Пошук

30.07.2021 10:10   Catholic.by

ПАВЕДАМЛЕННЕ
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
адносна «Літургіі гадзінаў» у лічбавым фармаце

Чацвёрты том «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове анлайн

З вялікай радасцю паведамляю, што чацвёрты том «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове ў лічбавым варыянце даступны з 31 ліпеня 2021 года па адрасе lh.catholic.by.

Тэксты беларускай «Літургіі гадзінаў», перакладзеныя Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцікіх Біскупаў у Беларусі, зацверджаныя Канферэнцыяй Біскупаў і выдадзеныя ў чатырох тамах (Мінск 2012–2020) пры падтрымцы айцоў капуцынаў.

Выданне ў мінулым годзе чацвёртага тома «Літургіі гадзінаў» ў форме кнігі завяршыла шматгадовую працу над перакладам і выданнем чатырохтомніка «Літургія гадзінаў» на беларускай мове. Замову на атрыманне ўсіх кніг можна падаць праз e-mail: minsk.cap@gmail.com.

2 снежня 2017 года ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў дадзены ўрачысты старт новаму сайту, на якім у свабодным доступе змешчаны тэксты «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове. Тады з вялікай радасцю я запусціў Інтэрнэт-старонку электроннага брэвіярыя lh.catholic.by.

Праект «Лічбавы фармат Літургіі гадзінаў на беларускай мове» рэалізуецца ў межах дамовы паміж Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі як праваўладальнікам тэкстаў і айцамі марыянамі.

«Літургія гадзінаў» (лац. Liturgia Horarum) — літургічная кніга, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі штодзённай малітвы Божага народа, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: Гадзіны чытанняў, Ютрані, Малітвы на працягу дня, Нешпараў і Малітвы на заканчэнне дня — Камплеты. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, біблійныя і агіяграфічныя чытанні. Традыцыйная назва гэтай кнігі — «Брэвіярый» (лац. Breviarium).

У Рыма-Каталіцкім Касцёле ў Беларусі для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў на беларускай мове актуальна выкарыстоўваецца чатырохтомнік, які мае наступны падзел:

Наша эпоха пазначана лічбавымі тэхналогіямі. Касцёл ідзе ў нагу з часам і ўсё часцей выкарыстоўвае іх у пастырскай практыцы. Упэўнены, што лічбавы варыянт Літургіі гадзінаў будзе спрыяць паглыбленню штодзённай малітвы духоўных і свецкіх асобаў, каб на нашай зямлі выконваўся наказ Хрыста: «Трэба заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1).

Выказваю сардэчную ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у ажыццяўленні гэтага вельмі важнага пастырскага праекту і ад усяго сэрца благаслаўляю.

✠ Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 29 ліпеня 2021 года,
успамін святых Марты, Марыі і Лазара

Абноўлена 30.07.2021 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа