Пошук

14.04.2022 16:27   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Раніцай 14 красавіка, у Вялікі чацвер, калі Касцёл успамінае ўстанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі і святарства, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася святая Імшы Хрызма, падчас якой было здзейснена пасвяэнне святых алееў.

Цэлебрацыю, у якой узялі ўдзел больш за сто святароў прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Грэка-Каталіцкай Царквы, упершыню ў якасці Мітрапаліта ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім маліліся яго папярэднік, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Вітаючы на пачатку Эўхарыстыі сабраных з усіх куточкаў архідыяцэзіі прэзбітэраў — як дыяцэзіяльных, так і законнікаў, будучых святароў — семінарыстаў, кансэкраваных асоб і ўсіх прысутных вернікаў, арцыбіскуп заахвоціў іх у гэтай цэлебрацыі падзякаваць Езусу Хрысту за каштоўны дар святарства, які Ён напярэдадні сваёй крыжовай мукі і смерці пакінуў свайму Касцёлу дзеля асвячэння Божага народа і збаўлення душаў.

Асаблівым чынам арцыпастыр павіншаваў сёлетніх юбіляраў — найстарэйшага святара Мінска-Магілёўскага прэзбітэрыя ксяндза Юзафа Пятушку МІС, які адзначае 65-годдзе святарства, а таксама ксяндзоў канонікаў Францішка Рудзя і Сяргея Бараўнёва, якім скіраваў шчырыя пажаданні з нагоды 25-годдзя з часу прэзбітэрскага пасвячэння.

Іерарх таксама выказаў падзяку «за велічнае прадстаўленне Мінска-Магілёўскага прэзбітэрыя» Катэдральнаму капітулу святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай на чале з яго дэканам ксяндзом канонікам Антоніем Клімантовічам з нагоды пятай гадавіны заснавання гэтай ганаровай касцёльнай структуры.

«Вызнаючы веру ў таямніцу еднасці Касцёла пілігрымуючага з церпячым і трыумфуючым, молімся за памерлых нашых братоў, што адышлі па ўзнагароду вечнага жыцця, а святых і благаслаўлёных нашай зямлі просім аб малітве за нас перад Панам», — дадаў арцыбіскуп. Асаблівае прывітанне ён скіраваў хворым, церпячым і, «як некаторым здаецца, пакінутым, а таксама тым, хто перажывае цяжкія хвіліны, бо знаходзіцца далёка ад алтара з прычыны гаснучага полымя святарскай кансэкрацыі.

Мы памятаем пра вас; калі ёсць яшчэ кананічная магчымасць — пакора не зашкодзіць», — з айцоўскім і пастырскім клопатам дадаў іерарх.

«Вялікі чацвер — дзень устанаўлення святарства і Эўхарыстыі — гэта нашае свята і нагода для разважання над дарам паклікання; для аналізу той місіі, якая даверана нам у Касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сакрамэнце пасвячэння Бог даў нам усё, што неабходна для выканання Яго місіі ў свеце. Моцаю гэтага сакрамэнту мы ўдзельнічаем у паўсюдным пасланні, якое Хрыстус даверыў Апосталам. Дар, які мы атрымалі ў прэзбітэрскім пасвячэнні, рыхтуе нас да місіі збаўлення ажно да краю зямлі, каб мы ў глыбіні сэрца былі гатовыя абвяшчаць Евангелле ўсюды (пар. ККК 1565).

Тым самым мы з’яўляемся слугамі ўсяго Аб’яўлення, а не якой-небудзь яго часткі паводле ўласных упадабанняў. Таму нам трэба вярнуцца да першапачатковай любові і святарскай руплівасці. Словы Езуса, скіраваныя да апостала Паўла: „Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці“ (2 Кар 12, 9), — надалей актуальныя і датычаць усіх святароў „ажно да краю“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі», — адзначыў арцыпастыр.

У Божым слове ён звярнуў увагу на асаблівасць святарскага служэння ў сучасным свеце і нагадаў прысутным парады Папы Францішка святарам, мэта якіх — дапамагчы як найлепш выканаць гэтае пакліканне і заданне, атрыманае ад Хрыста, у еднасці з Ім, са сваім біскупам і паміж сабою, а таксама ў блізасці да сваіх вернікаў і ў руплівым служэнні ім.

«Наша святарскае жыццё належыць не нам: яно належыць Богу і людзям, якіх Ён нам даверыў. Усё залежыць ад таго, ці будзе Евангелле любові ўпісана ў сучаснае жыццё мясцовага Касцёла», — падкрэсліў арцыбісуп Станеўскі, дадаўшы, што «ні крызіс, ані пандэмія, ані адсутнасць міру не могуць забраць у нас евангельскага запалу.

Наадварот, крызіс можа быць тою своеасабліваю атмасфераю, тою рэчаіснасцю, у якой кожны жэст любові будзе яшчэ больш выразным і красамоўным у нашых парафіяльных супольнасцях, нават калі яны нешматлюдныя», — перакананы іерарх.

На заканчэнне гаміліі арыпастыр сказаў:

«Разам з вамі я перапрашаю Езуса Хрыста, Найвышэйшага Святара, і вернікаў за нашыя чалавечыя недахопы. Пакорна просім вас, браты і сёстры, асабліва ўдзельнікі малітоўнага руху „Маргарытка“, аб няспыннай малітве за нас.

Няхай Марыя, Маці святароў, вядзе нас бяспечнымі шляхамі святарскага служэння, на якіх мы заўсёды будзем верныя Хрысту і Касцёлу. Няхай Дух Святы нанова распаліць у нас святарскую харызму, якую мы атрымалі сакрамэнтальна праз ускладанне рук у дзень пасвячэння. Няхай Божае слова, якое мы абвяшчаем, будзе ачышчальным полымем, а сакрамэнты, распарадчыкамі якіх мы з’яўляемся, будуць сапраўды жыццядайнымі, каб мы служылі братам і сёстрам у Касцёле, поўным Божай моцы і любові», — завяршыў гамілію малітоўным пажаданнем арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля ўрачыстай цэлебрацыі адбылася сустрэча святароў, на якой былі агучаны арганізацыйныя і адміністрацыйныя пастановы, а потым гасцінны гаспадар ксёндз канонік Антоній Клімантовіч, пробашч мінскай катэдральнай парафіі, запрасіў усіх прысутных на братэрскі пачастунак.

Абноўлена 14.04.2022 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.