Пошук

12.08.2021 18:01   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Парафія Спаслання Духа Святога ў Барысаве можа ганарыцца не толькі надзвычай прыгожай новазбудаванай святыняй, але таксама тым, якое хараство стварылі каля яе тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Аляксеем Раманчуком.

Гэтая супольнасць была арганізавана пры капліцы на Кальварыі, заснаванай у XVIII стагоддзі і адноўленай у 2000 годзе па iнiцыятыве ксяндза Юзафа Пятушкi, марыяніна — сёння аднаго з найстарэйшых святароў у Беларусі.

Парафія знаходзіцца ў новай частцы горада, якая вельмі хутка развіваецца, і дзе жыве нямала католікаў.

У 2000 годзе мясцовымі ўладамі была выдзелена тэрыторыя для будаўніцтва касцёла. Маладой парафіяй напачатку апекаваліся ксяндзы з законніцкай супольнасці марыянаў, якія нясуць служэнне пры старым барысаўскім касцёле — адзіным у горадзе на Бярэзіне будынку, які памятае Напалеона і яго славутае «вялікае войска», — але з 2006 года за душпастырства і будаўніцтва касцёла тут узяліся дыяцэзіяльныя святары.

У 2007 годзе былі пабудаваны будынкі першай чаргi — гаспадарчы будынак і каплiца, у якой пачалі рэгулярна адбывацца набажэнствы. У 2013 годзе ва ўрачыстасць Звеставання Пана біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў пляцоўку пад будаўніцтва касцёла, а 25 мая 2014 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў вуглавы камень будучай святыні.

У 2016 годзе былі ўзведзены сцены, а з 2019 года ў будынку касцёла пачалі адбывацца набажэнствы. Як паведамлялася, у суботу 14 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніць пасвячэнне новазбудаванага касцёла Спаслання Духа Святога.

Да гэтай важнай і сапраўды гістарычнай падзеі вернікі маладой барысаўскай парафіі на чале са сваімі пробашчам падрыхтаваліся, як належыць.

Паглядзіце, якую прыгажосць яны стварылі каля сваёй святыні і ўсярэдзіне касцёла.

 

Абноўлена 13.08.2021 10:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця