Пошук

11.03.2021 15:56   Данііл Ярмольчык / Catholic.by

10 сакавіка ў мінскім касцёле Маці Божай Будслаўскай (Чырвоны бор, Захад) адбылася сустрэча Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Студэнты і выкладчыкі наведалі святыню ў межах праграмы «Дыялог культур і рэлігій», прысвечанай «Году народнага адзінства» ў Рэспубліцы Беларусь.

Мэта праграмы — вывучэнне культурных і рэлігійных традыцый прадстаўнікоў розных канфесій, падтрыманне іх шматвекавых талерантных адносін.

Падчас сустрэчы біскуп Казімір Велікаселец распавёў аб ролі рэлігіі ў сферы навукі і адукацыі. У размове са студэнтамі і выкладчыкамі іерарх адказаў на пытанні адносна набажэнстваў у Каталіцкім Касцёле, аб перспектывах будаўніцтва сакральных будынкаў у Мінску, а таксама падзяліўся рэцэптам прыгатавання студэнцкай стравы і адкрыў сакрэт свайго хобі.

Ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай, распавёў пра гісторыю ўзнікнення санктуарыя ў Будславе, абраз Маці Божай Будслаўскай і Будслаўскі фэст, які ў 2018 годзе быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Праграма «Дыялог культур і рэлігій» уключае сустрэчы з прадстаўнікамі розных канфесій у Рэспубліцы Беларусь.

Так, 2 сакавіка ксёндз канонік Францішак Рудзь разам з прадстаўнікамі БДУ пабываў на экскурсіі ў Саборнай мячэці ў Мінску, якую правёў старшыня Савета імамаў Рэспубліканскага рэлігійнага аб'яднання Дзмітрый Радкевіч.

18 сакавіка плануецца наведванне мінскай сінагогі Бэйс Ісраэль і сустрэча з галоўным равінам Рэлігійнага аб'яднання супольнасцяў прагрэсіўнага іудаізму Рыгорам Абрамовічам.

На 25 сакавіка запланавана наведванне праваслаўнага храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх засмучаных Радасць», а таксама Цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння. Экскурсію павядзе магістр педагагічных навук протадыякан гэтай праваслаўнай парафіі айцец Яраслаў Блізнюк. У межах сустрэчы пройдзе дыскусія ў фармаце круглага стала з удзелам прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Абноўлена 11.03.2021 23:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.