Пошук

20.09.2019 10:55   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

19 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па запрашэнні праваслаўнага святара айца протаіерэя Фёдара Поўнага правёў кароткую малітву з удзелам моладзі ў мемарыяльным комплексе Курапаты — месцы масавых рэпрэсій савецкага часу.

На малітве ў Курапатах сабраліся ўдзельнікі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь. Крыніцы Беларусі», якую ініцыявалі і праводзілі прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Юнакі і дзяўчаты разам са сваімі завадатарамі і айцом Фёдарам на чале прыехалі да мемарыяльнага комплекса на роварах.

Іх веламарафон «3D: Дарогамі Добрых Дзеяў» стартаваў ад храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ахвяраў, якія паслужылі ўратаванню Бацькаўшчыны, настаяцелем якога з’яўляецца айцец Фёдар Поўны. Удзельнікі веламарафону наведалі шматфункцыйны комплекс Беларускай Праваслаўнай Царквы «Дом Міласэрнасці», дзе правялі працоўную акцыю, высадзіўшы дрэўцы на прылеглай тэрыторі, а пасля скіраваліся ў мемарыяльны комплекс у Курапатах, каб малітваю ўшанаваць памяць пахаваных там ахвяраў масавых рэпрэсій.

Прыбыўшы на месца, удзельнікі акцыі прывіталі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога суправаджалі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч сталічнай парафіі св. Сымона і св. Алены, а таксама кс. канонік Юрый Санько, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Айцец Фёдар Поўны, які па даручэнні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла займаецца вывучэннем трагічных падзей мінулага стагоддзя ў Курапатах, у кароткім слове заклікаў да супольнай малітвы:

«Хто ахвяры, хто карнікі — ведаць, канечне, важна, але душам палеглых больш патрэбная малітва жывых. <…>

Разблытаць клубок супярэчнасцяў нам не пад сілу: для гэтага ёсць толькі Бог; толькі Ягоны суд сапраўдны, а наш — заўсёды прыхільны. Але нам пад сілу памаліцца і папрасіць Найвышэйшы Суд за душы забітых.Не трэба думаць, што смерць невінаватых — „просты квіток“ у рай: не заўжды так. Мы можам памаліцца, каб гэтыя душы атрымалі супакой і радасць вечнага існавання Бога, калі Яму будзе заўгодна», — сказаў святар.

 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў праваслаўнага сабрата, дадаўшы, што сёння, калі зямля пакрыла і ахвяраў, і іх забойцаў, нашая малітва з’яўляецца ўчынкам міласэрнасці для душаў спачылых.

Каля курапацкіх крыжоў арцыбіскуп і святары паставілі запаленыя знічы, а ўдзельнікі веламарафону ўшанавалі памяць ахвяраў ускладаннем кветак.

Пашана да такіх месцаў, як Курапаты, з’яўляецца не толькі данінай памяці, але служыць таксама справе выхавання маладога пакалення ў духу хрысціянскіх духоўных каштоўнасцяў, якімі жылі і за якія не вагаліся аддаць жыццё лепшыя прадстаўнікі папярэдніх пакаленняў беларусаў.

Абноўлена 20.09.2019 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця