Пошук

19.04.2022 18:04   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

14–16 красавіка, падчас Святога Пасхальнага Трыдуума, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску ўрачыстыя літургічныя цэлебрацыі.

У Вялікі чацвер раніцай, 14 красавіка, іерарх упершыню ў якасці Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа ўзначаліў цэлебрацыю Імшы Хрызма з удзелам духавенства архідыяцэзіі, а ўвечары цэлебраваў святую Імшу Вячэры Пана.

«Дарагія браты і сёстры! Па традыцыі і па закліку сэрца ў вечар Вялікага чацвярга мы прыходзім у катэдру і ў нашыя парафіяльныя святыні не толькі для таго, каб прыняць удзел у ахвяры святой Імшы, але таксама для таго, каб узнесці падзяку Езусу Хрысту за дар устанаўлення і ахвяравання нам, гэта значыць Касцёлу, сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння — святарства», — звярнуўся да прысутных у касцёле арцыпастыр. Ён дадаў, што ў гэты дзень вернікі ўзгадваюць пра вялікія справы Бога і адначасова бачаць, наколькі Ён прынізіў сябе.

«Езус схіляецца да ног сваіх вучняў, каб абмыць іх. Такім чынам, мы бачым Бога „на каленях“ перад чалавекам. Каб зразумець гэты жэст Езуса, мала быць гісторыкам ці проста назіральнікам. Менавіта таму мы прагнем сёння прыняць удзел у падзеях, якія апосталы перажылі падчас Апошняй Вячэры. Увойдзем жа на гасціну ў святліцу, бо Езус прыгатаваў для нас Пасху, і для кожнага там ёсць месца», — заахвоціў вернікаў арцыбіскуп Станеўскі.

Звярнуўшы ўвагу на праблему спаду колькасці пакліканняў да святарства, ён заклікаў маладых людзей адгукнуцца на голас Хрыста і быць апосталамі ХХІ стагоддзя, а таксама падзякаваў вернікам за малітвы аб пакліканнях і за святароў, асабліва ўдзельнікам касцёльнага руху «Маргарытка».

«У зацішшы Вячэрніка Хрыстус вучыць нас, што галоўнымі прынцыпамі нашага жыцця павінны быць любоў і пакора. Без любові чалавек не зразумее ані таямніцы Эўхарыстыі, ані таямніцы святарства. Многія з вас могуць таксама засведчыць: без любові немагчыма зразумець жонку, мужа, дзяцей, бацькоў або суседзяў. Толькі ў лучнасці з Езусам, толькі ў Яго прысутнасці чалавек можа ўсвядоміць, што насамрэч азначае любіць іншага чалавека, брата і сястру, і што азначае таксама прабачыць ворагу з любоўю», — сцвердзіў арцыпастыр. На заканчэнне гаміліі ён запрасіў вернікаў:

«Пакінуўшы гэты вячэрнік, узмоцненыя нанава Целам і Крывёю Езуса Хрыста, атрымаўшы ўрок пакоры і любові, вернемся сёння туды, дзе нашыя блізкія чакаюць або, наадварот, не спадзяюцца атрымаць радасць Евангелля — жывога Хрыста».

У Вялікую пятніцу, 15 красавіка, арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі цэлебрацыю літургіі Мукі Пана.

У прамоўленай гаміліі іерарх зазначыў, што ў моры зла, хлусні і падступнасці, фальшывых абвінавачванняў, прыніжэння годнасці і балючага збіцця, якімі суправаджалася несправядлівае асуджэнне і смерць Хрыста, «былі, хоць і ў невялікай колькасці, такія людзі, якія не засталіся абыякавымі, а спадарожнічалі Езусу ў дарозе на Галготу і былі побач з Ім у хвіліну смерці».

«Крыжовы шлях і вандраванне на сучасную Галготу адзіноты і пакінутасці, пераследу і цярпення, прыніжэння чалавечай годнасці і нават нявіннай смерці працягваецца і далей. Нямала ёсць тых, хто здраджвае Богу і чалавеку, наносячы балючыя раны. Аднак маюць сваіх наступнікаў у сучасным свеце таксама Вераніка і Сымон Кірэнэец, Марыя, Маці Езуса і вучань Ян. Гэта людзі з праведным сумленнем і чулым сэрцам, заўсёды гатовыя падаць руку дапамогі, падтрымаць у патрэбах і ахвяраваць матэрыяльныя сродкі. Часам не трэба нічога больш, акрамя нашай прысутнасці і ахвяравання часу пры ложку хворага», — заўважыў арцыпастыр.

«Свет без крыжа быў бы светам без надзеі, поўным гвалту і жорсткасці. Езус прыйшоў у гэты свет, каб быць з намі сярод цярпення і ў смерці. Аднак Езус не прыйшоў у гэты свет, каб цярпець: Ён прыйшоў аб’явіць любоў Бога. Хрыстус памірае на крыжы не толькі для таго, каб аплаціць доўг чалавека, а для таго, каб Божая любоў магла дайсці да чалавека нават у яго найбольшым аддаленні ад Бога, або ў смерці, якая ўвайшла ў жыццё з-за бунту чалавека супраць Бога. З таго моманту смерць стала таксама тою „прастораю“, у якой пасялілася Божая любоў.

Калі мы гаворым, што Пан Езус збавіў нас на крыжы, то хочам тым самым звярнуць увагу, што Ён збавіў нас сваім цярпеннем, праз якое праявіў да нас незаслужаную любоў, магчымую толькі для таго, хто аддае сваё жыццё за сяброў. Езус прыйшоў у гэты свет не ратаваць нас ад зямнога цярпення і смерці, Ён прыйшоў, каб у цярпенні і смерці быць разам з намі і такім чынам дапамагаць нам. Калі мы разумеем смерць як канец усяго, то яна палохае нас, прыгнятае, разбівае ўсялякія мары і повязі. Таму ў нас ёсць моцны інстынкт, які падказвае, што нашае жыццё не заканчваецца ў момант фізічнай смерці», — сцвердзіў іерарх.

«Прымем жа на плечы свой крыж, каб любоўю Хрыста несці супакой, лячыць і аздараўляць сучасны свет, бо „ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не памірае для сябе…“ (гл. Рым 13, 7–9).

Дарагія сябры, пасля супольнага перажывання мукі Езуса дазвольма, каб у гэты вечар Яго ахвяра на крыжы ўзрушыла нас, дазвольма Яму пахіснуць чалавечую ўпэўненасць у нашым усёведанні, паспрабуйма спасцігнуць навуку крыжа, каб больш ужо не падаць. Не палохаймася! Адаруйма крыж вачыма сэрца, незалежна ад адлегласці, бо яшчэ працягваецца пагроза пандэміі, і запытайма сябе: „Ці ведаю я сваё месца пад крыжам?“» — заахвоціў удзельнікаў літургіі арцыпастыр.

Увечары ў Вялікую суботу, 16 красавіка, арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Пасхальнай Вігіліі — галоўнай Імшы на працягу літургічнага года, прамую трансляцыю якой з мінскага архікатэдральнага касцёла вяло беларускае тэлебачанне. У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што ў Вялікую суботу сярод вялікай цішыні ўсяму свету была аб’яўлена вялікая таямніца Уваскрасення Хрыста.

«У гэтую ноч наш Збаўца „разарваў путы смерці і выйшаў пераможцам з адхлані“. У гэтую ноч Езус не застаўся ў магіле, ласка Божая захавала Яго цела ад тлення. Ён сапраўды ўваскрос», — нагадаў арцыпастыр заўсёды актуальную, цэнтральную праўду хрысціянскай веры.

«Ён выйшаў з магілы, а потым, што цікава, Езус не шукае тых, хто катаваў Яго, укрыжоўваў, а шукае і размаўляе з тымі, хто ў Яго паверыў: прыходзіць да сваіх у Вячэрнік са словамі „Спакой вам“; па дарозе ў Эмаўс Ён далучаецца да вучняў і слухае, „пра што яны гавораць у дарозе“, на беразе возера гатуе і спажывае пасілак разам з вучнямі.

Умілаваныя! І сёння, як падкрэслівае Папа Францішак, Хрыстус надалей шукае чалавека, цікавіцца яго жыццём, чакае нашага братэрства і запрашае да дыялогу (гл. Энцыкліка Fratelli tutti)», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі, дадаўшы, што сустрэча з Богам і дыялог з Ім адбываюцца перадусім праз веру і святы хрост.

«Браты і сёстры! Таму мы маем права на мары аб небе — у нашых думках, жаданнях, мроях. Мы пакліканы да жыцця ў небе, таму шукаем таго, што ў вышынях, і сумуем па небе. Кожны дзень тысячы людзей акунаюцца ў купелі хросту праз паслугу Касцёла, каб прыняць смерць з Хрыстом і ўваскрэснуць з Ім ў хвале неба. Ахрышчаныя атрымліваюць годнасць сыноўства Божага, распачынаюць сяброўства з Хрыстом праз лучнасць сэрца», — падкрэсліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адзначыўшы, што гэта з’яўляецца падставаю пасхальнай радасці для ўсіх дзяцей Касцёла, які старадаўнім пасхальным гімнам праслаўляе Уваскрасенне Хрыста.

Абноўлена 19.04.2022 18:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.