Пошук

14.05.2021 08:28   Падрыхтавала: Валянціна Грамыка / Catholic.by

14 мая сваё 90-годдзе святкуе ксёндз Юзаф Пятушка МІС — святар, які асабіста ведаў ксяндзоў марыянаў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча з друйскага кляштара, загінулых разам са сваімі вернікамі ў часы Другой сусветнай вайны.

Ксёндз Юзаф «быў адным з першых афіцыйных пасланцоў Кангрэгацыі марыянаў на Беларусь, пачынаючы з 1989 года, калі прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падчас асабістай сустрэчы са Святым Айцом Янам Паўлам ІІ паабяцаў дазволіць каталіцкім святарам з-за межаў Савецкага Саюза весці душпастырскую дзейнасць на яго тэрыторыі».

Гэты факт апісвае ў сваёй кнізе «Апосталамі не нараджаюцца» беларускі журналіст Яраслаў Чапля. Выданне прысвечана асобе ксяндза Юзафа Пятушкі МІС, уражэнца Беларусі, сям’я якога ў ваеннае ліхалецце мусіла шукаць паратунку ў іншых краінах і воляю лёсу асела ў Польшчы. У амаль шасцідзесяцігадовым узросце ксяндза Юзафа з Польшчы скіравалі ў СССР. На прапанову сваіх манаскіх уладаў ён адказаў станоўча і дзейсна.

Журналіст Яраслаў Чапля апублікаваў у сваёй кнізе пяць змястоўных і адначасова шчымлівых гутарак з ксяндзом марыянінам, а ўводную частку выдання прысвяціў гісторыі прысутнасці марыянаў у Беларусі.

Святар, які перажыў няпростае дзяцінства і наступныя перыяды ў сваім жыцці, які пабачыў нямала людскога гора, цярпення і несправядлівасці, са спакоем сцвярджае, «што ў кожнага павінна быць свая Юдэйская пустыня і што сілу духа мусім здабываць у сабе змаганнем»:

«Мне зразумела, што ад „цела смерці“ можна вызваліцца толькі з дапамогай сілы духа і сваёй волі, якія жывяцца малітваю. Воля даецца нам як дар, але трымаецца змаганнем. Прычым здабываць сілу для падтрымання сваёй волі і сілы духа даводзіцца не дзесьці звонку, а ў сабе самім — а гэта, пагадзіцеся, зусім няпроста. Кожная настойлівая духоўная праца хрысціяніна патрабуе ўнутраных высілкаў, бо надта ўжо спрактыкаваныя непрыяцелі ў нас — пыха, хцівасць, зайздрасць, баязлівасць, эгаізм».

Шматгадовы душпастыр, дзелячыся з аўтарам кнігі досведам веры і жыцця, падкрэслівае:

«Кожнаму хрысціяніну, я думаю, трэба часцей містычна накіроўвацца ў Юдэйскую пустыню, каб глыбока паразважаць пра сябе, справядлiва ацаніць сілу ці бяссілле свайго хрысціянскага духа і паразмаўляць пра гэта з Езусам: не сумнявайцеся, Ён навучыць, як выйсці з пустыні пераможцам».

У кнізе абодва суразмоўцы — журналіст і святар — уздымаюць няпростыя пытанні, якія датычацца жыццёвых выбараў і сумлення. Узгадваецца хатынскі кат Васюра, які добраахвотна перайшоў на бок нацыстаў. Выбар гэтага чалавека ксёндз Юзаф пракаментаваў праз прызму хрысціянскай веры і бачання душпастыра: «Не можа быць, каб чалавек перайшоў на бок ворага без унутранага маналогу з самім сабой, падпарадкоўваючыся толькі эмоцыям. Напэўна, яго „пост“ доўжыўся менш чым 40 дзён, але яго хапіла, каб спакусіцца».

У кантэксце выбару ксёндз Юзаф пракаментаваў таксама сваё пакліканне: «Камуністычная сістэма ў кожнай краіне, маючы свае нацыянальныя ці якія іншыя адметнасці, усё роўна застаецца антыгуманнай, скіраванай на падаўленне свабоды асобы. Я гэта зразумеў даволі рана. I адной з прычын, чаму намерыўся пайсці ў духоўную семінарыю, было перакананне, што маё пакліканне наканавана мне на нябёсах, а выконваючы святарскі абавязак, я змагу захаваць сваю чалавечую годнасць.

Для мяне было важным заставацца ў свеце, але не залежаць ад яго».

Думкамі чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў святарскаму служэнню, можна дзяліцца бясконца: узбагачаючы сябе і іншых.

Гартаючы выданне, якое выйшла акурат да 90-а дня нараджэння ксяндза Юзафа Пятушкі (адзін з першых экзэмпляраў аўтар адразу ж даставіў герою сваёй кнігі), я спынілася над словамі, якія, на маю думку, гучаць як запавет і пажаданне:

«Мы з вамі разважаем не пра гісторыю хрысціянства, не пра Касцёл як сацыяльны інстытут, а пра канкрэтнага чалавека ў жывым Касцёле. Чалавека, які слабы, які змагаецца, які пакутуе, які ганарыцца сабой, — пра кожнага з нас, якога Пан Бог ахінае сваёй любоўю. А мы такія недасканалыя ў любові, нам так трэба вучыцца любіць — у Хрыста, адзін у аднаго. Дзяліцца нават гарчычным зернем любові — такая радасць!».

Здзіўляе гумар і цвярозасць розуму ксяндза Юзафа, які ў свае 90 прысутны ў сацсетках ды лістуецца праз электронную пошту.

Нават у звычайных віншаваннях святар стараецца падзяліцца важным — думкамі, якімі падтрымлівае іншых у складаных жыццёвых абставінах.

Так, дзякуючы за віншаванне з нагоды імянін, ксёндз Юзаф, які тады цяжка хварэў, дзеліцца сваёй верай у прысутнасць святога Юзафа ў гэты для яго «надзвычай складаны апошні час — час канца»: «Невыпадкова ён з’яўляецца апекуном добрай смерці і мяне асабіста. Урачы не далі свайго меркавання адносна палічаных дзён маіх, таму магу не губляць радасці… Застаюся і надалей нязменна самім сабой, удзячным за ўсялякае дабро».

Ксёндз Юзаф Пятушка MIC нарадзіўся 14 мая 1931 г. на хутары непадалёк ад Росіцы (Верхнядзвінскі раён). Падчас вайны сям’я выехала ў Латвію, адкуль нямецкай акупацыйнай уладай была вывезена ў Кёнігсберг (цяпер Калінінград) на будаўніцтва абарончых умацаванняў горада, а з 1945 г. жыла ў Польшчы ў гарадку Глухалазы недалёка ад Чэхаславацкай мяжы. У 1948 годзе быў прыняты ў навіцыят Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, пазней стаў студэнтам Варшаўскай духоўнай семінарыі. Пасля яе заканчэння служыў у базыліцы Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сточку Кляшторным, Евангелізацыйным цэнтры ў г. Грудзёндз, Люблінскім каталіцкім універсітэце, капеланам у шпіталі Інстытута неўралогіі і псіхіятрыі. З 1970 г. штогод прыязджаў у СССР, дзе патаемна цэлебраваў святыя Імшы і ўдзяляў святыя сакрамэнты. У 1990 г. прыехаў у Беларусь і да 2008 г. быў пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве. Вёў актыўнае душпастырскае служэнне ў многіх каталіцкіх асяродках і парафіях Барысаўскага, Лагойскага, Смалявіцкага,Талачынскага, Крупскага і Бярэзінскага раёнаў, аднавіў святыні ў Барысаве і Талачыне, пабудаваў касцёл у Крупках, прычыніўся да станаўлення парафій у Жодзіне і Нова-Барысаве. Жыве ў Жодзіне.

Яраслаў Чапля нарадзіўся ў 1958 г. у горадзе Ліда. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у лідскай раённай газеце і рэспубліканскай газеце «Звязда». З 1994 г. займаецца выдавецкай дзейнасцю. Аўтар кніг «Кулацкі эшалон» (пра раскулачванне і лёс сялян, высланых на Поўнач у пачатку 1930-х гадоў), «Ці гатовы я памерці заўтра?» (аб сакрамэнце пакаяння і паяднання), якая мела два выданні на беларускай мове, а таксама перакладзена на рускую і ўкраінскую мовы. Жыве ў Мінску.

Абноўлена 14.05.2021 11:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця