Пошук

17.06.2022 13:26   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У чацвер 16 чэрвеня, на сваю першую на пасадзе Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі скіраваўся ў старажытны Нясвіж.

Тут знаходзіцца славуты касцёл Божага Цела, дзе ў гэты дзень адзначаўся адпуст.

Пробашч парафіі ксёндз канонік Пётр Шарко, дэкан Нясвіжскі, паказаў арцыбіскупу святыню, якая стала першым будынкам у стылі барока ва Усходняй Еўропе, а таксама праводзіў яго ў крыпту-пахавальню князёў Радзівілаў, дзе іерарх памаліўся за фундатараў касцёла. Арцыбіскуп Станеўскі таксама наведаў размешчаны непадалёк, сярод маляўнічых ставоў і паркаў, замак славутага магнацкага роду, дзе агледзеў музейную экспазіцыю і затрымаўся на хвіліну малітвы ў замкавай капліцы.

Увечары каля брамы сваёй святыні арцыпастыра сустрэлі хлебам-соллю вернікі парафіі на чале з пробашчам і разам са святарамі, якія прыбылі на ўрачыстасць Божага Цела.

У самым вядомым касцёле нашай краіны з такім тытулам іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой удзяліў адзінаццаці нясвіжскім парафіянам сакрамэнт канфірмацыі.

На пачатку Эўхарыстыі ён нагадаў удзельнікам словы Папы Францішка пра тое, што гэты сакрамэнт даецца людзям не як узнагарода за добрыя паводзіны, а як бескарыслівы дар Божай любові, як дзейсны лек, гаючы бальзам для душы. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп глыбей засяродзіўся на значэнні сакрамэнту Эўхарыстыі для духоўнага жыцця хрысціянаў.

«Перад тронам Пана мы становімся на калені, каб запаволіць рытм свайго жыцця, у якім мы ўвесь час кудысьці спяшаемся, жадаючы рэалізаваць свае планы і спадзяванні. Мы спыняемся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, адаруем Яго і дзякуем Яму, перапрашаем і просім.

Мы ўсведамляем, што менавіта Ён, Хрыстус, — прыгожы ў сваёй велічы і багаты на міласэрнасць; Ён уражвае свет сваёю Ахвяраю, і ўсё гэта дзеля кожнага з нас і дзеля ўсяго свету», — падкрэсліў арцыпастыр.

Нагадаўшы вернікам тое, што пра ўстанаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту гаворыць Новы Запавет, іерарх звярнуўся да вучэння Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які казаў, што не чалавек засвойвае Эўхарыстычны Хлеб, а гэты Хлеб яго «засвойвае» і перамяняе, прыпадабняючы да Езуса Хрыста.

«Гэта, у сваю чаргу, завастрае наш хрысціянскі зрок: айцы Касцёла сцвярджаюць, што той, хто прымае Цела Езуса ў святой Камуніі і распазнае яго ў гэтым белым кавалку хлеба, таксама распазнае і бачыць Езуса ў сваім браце — у церпячым, галодным, пакінутым, хворым і зняволеным», — падкрэсліў арцыбіскуп, дадаўшы, што Эўхарыстыя з’яўляецца сакрамэнтам адзінства паміж чалавекам і Богам, а таксама паміж людзьмі як братамі і сёстрамі, «каб усе былі адно».

Звяртаючыся перадусім да кандыдатаў да канфірмацыі, арцыпастыр нагадаў ім пра адказнасць за Касцёл, які накладае на вернікаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

«Адказнасць не толькі за гэты будынак, але перадусім за Касцёл, які будуецца з чалавечых сэрцаў і з’яўляецца святыняй Духа Святога», — адзначыў іерарх. Перад тым, як удзяліць канфірмацыю, ён заахвоціў тых, хто будзе прымаць гэты сакрамэнт, уласным жыццём сведчыць пра Хрыста як сваім братам і сёстрам, так і тым, хто яшчэ не прыняў веру, стаўшы для іх дарогай да Збаўцы.

«Будзьце адважнымі», — заклікаў іх арцыбіскуп, удзяляючы сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

Маніфестацыяй веры нясвіжскіх католікаў стала Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада, якая адбылася на заканчэнне святой Імшы. Святары па чарзе неслі Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце да чатырох прыпынкаў, першы з якіх быў каля гістарычнай Слуцкай брамы. У капліцы над брамай некалі знаходзіўся асабліва шанаваны тутэйшымі вернікамі абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з Дзіцяткам Езусам на руках. На гэтым першым прыпынку чытаў Евангелле і благаславіў удзельнікаў працэсіі Найсвяцейшым Сакрамэнтам дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас.

Ад Слуцкай брамы працэсія скіравалася да Ратушнай плошчы, а адтуль прайшла па гістарычных вуліцах і новых кварталах горада.

Пасля апошняга прыпынку, які адбыўся побач з парафіяльнай плябаніяй, пробашч парафіі падзякаваў гарадскім уладам і службам парадку за бяспеку падчас шэсця.

Ад плябаніі да касцёла Найсвяцейшы Сакрамэнт нёс арцыбіскуп Станеўскі.

У святыні ўдзельнікі ўрачыстасці праславілі Бога спевам старажытнага гімна Te Deum, а на заканчэнне арцыпастыр удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам жыхарам горада — старажытнага і заўсёды маладога.

Іерарх заўважыў, што ў працэсіі ішло шмат дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія неслі рэлігійныя сімвалы і пасыпалі пялёсткі духмяных півоняў і іншых чэрвееньскіх кветак перад Эўхарыстычным Хрыстом. Іерарх таксама заахвоціў моладзь сваёй прысутнасцю рабіць Касцёл маладым, напаўняючы яго сваёй жыццярадаснасцю, юнацкім запалам і энтузіязмам.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў Богу за прыгожую ўрачыстасць, а таксама скіраваў словы падзякі пробашчу, нясвіжскім вернікам і ўладам горада.

 

Абноўлена 17.06.2022 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.