Пошук


Увечары 18 ліпеня некалькі соцень удзельнікаў урачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай у санктуарыі ў Гудагаі прайшлі Крыжовым шляхам па самай працяглай Кальварыі ў Беларусі.

Набажэнства, якое сёлета ў межах фэсту адбылося ўжо ў адзінаццаты раз, стала яго адметнай і неад’емнай часткай. Як прызнаваліся ўдзельнікі, Крыжовы шлях на Кальварыі ў Гудагаі — самы цяжкі. Ён праходзіць па полі і ўзлесках, дарогу часта перагароджваюць вялікія валуны і карэнне дрэваў змяшанага бору.

Нягледзячы на тое, што прайсці гэтыя тры з паловаю кіламетры нялёгка нават здароваму даросламу чалавеку, сярод удзельнікаў — і пажылыя асобы, якія кульгаюць, абапіраючыся на кіёчкі, і зусім малыя дзеткі.

Нават не разумеючы добра значэнне таго, што адбываецца, яны беспамылкова адчуваюць асаблівасць моманту і без нараканняў тупаюць маленькімі ножкамі, не просячыся на рукі да бацькоў.

«Калі любіш Мяне, бяры крыж, ідзі за Мной», — гучаць словы спеву пад гітару.

Крыжовы шлях — малітва, у якой чалавек удзельнічае ўсёю сваёю істотаю: і душою, і сэрцам, і целам.

Гэта дапамагае перажыць асаблівую еднасць з Хрыстом, адчуць Яго нябачную, але жывую і дзейсную прысутнасць.

Глыбокія разважанні і агульная атмасфера малітвы спрыяе паяднанню з Хрыстом у сакрамэнце пакаяння. Крыху воддаль ад галоўнай групы ідуць святары з фіялетавымі стуламі, якія па дарозе спавядаюць вернікаў. Разам з айцамі кармэлітамі, якія апякуюцца гудагайскім санктуарыем і створанай імі Кальварыяй, з паслугаю паяднання ідуць біскупы Алег Буткевіч, Юрый Касабуцкі і Казімір Велікаселец, які сёлета адзначыў свой 75-гадовы юбілей.

Ужо ў прыцемку набажэнства завяршаецца на местачковых могілках малітваю за памерлых. Малітваю, поўнаю надзеі на сустрэчу з тымі, з кім давялося развітацца на зямлі, у Валадарстве Хрыста, які за нас памёр і ўваскрос.

 

Абноўлена 20.07.2020 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа