Пошук

17.06.2022 15:07   Фота: Улад Беладзед / Catholic.by

Увечары 16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і Эўхарыстычнага набажэнства ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Агульнагарадская Эўхарыстычная працэсія ў сталіцы прайшла раней, у апошнюю нядзелю мая, таму святкаванне ў галоўнай святыні архідыяцэзіі ў дзень урачыстасці мела парафіяльны характар. У той час, як арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў працэсію Божага Цела ў старажытным Нясвіжы, яго папярэднік на пасадзе Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта маліўся разам з вернікамі мінскай катэдральнай парафіі.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў, што галоўнай мэтай гэтага свята з’яўляецца публічнае праслаўленне Эўхарыстыі не толькі падчас святой Імшы, але і ў адмысловай працэсіі.

«Яно таксама дапамагае засяродзіцца на праўдзе ўстанаўлення Эўхарыстыі, у якой без праліцця крыві Езус ахвяруе сябе за нас на алтарах святыняў падчас кожнай святой Імшы, калі прыходзіць да нас пад відамі хлеба і віна», — адзначыў арцыпастыр. Ён дадаў, што «дзякуючы сакрамэнту Эўхарыстыі мы маем магчымасць прымаць удзел у акце збаўлення чалавецтва, які здзейсніўся ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці Езуса і Яго слаўнага Уваскрасення».

Арцыбіскуп падкрэсліў, што Касцёл з удзячнасцю ўспамінае гэтую ахвяру Хрыста, праз якую ўсе, хто ў Яго верыць, атрымалі духоўную свабоду.

Нагадаўшы, што Эўхарыстыя ўнутрана перамяняе чалавека, іерарх звярнуў увагу на тое, што калі хрысціянін не адчувае перамяняльнай сілы гэтага сакрамэнту, то праблема крыецца не ў яе недахопе, а ў слабой веры.

«Нягледзячы на ўсё большыя магчымасці прымаць удзел у Эўхарыстыі, відавочна, што гэтая практыка нашых продкаў усё часцей забываецца.

Публічнае праслаўленне Эўхарыстыі заклікае нас выправіць гэтую памылку і ажывіць веру ў рэальную прысутнасць Езуса пад відам хлеба і віна. Гэта справа жыцця і смерці, бо як без матэрыяльнага хлеба немагчыма фізічнае жыццё, таксама без Эўхарыстыі немагчыма жыццё духоўнае», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. На заканчэнне ён выказаў надзею на тое, што «свята Божага Цела дапаможа нам ажывіць нашу веру ў рэальную прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі, каб мы практыкавалі яе культ, пабожна прымалі яе, адчувалі яе боскую збаўчую моц і любоў, якая нас перамяняе».

Пасля святой Імшы на плошчы перад катэдрай адбылося Эўхарыстычнае набажэнства.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч мінскай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч неслі Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце да чатырох алтароў, пры кожным з якіх чыталіся ўрыўкі з Евангелля і адбываліся адпаведныя малітвы, што суправаджаліся спевам Суплікацыі і благаслаўленнем вернікаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця