
7 сакавіка ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе, а таксама ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдуць набажэнствы ў шосты дзень Агульнабеларускай навэнны, дзякуючы якой Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з'яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Нагадаем, што з распараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года па 6 чэрвеня 2026 года ў галоўным беларускім марыйным санктуарыі і ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!»
«Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, дзякаваць за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны»,
— тлумачыць мэту правядзення Навэнны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, з'яўляецца кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года.
Адказнымі за правядзенне шостага дня навэнны ў Будславе вызначаны ксяндзы хрыстусоўцы і сёстры назарэтанкі.
Заклік навэнны на сакавік 2026 года: «Кроў Хрыста, надзея ў пакаянні, — выбаў нас».
Інтэнцыя: Перапрашэнне за грахі супраць жыцця і просьба аб захаванні хрысціянскіх традыцый у сям’і.
Парадак навэнны
- 11.00 — прывітанне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі;
- 11.15 — Фацімскі Ружанец (Легіён Марыі);
- 12.00 — святая Імша (ксяндзы хрыстусоўцы);
- 13.15 — абед (у доме пілігрыма);
- 14.30 — мультымедыйная прэзентацыя (сёстры назарэтанкі);
- 15.00 — Літанія да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, благаслаўленне і выезд.
Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.by, catholicminsk.by, ave-maria.by. Таксама ў выдавецтве выйшла кніжка з тэкстамі навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

Тэксты для друку
- Набажэнства на 7 сакавіка 2026 года ў фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
- Парадак Навэнны і План наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе і правядзення набажэнстваў у парафіях у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
- Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў рамках Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
- Разважанні на кожны дзень Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.







