Пошук

20.07.2021 11:10   Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

У нядзелю 18 ліпеня, якая стала другім днём урачыстасцяў у гонар Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, у гэтым санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі з удзелам вялікай колькасці вернікаў адбыліся тры святыя Імшы, цэлебрацыю якіх узначалілі каталіцкія біскупы Беларусі.

Першую Імшу цэлебравалі апоўначы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Алег Буткевіч, Казімір Велікаселец і Юрый Касабуцкі.

Раніцай перад цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай вернікі спявалі Гадзінкі аб Найсвяцейшай Панне Марыі — папулярную ў народзе малітву, складзеную на ўзор Літургіі гадзінаў.

Пасля гэтага найстарэйшы каталіцкі іерарх у нашай краіне біскуп Казімір Велікаселец, які са студзеня выконвае абавязкі Апостальскага адміністратара sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на польскай мове. Божае слова на гэтай Эўхарыстыі прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звярнуў увагу на тое, што людзі часта надаюць вялікую ўвагу пэўным бачным сімвалам і прадметам, з якімі звязваюць асаблівую моц. У сувязі з гэтым іерарх раскрыў сапраўднае значэнне шкаплера, які Марыя дала як знак сваёй асаблівай апекі і абароны для тых, хто будзе яго насіць.

«Але гэта не дзейнічае аўтаматычна.

Збаўляе не сам шкаплер, а вера, надзея і любоў, якія робяць чалавека сапраўдным дзіцём Божым. Менавіта гэтыя цноты, якімі ў найвышэйшай ступені валодала Найсвяцейшая Панна Марыя, поўная ласкі слуга Пана, становяцца для нас надзейнай абаронай ад зла і зарукай збаўлення душы», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Заключную цэлебрацыю апоўдні ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Божае слова на гэтай Эўхарыстыі прамовіў яго папярэднік на пасадзе кіраўніка епіскапату краіны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перадусім іерарх звярнуў увагу на тое, што гара Кармэль была звязаная з дзейнасцю прарока Іллі — вялікага Божага рупліўца, які нястомна заклікаў народ быць верным Запавету з Богам і адважна змагаўся з праявамі ідалапаклонніцтва.

«У Старым Запавеце гара Кармэль апісваецца як сімвал боскай прыгажосці. Біблейскае прароцтва згадвае гэтае месца, прадстаўляючы будучае благаслаўленне Бога. Кажуць, што грэцкі філосаф Піфагор спыніўся там падчас свайго падарожжа ў Егіпет. Згодна з хрысціянскай традыцыяй, Святая Сям’я — Езус, Марыя і Юзаф — таксама спынялася на гэтай гары падчас вяртання з Егіпта», — зазначыў заслужаны іерарх, нагадаўшы, што з гэтай гарой таксама звязана паходжанне манаскага ордэна кармэлітаў, праз які Марыя дала шкаплер — знак сваёй асаблівай апекі над тымі, хто яго пабожна носіць.

Гаворачы пра духоўнае значэнне Кармэля сёння, арцыпастыр адзначыў: «Сучасны свет і наша краіна шмат у чым падобныя да Ізраэля ў часы прарока Іллі. Многія адмаўляюцца ад пакланення сапраўднаму Богу і прытрымліваюцца ілжывых „бажкоў“ матэрыялізму, задавальненняў, усёдазволенасці ў справах маральнасці… Чалавек адрынае Бога і сам займае яго месца.

Незахаванне Божага закону вядзе да злоўжыванняў у жыцці грамадства. Калі ўсе яго суб’екты не будуць працаваць на агульную карысць, то ў ім наступаюць напружанасці і падзелы».

Звярнуўшы ўвагу на падзел, які ўзнік у Ізраэлі ў часы прарока Іллі з-за таго, што частка народа засталася вернай Богу, а частка адхілілася ў ідалапаклонства, арцыбіскуп нагадаў пра трагічныя наступствы, да якіх гэты падзел прывёў: засуха, голад і гібель вялікай колькасці людзей.

«У наш час адыходу ад Бога ў Касцёле працягвае гучаць прарочы голас, які заклікае да навяртання і жыцця згодна з Божым законам. Неабходна толькі прыслухацца да яго.

Сёння наша падзеленае грамадства перажывае духоўную засуху, якая з’яўляецца прычынай розных крызісаў і праблем. Мы назіраем праявы несправядлівасці, адсутнасці духа пакаяння, прабачэння і паяднання.

Да гэтых паталогій далучацца небачаны дагэтуль крызіс сям’і, Божага дару жыцця, алкагалізм, наркаманія, спробы ўвесці незгоднае з Божым законам гендарнае выхаванне ў школах. Усё гэта сведчыць аб духоўнай хворобе нашага грамадства. Для лячэння патрэбны дождж Божай ласкі, які дапаможа духоўна адрадзіць яго і прывядзе, як кажа Папа Францішак, да „культуры сустрэчы“, якая будзе будаваць масты. Суб’ектам гэтай культуры з’яўляецца народ», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што праграма выйсця з духоўнага і грамадска-палітычнага крызісаў заключаецца ў словах Марыі ў Кане Галілейскай, калі Яна прасіла зрабіць тое, што кажа Езус, а таксама ў закліку самога Хрыста: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

«Мы звяртаемся да Маці Божай Шкаплернай, каб Яна выпрасіла ў свайго Сына для нашага народа ласку навяртання да жыцця згодна з Божым законам, а таксама ласку мірнага пераходу ад культуры падзелаў да культуры адзінства, як вучыць Папа Францішак», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Завяршаючы цэлебрацыю урачыстасцяў у Гудагаі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч запрасіў усіх шанавальнікаў Марыі ўзяць удзел у фэсце Маці Божай Валадаркі Азёраў, які пройдзе ў жніўні ў Браславе. Яшчэ адно запрашэнне скіраваў удзельнікам ксёндз Алег Шпень, пробашч размешчанай непадалёк парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках, дзе ў наступную нядзелю адбудзецца адпустовая ўрачыстасць і святая Імша пры крыніцы святога Якуба каля вёскі Тракелі, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пробашч гудагайскай парафіі і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай айцец Аркадзь Куляха OCD на заканчэнне фэсту падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго правядзення.

Абноўлена 20.07.2021 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця