Пошук

25.01.2022 13:29   Тэкст: Юлія Літвінковіч / Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

22 студзеня, у межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, моладзь мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі наведала сваіх праваслаўных аднагодкаў з прыхода Усіх Святых у Мінску.

Сустрэча дзвюх моладзевых супольнасцяў адбылася ў сценах храма-помніка, дзе каталіцкая моладзь мела магчымасць наведаць крыпту і пастаянную экспазіцыю «Музей памяці».

Пасля экскурсіі у маладых католікаў была магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць з удзельнікамі моладзевага руху «Агіёс».

Кіраўнік гэтага руху праваслаўнай моладзі Мікалай Камарчук распавёў гасцям пра дзейнасць праваславаўнай моладзевай арганізацыі. Адказны за моладзь архікатэдральнай парафіі ксёндз Андрэй Бурак у сваю чаргу расказаў пра тое, як дзейнічае моладзевае душпастырства пры катэдры.

У размове юнакі і дзяўчаты дзяліліся сваімі традыцыямі, распавядалі пра тое, як праводзяць час разам. Праваслаўная і каталіцкая моладзь падзялілася планамі на будучыню і абмеркавала далейшыя магчымыя сумесныя мерапрыемствы.

У шчырым дыялогу маладыя людзі задавалі адзін аднаму пытанні, якія іх цікавілі, адносна каталіцкіх і праваслаўных традыцый, літургіі і звычаяў, размаўлялі пра тое, што аб’ядноўвае хрысціянаў усходу і захаду; параўноўвалі, у чым яны падобныя, і што іх адрознівае.

Заключным момантам сустрэчы стала знаёмства і размова з ключаром храма Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным. Святар распавёў удзельнікам сустрэчы гісторыю свайго паклікання, а таксама пра ідэю стварэння храма-помніка. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на значэнне Божага Слова ў жыцці маладога верніка.

«Малітва — гэта размова чалавека з Богам, а Святое Пісанне — гэта размова Бога з намі», — падкрэсліў айцец протаіерэй. Менавіта штодзённае чытанне Бібліі, па словах святара, можа даць адказы на самыя галоўныя пытанні ў жыцці чалавека.

Напрыканцы сустрэчы айцец Фёдар падзякаваў моладзі за праяўленую ініцыятыву і пажадаў гасцям поспехаў, а таксама далейшага развіцця праваслаўна-каталіцкага дыялогу.

 

Абноўлена 25.01.2022 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.