Пошук

01.05.2020 11:52   Паводле: Сhurch.by / Catholic.by
Фота: Сhurch.by

Следам за Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел выступіў з заявай у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

30 красавіка тэкст заявы Патрыяршага Экзарха, скіраванай да арцыпастыраў, святароў, дыяканаў, манахаў і ўсіх праваслаўных вернікаў Беларусі, быў апублікаваны на афіцыйным партале Беларускай Праваслаўнай Царквы Сhurch.by.

«У цяперашнія пасхальныя дні жыхары Беларусі, як і ўсяго свету, перажываюць асаблівае пачуццё трывогі за сябе і сваіх родных і блізкіх у сувязі з працягам распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі», — зазначае праваслаўны іерарх напачатку. Ён нагадвае, што для прадухілення распаўсюджвання інфекцыі адпаведныя інструкцыі, заснаваныя на кампетэнтных рэкамендацыях спецыялістаў-эпідэміёлагаў, неаднаразова скіроўваліся ў епархіі, манастыры і прыходы Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«На жаль, не ўсе веруючыя жыхары Беларусі і дзеці нашай Царквы аднесліся да рэкамендацый спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя і заклікаў іерархіі Царквы з належнай увагай і паслухмянасцю.

Мы не зачынялі храмы і манастыры для наведвання ў дні пасхальных урачыстасцяў, заклікаючы ўсіх захоўваць санітарныя нормы і меры перасцярогі, але легкаважнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і неадказныя адносіны да выканання інструкцый па прадухіленню захворвання з боку паасобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, манахаў і свецкіх вернікаў як з ліку прыходскіх працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых прыхаджанаў», — з горыччу канстатуе Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён адзначае, што цяпер некаторыя святары і манахі праходзяць лячэнне, а таксама смуткуе з прычыны смерці ад каранавірусу святара Мінскай епархіі Генадзя Буцько.

«У сувязі з няпростай сітуацыяй, якая сёння склалася, я зноў заклікаю архіпастыраў, пастыраў, ігуменаў, ігуменняў і ўсіх верных дзяцей Беларускай Праваслаўнай Царквы прыслухацца да заклікаў Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, якія праяўляюць вялікі клопат пра нашае здароўе і нават жыццё», — падкрэслівае першаіерарх Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Ён нагадвае, што, захоўваючы санітарныя нормы, кожны чалавек зможа забяспечыць не толькі сябе, але і іншых ад страшнага захворвання. Яшчэ раз звяртаючы ўвагу адказных духоўных асоб на неабходнасць падпарадкоўвацца распараджэнням Патрыярха і Сіноду, а таксама захоўваць усе раней даведзеныя да ведаму інструкцыі, Мітрапаліт Павел падкрэслівае:

«Памятайце, што нядобрасумленныя адносіны ці свядомае незахаванне санітарных норм, а таксама любыя заклікі ігнараваць заснаваныя на кампетэнтным меркаванні медыкаў інструкцыі іерархіі Царквы падчас эпідэміі з’яўляюцца не сведчаннем веры ці „трывання ў Праўдзе“, але злачынствам супраць бліжніх, а значыць — і супраць Бога. І адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад Богам па евангельскім законе, а перад людзьмі — па законах дзяржавы. У выпадку выяўлення адкрытага ігнаравання санітарных норм клірыкі будуць паддадзены самым строгім кананічным карам і могуць быць прыцягнуты да царкоўнага суду».

Разам з тым Патрыяршы Экзарх просіць духавенства па меры магчымасці працягваць правядзенне набажэнстваў, кіруючыся пры гэтым сітуацыяй на месцах.

Варта нагадаць, што каталіцкія біскупы Беларусі таксама выдалі адпаведныя распараджэнні, мэта якіх — прадухіліць заражэнне каранавіруснай інфекцыяй. У сувязі з гэтым у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, дзе жыве найбольшая ў нашай краіне колькасць католікаў, былі перанесены на пазнейшы час урачыстасці Першай святой Камуніі і ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі.

Гэтыя рашэнні біскупаў не могуць быць ігнараваныя ў паасобных парафіях духавенствам і вернікамі.

У сённяшняй складанай эпідэміялагічнай сітуацыі нармальнае правядзенне згаданых урачыстасцяў становіцца фактычна немагчымым, у сувязі з чым пробашчам, якія нясуць асабістую адказнасць за выкананне распараджэнняў сваіх пастыраў, даручана адкласці іх на пазнейшы час.

Абноўлена 01.05.2020 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа