязьмі на вачах падзякаваў Панне Марыі за дар паклікання.

Тут, у Гудагаі, дзевятнаццаць гадоў таму ён таксама звярнуўся да вернікаў з Божым словам, а праз год, 15 ліпеня 1989 года, у гудагайскім касцёле было ўпершыню абвешчана, што Святы Ацец Ян Павел ІІ прызначыў яго біскупам на Беларусі — першым пасля доўгіх гадоў пераследу рэлігіі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч казаў пра неабходнасць па прыкладзе Марыі заўсёды падпарадкоўвацца Божай волі, вучачыся ў Яе той пакоры, з якою Найсвяцейшая Панна адказала на словы звеставання: Fiat mihi secundum verbum tuum — «Няхай мне станецца паводле Твайго слова». Гэта становіцца асабліва актуальным перад абліччам выклікаў сучаснага свету, у якім адбываецца рэлятывізацыя каштоўнасцяў, знішчаецца сям’я, траціцца пашана да найбольшага Божага дару — чалавечага жыцця.

Нягледзячы на тое, што ўжо доўгія гады арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нясе душпастырскае служэнне ў архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, ён прамовіў на чыстай і прыгожай беларускай мове, прамаўляючы шчыра і ад сэрца, не зазіраючы ў паперку. Ён таксама сказаў казанні па-польску і па-літоўску, бо сярод удзельнікаў літургіі было нямала вернікаў з гэтых краін, пра што сведчылі польскі і літоўскі сцягі, якія луналі над групамі пілігрымаў.

Пасля гаміліі настаў самы ўрачысты момант літургіі — каранацыя.

Родныя брат і сястра, якія дзякуючы Маці Божай Шкаплернай з Гудагая адчулі пакліканне прысвяціць сваё жыццё Богу ў манастве [Юрый і Аліна-Магдаліна Кулай], вынеслі залатыя кароны, асвячоныя Вялікім Папам, Слугою Божым Янам Паўлам ІІ.

Кардынал Казімір Свёнтэк з пашанаю ўсклаў іх на абраз, дзе яны адразу заззялі пад промнямі ліпеньскага сонца над абліччамі Багародзіцы і Яе Боскага Сына.

На заканчэнне святой Імшы быў зачытаны зварот Апостальскага Нунцыя, прысвечаны адразу дзвюм важным падзеям, якія ў адзін дзень адбыліся ў розных месцах Беларусі: гудагайскай каранацыі і завяршэнню пілігрымкі Віцебск–Полацк на ўрачыстасць святых Барыса і Глеба. Прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў, што гэтыя дзве цэлебрацыі — адна ў Лацінскім, або Рымскім, абрадзе, а другая ў Візантыйскім, або Грэцкім, абрадзе — духоўна з’ядналіся ў адну супольную цэлебрацыю адзінага народа Божага, святога Касцёла.

Пасля гэтага Нунцый звярнуўся да прысутных з кароткім прывітальным словам.

Пробашч гудагайскай парафіі айцец Тадэвуш Казімір Мараўскі OCD шчыра падзякаваў усім удзельнікам урачыстасці разам і кожнаму паасобку за прысутнасць і супольную малітву.

Асаблівыя словы падзякі ён скіраваў да іерархаў Касцёла, вышэйшага кіраўніцтва ордэна кармэлітаў босых, а таксама да ўладаў Гродзенскай вобласці і Астравецкага раёна, не забыўшыся і пра прадстаўнікоў службаў аховы правапарадку. У адказ старшыня гродзенскага аблвыканкаму У. Г. Саўчанка, які асабіста прысутнічаў на ўрачыстасці, выказаў станоўчую ацэнку дзейнасці Каталіцкага Касцёла і падкрэсліў важнасць і вялікае значэнне для духоўнага развіцця нашага народа такіх падзеяў, якою стала каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай шкаплернай у Гудагаі. Прамова прадстаўніка ўладаў прагучала на рускай мове.

Духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску айцец Аркадзь Куляха OCD згадаў яшчэ пра адну сціплую асобу, чыя прысутнасць на ўрачыстасці была, можа, не такою заўважнаю. У суровыя гады панавання бязбожнага савецкага рэжыму за касцёлам у Гудагаі даглядала сястра Юзэфа, дамініканка, якая ў тыя часы была пазбаўлена магчымасці весці звычайнае манаскае жыццё ў сваім віленскім кляштары. Сёння сястра не можа хадзіць і ў Імшы яна брала ўдзел, седзячы ў інвалідным вазку.

Айцец Аркадзь ад імя супольнасці айцоў кармэлітаў і ўсіх вернікаў шчыра падзякаваў сястры Юзэфе за гады сціплага самаахвярнага служэння.

Калі святая Імша скончылася і духавенства ў працэсіі скіравалася да плябаніі, дзясяткі вернікаў шчыльным колам атачылі кардынала Казіміра Свёнтка, просячы ў яго благаслаўлення. Людзі падносілі да яго дзяцей, просячы, каб кардынал усклаў на іх рукі, як гэта рабіў сам Езус у час свайго зямнога жыцця. Гэта стала выразам шчырай веры простага народа і яго бязмежнай павагі да чалавека, які нездарма быў прызнаны Сведкам веры.

…Нішто так не яднае людзей, як супольная малітва, асабліва калі яна ўзносіцца праз заступніцтва міласэрнай Матулі ўсіх вернікаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Перад Яе матчыным абліччам усе, хто сабраўся ў Гудагаі — беларусы, палякі, літоўцы — адчувалі сябе роднымі братамі і сёстрамі, нягледзячы ні на якія межы і рознасць моваў.

У дзень урачыстасці каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Шкаплернай гэтая малітва лілася проста з сэрцаў тысяч людзей, сабраных каля алтара Пана, і разам з прыгожым спевам хора «Голас душы» з мінскага касцёла святых Сымона і Алены ўзносілася да нябёсаў, туды, дзе разам з Божым Сынам прабывае ў нябеснай хвале і Яго Беззаганная Маці.

У гэты дзень многія вернікі атрымалі шкаплер — знак асаблівай апекі Багародзіцы, якой яны з даверам і сыноўскай любоўю вырашылі назаўсёды аддаць свой лёс.

Дзякуючы відэастудыі Гродзенскай дыяцэзіі, якая здзейсніла запіс урачыстасці, можам узгадаць падзеі 15-гадовай даўніны і апынуцца ў малітоўнай супольнасці гудагайскага санктуарыя ў дзень каранацыі.

Абноўлена 15.07.2022 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця