Старшыня Сінадальнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB запрашае духавенства, кансэкраваных асоб, вернікаў Касцёла ў Беларусі і ўсіх ахвотных адказаць на пытанні анкеты ў межах кансультацый на дыяцэзіяльным этапе Сіноду Біскупаў.
Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы,
дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану,
шаноўныя сябры,
17 кастрычніка гэтага года ва ўсіх катэдрах нашай Айчыны распачаўся дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія», які будзе доўжыцца да красавіка 2022 года. Метадам сінадальнага працэсу з’яўляецца слуханне, мэтай — распазнанне, а шляхам — удзел. На першым этапе Сіноду практычны ўдзел усіх жадаючых — гэта адказ на пытанні анкеты. Вынікі анкеты будуць апрацаваны дыяцэзіяльнай Сінадальнай камісіяй.
Прапанаваныя пытанні для абмеркавання з’яўляюцца вынікам распрацоўкі дзесяці тэм, складзеных Сінодам паўсюднага Касцёла. Пры падрыхтоўцы мы ўлічвалі і рэчаіснасць Касцёла ў Беларусі.
Усіх, хто жадае прыняць удзел у гэтай Сінадальнай кансультацыі, мы просім адказаць перш за ўсё на тыя тэмы і пытанні, якія адпавядаюць вашаму асабістаму шляху веры і жыцця, і пакідаем за кожным свабоду вырашаць, на якое сінадальнае пытанне адказваць, а якое пакінуць без адказу. Існуе таксама магчымасць выказацца на любую тэму, нават на тую, якая не ўвайшла ў Сінадальную кансультацыю.
Выконваючы рэкамендацыі папы Францішка і нашых біскупаў, зазначым, што прыняць удзел у дыяцэзіяльным этапе Сінадальнай кансультацыі можа кожны жадаючы. Запоўніць анкету можна як самастойна, так і супольна. Ксяндзы пробашчы могуць арганізаваць у парафіях сустрэчы для розных рэлігійных груп і станаў, падчас якіх будзе прысвечаны час на слуханне, распазнанне і супольны ўдзел у запаўненні Анкеты. Тое ж самае можна зрабіць у сям’і, манаскай супольнасці, дэканаце і г.д.
Сінадальная кансультацыя ў дыяцэзіях будзе праводзіцца з 29 лістапада 2021 года да 1 лютага 2022 года.
Па выніках гэтых кансультацый з 1 лютага 2022 года да 1 красавіка 2022 года, кожная дыяцэзія падрыхтуе свой дакумет, які будзе перададзены ў Сінадальную камісію пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. На базе дыяцэзіяльных дакументаў з 1 красавіка 2022 года да 1 чэрвеня 2022 года будзе падрыхтаваны агульны дакумент Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і перададзены ў Сакратарыят Сіноду Біскупаў у Рым.
Спосаб правядзення Сінадальнай кансультацыі наступны:
- На партале Catholic.by створана асобная рубрыка Сінод 2023, дзе змешчана ўся даступная інфармацыя пра дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў у дыяцэзіях Беларусі.
- Анкета будзе змешчана на партале Catholic.by, у часопісах «Ave Maria», «Дыялог», «Каталіцкі веснік», «Слова Жыцця».
- Створаны паштовыя скрыні для магчымасці даслаць анкеты ў фармаце Word.
- sinod.minsk@gmail.com — для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
- sinod.pinsk@gmail.com — для Пінскай дыяцэзіі.
- sinod.grodno@gmail.com — для Гродзенскай дыяцэзіі.
- sinod.vicebsk@gmail.com — для Віцебскай дыяцэзіі.
- Будзе таксама магчымасць запаўнення анкеты ў фармаце Google для карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак.
- Вялікая просьба да ксяндзоў пробашчаў раздрукаваць некалькі копій анкеты і размясціць іх ў адпаведным месцы ў касцёле. Старэйшым парафіянам, пры неабходнасці, належыць дапамагчы запоўніць анкету і даслаць адказным у дыяцэзіях.
Прэзентацыя анкеты Сінадальнай кансультацыі будзе адбывацца:
- Падчас пастырскіх сустрэч духавенства і манаскіх асоб у дыяцэзіях.
- Падчас сустрэчаў розных груп і малітоўных рухаў просім прысвяціць час тэме Сінода і Сінадальнай кансультацыі.
- Анкета складзена на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах.
На час плённага перажывання і ўдзелу ў дыяцэзіяльным этапе Сіноду Біскупаў жадаю святла і дару мудрасці Духа Святога!
✠ Аляксандр Яшэўскі SDB
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,
Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ