Пошук


У нядзелю 29 мая ў Мінску адбылася Эўхарыстычная працэсія, удзельнікі якой на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім прайшлі па праспекце Незалежнасці ад Залатой Горкі да Чырвонага касцёла.

Хоць звычайна падобныя Эўхарыстычныя працэсіі ў Каталіцкім Касцёле праводзяцца ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Цела і Крыві Хрыста, або Божага Цела, якая сёлета будзе адзначацца 16 чэрвеня, аднак з душпастырскіх меркаванняў у Мінску працэсія традыцыйна адбываецца ў апошнюю нядзелю мая.

Папярэдняе шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах горада тут адбылося ў 2019 годзе, пасля чаго на працягу двух гадоў яно не праводзілася ў сувязі з санітарнымі абмежаваннямі ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Нядзельнай раніцай вернікі з усіх каталіцкіх парафій беларускай сталіцы сабраліся на цвінтары пры мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, дзе на палявым алтары адбылася святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама каля трох дзясяткаў святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў.

Гамілію на святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі прысвяціў самаму вялікаму сакрамэнту Касцёла, які нездарма называецца Найсвяцейшым. Іерарх зазначыў, што, праслаўляючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, вернікі вызнаюць у ім прысутнасць Бога, Яго валадаранне, Ахвяру, любоў і ўсемагутнасць.

«Перад тронам Пана мы становімся на калені, каб запаволіць рытм свайго жыцця, у якім мы ўвесь час кудысьці спяшаемся, жадаючы рэалізаваць свае планы і спадзяванні. Мы спыняемся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, адаруем Яго і дзякуем Яму, перапрашаем і просім. Мы ўсведамляем, што менавіта Ён, Хрыстус, — прыгожы ў сваёй велічы і багаты на міласэрнасць, уражвае свет сваёю Ахвяраю, і ўсё гэта дзеля кожнага з нас і дзеля ўсяго свету», — падкрэсліў арцыпастыр.

Нагадаўшы падзеі Апошняй Вячэры, падчас якой Езус Хрыстус перад крыжовай мукай і смерцю ўстанавіў Эўхарыстыю як таямніцу сваёй няспыннай прысутнасці ў свеце пад выглядам Хлеба і Віна, арцыбіскуп дадаў, што «Эўхарыстычны Езус яднае сваіх вызнаўцаў і заахвочвае да ўдзелу ў супольнасці святых праз Яго прысутнасць у нашым жыцці». У святле вучэння Айцоў Касцёла і Рымскіх Пантыфікаў іерарх растлумачыў, наколькі важную ролю адыгрывае Найсвяцейшы Сакрамэнт у духоўным жыцці вернікаў.

«У хрысціянстве няма ніякай магіі. Няма ў ім і шляхоў „наўпрост“, але ўсё адбываецца згодна з пакорнаю і цярпліваю логікай пшанічнага зярнятка, якое памірае, каб даць новае жыццё; у хрысціянстве ўсё адбываецца згодна з логікай веры, якая перасоўвае горы моцаю Божаю. Таму Бог прагне і далей аднаўляць чалавецтва праз кансэкраваныя хлеб і віно, у якіх сапраўды прысутнічае Яго Цела і Кроў.

Хрыстус перамяняе нас, прыпадабняючы да сябе: далучае нас да сваёй справы адкуплення, дае нам здольнасць дзякуючы ласцы Духа Святога жыць згодна з Яго логікай дару, як пшанічнае зярнятка, злучанае з Ім і ў Ім.

Такім чынам засяваюцца і выспяваюць перш у нашых сэрцах, а затым на палях гісторыі нашай зямлі еднасць і супакой, згода і прабачэнне, да якіх мы імкнемся згодна з Божай задумай», — падкрэсліў арцыпастыр, заклікаўшы вернікаў падрыхтаваць у сваіх сэрцах месца для Пана.

Гаворачы пра сімвалічнае значэнне Эўхарыстычнай працэсіі, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што Найсвяцейшы Сакрамэнт, які святары, змяняючы адзін аднаго, нясуць у манстранцыі па вуліцах Мінска, «паказвае, што ўваскрослы Хрыстус ідзе сярод нас і вядзе нас.

Такім чынам, маніфестацыяй нашай веры мы абвяшчаем, што любоў Хрыста не зарэзерваваная толькі для тых, хто атрымаў веру „з малаком маці“, а ахвяруецца ўсім людзям, якія жывуць на зямлі», — заўважыў арцыпастыр. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што таямніца Эўхарыстыі наймацней яднае людзей з Богам і паміж сабою.

«Сёння мы не выбіралі людзей, з якімі сустрэнемся ў працэсіі, аднак прыйшлі і стаім тут усе разам, з’яднаныя адною вераю і пакліканнем, каб стаць адным целам і дзяліць адзін Хлеб, якім з’яўляецца Хрыстус.

Мы яднаемся, нягледзячы на розніцу ў прафесіі ці матэрыяльнай забяспечанасці, адкрываемся адзін на аднаго, каб разам з Хрыстом „усе былі адно“», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Скіраваўшы да Хрыста ў Эўхарыстыі шэраг малітоўных заклікаў і просьбаў, ён запрасіў сабраных на Залатой Горцы прайсці па вуліцах горада, «несучы ў сабе Цела Пана, як несла Яго Марыя ў таямніцы адведзінаў».

«З пакорным усведамленнем таго, што мы — звычайныя пшанічныя зярняткі, захавайма непахісную ўпэўненасць, што любоў Бога, уцелаўлёная ў Хрысте, мае моц нас збавіць і ўвесці ў новае неба і новую зямлю, дзе пануюць спакой і справядлівасць», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, завяршыўшы казанне падзякай Богу за гэты бязмежны дар Яго любові.

Нядзельная Эўхарыстычная працэсія, як і ва ўрачыстасць Божага Цела, складалася з чатырох прыпынкаў. Першы адбыўся каля Залатагорскага касцёла, другі — на плошчы Перамогі, трэці — на Кастрычніцкай плошчы, а чацвёрты, заключны, — каля касцёла святога Сымона і святой Алены на плошчы Незалежнасці.

Там, каля Чырвонага касцёла, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Іерарх таксама падзякаваў вернікам за ўдзел, а арганізатарам і службам парадку — за годнае правядзенне Эўхарыстычнай працэсіі, якая з’яўляецца, бадай што, найбольш масавым касцёльным мерапрыемствам у Мінску і заўсёды збірае тысячы ўдзельнікаў, якіх сёлета, па назіраннях, было не менш, чым у лепшыя «дакаранавірусныя» гады.

 

Абноўлена 29.05.2022 23:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.