16 верасня біскуп Казімір Велікаселец і ксёндз канонік Францішак Рудзь па запрашэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзялі ўдзел у мерапрыемстве «Дыялог культур і рэлігій як аснова народнага адзінства», якое прайшло ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску.
Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы настаяцеля храма протаіерэя Фёдара Поўнага. Акрамя прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкай Касцёла ў Беларусі ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел муфцій Мусульманскай рэлігійнай супольнасці ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч, старшыня савета імамаў Дзмітрый Радкевіч, галоўны равін Рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага юдаізму Грыгорый Абрамовіч, кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты БДУ.
У межах праекту адбылася сумесная малітва за мір і адзінства, якую правёў протаіерэй Алексій Васін з удзелам прадстаўнікоў каталіцтва, ісламу і юдаізму.
Працягнулася мерапрыемства пасяджэннем круглага стала на тэму «Захаванне гістарычнай памяці ў традыцыйных канфесіях Рэспублікі Беларусь». Прадстаўнікамі Касцёла быў прадстаўлены даклад «Значнасць гістарычных падзей у рэлігійным выхаванні моладзі ў каталіцкай канфесіі». Удзельнікі абмеркавалі вопыт мемарыялізацыі гістарычнага мінулага, значнасць гістарычных падзей у рэлігійным выхаванні моладзі, узаемадзеянне рэлігіі, навукі і адукацыі. Былі абмеркаваны перспектывы далейшага супрацоўніцтва ўніверсітэта і канфесій у Рэспубліцы Беларусь на сучасным этапе.
Сустрэча ў храме-помніку стала адным з цыклу мерапрыемстваў, якія праводзяцца БДУ ў рамках маштабнага праекту «Дыялог культур і рэлігій», скіраванага на духоўна-маральнае выхаванне моладзі, нацыянальнае яднанне, пазнанне культурна-рэлігійнай спадчыны. На працягу года студэнты і выкладчыкі БДУ наведвалі храмы вядучых канфесій у Рэспубліцы Беларусь. Неаднаразова яны станавіліся гасцямі каталіцкіх парафій горада Мінска.
У сваю чаргу прадстаўнікі касцёла ў маі гэтага года па запрашэнні кіраўніцтва БДУ наведалі галоўны універсітэт краіны, дзе абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, а таксама ўзялі ўдзел у набажэнстве, прысвечаным святкаванню 100-гадовага юбілею ўніверсітэта.