Пошук

23.10.2021 17:47   Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Catholic.by

Ніжэй пададзены неафіцыйны пераклад булы Папы Францішка Christus Salvator аб прызначаэнні Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі лацінскага абраду.

БІСКУП ФРАНЦІШАК, СЛУГА СЛУГАЎ БОЖЫХ,

Вялебнаму Брату Юзафу Станеўскаму, да гэтага тытулярнаму біскупу Табаікары і дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, устаноўленаму Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім лацінскага абраду, — прывітанне і апостальскае благаслаўленне.

Хрыстус Збаўца на дрэве крыжа здзейсніў збаўленне чалавечага роду, каб там, дзе сталася смерць, узнікла жыццё (з прэфацыі на свята Узвышэння Святога Крыжа).

У Крыжы Пана святы Касцёл знаходзіць дзейсную падтрымку супраць варожых подступаў і чэрпае з яго сваю моц. Таму збаўчую місію ўкрыжаванага Езуса Хрыста ва ўсе часы абвяшчаюць біскупы і прэзбітэры.

На Рымскага Пантыфіка ўскладзена адказная справа прызначэння адпаведных Кіраўнікоў для мясцовых Касцёлаў, якія засталіся без Першасвятара святых. Узважыўшы гэта, мы сёння звяртаем Нашу ўвагу на Мінска-Магілёўскую супольнасць лацінскага абраду, якая пасля адыходу з пасады Вялебнага Брата Тадэвуша Кандрусевіча засталася без свайго легітымнага Пастыра. Вялебны Браце, які дагэтуль разважна і аддана выконваў біскупскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, мы палічылі цябе прыдатным, каб даручыць табе гэты абавязак.

Разважыўшы меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту і ўзважыўшы параду Кангрэгацыі па справах Біскупаў, Нашай Апостальскай уладай мы звальняем цябе ад повязі са згаданай тытулярнай сядзібай і ад абавязку дапаможнага біскупа і ў той жа час прызначаем і ўстанаўліваем цябе Арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім лацінскага абраду, а таксама даем табе правы і ўскладаем абавязкі, звязаныя з гэтай пасадай паводле кананічнага права.

Адпаведным чынам паклапаціся, каб даручаныя табе духавенства і народ супольнасці пазнаёміліся з гэтым лістом, а іх, у сваю чаргу, мы ласкава заахвочваем шанаваць і любіць новага Правадыра духоўнага жыцця і рупліва супрацоўнічаць з ім. Цябе ж самога і ўсіх вернікаў, даручаных твайму клопату, давяраем магутнай апецы Найсвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, Панны хвалебнай і благаслаўлёнай, якая не адварочваецца ад нашых просьбаў у патрэбе і заўжды вызваляе нас ад усялякай небяспекі.

Дадзена ў Рыме, на Латэране, у свята Узвышэння Святога Крыжа, чатырнаццатага верасня дзве тысячы дваццаць першага года Панскага, у дзявяты год Нашага Пантыфікату.

ФРАНЦІШАК

Уільям Міллеа, Апостальскі протанатарый

Абноўлена 23.10.2021 23:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.