Пошук

28.04.2020 11:44   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Depositphotos.com

27 красавіка Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выдаў распараджэнне, у якім папярэдзіў духавенства аб асабістай адказнасці за незахаванне дадзеных кампетэнтнай царкоўнай уладай указанняў, скіраваных на прадухіленне каранавіруснай інфекцыі.

У распараджэнні, апублікаваным на афіцыйным сайце Маскоўскага Патрыярхату Рatriarchia.ru, кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы нагадаў настаяцелям манастыроў, прыходаў і падвор’яў гарадской часткі Маскоўскай епархіі, а таксама ўсім духоўным асобам пра іх асабістую адказнасць за захаванне ў даручаных іх апецы царкоўных структурах распараджэнняў і ўказанняў, скіраваных на абмежаванне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і прадухіленне масавай пагрозы жыццю людзей.

У дадатку да распараджэння Патрыярха прыкладзены спіс з сямі дакументаў, якія, пачынаючы з сярэдзіны сакавіка і да мінулага тыдня былі разасланыя кампетэнтымі царкоўнымі ўладамі духавенству Маскоўскай епархіі.

Сярод іх «Інструкцыя настаяцелям прыходаў і падвор’яў, ігуменам і ігуменням манастыроў Маскоўскай епархіі ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі», «Рэкамендацыі для святара, які прыбыў па выкліку на дом да пажылой асобы, не заражанай каранавіруснай інфекцыяй і не абавязанай захоўваць каранцін» з далучанымі ўказаннямі на выпадак паступлення просьбы ад асобы, якая знаходзіцца на каранціне, ці ад асобы, заражанай каранавіруснай інфекцыяй, якая знаходзіцца на хатнім лячэнні або ў шпіталі, цыркулярныя лісты адносна выканання ў царкоўных структурах прадпісанняў галоўнага санітарнага ўрача горада Масквы, «Памятка для вікарыятаў, прыходаў і падвор’яў горада Масквы ў сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі», а таксама нядаўні «План супрацьэпідэміічных мерапрыемстваў у манастыры супольнага жыцця пры выяўленні сярод насельнікаў хворага на ВРВІ і / ці каранавірусную інфекцыю».

«У тых выпадках, калі незахаванне гэтых распараджэнняў і ўказанняў пацягне за сабою заражэнне чалавека каранавіруснай інфекцыяй, а ў наступстве — смерць з прычыны гэтага заражэння, вінаваты можа быць прыцягнуты да царкоўнага суду, а ў іншых выпадках — да царкоўна-адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з наўмысным ігнараваннем мер, якія дазваляюць захаваць людзей ад масавага заражэння смяротнай хваробай», — адзначаецца ў распараджэнні Патрыярха Кірыла.

Варта нагадаць, што каталіцкія біскупы Беларусі таксама выдалі адпаведныя распараджэнні, мэта якіх — прадухіліць заражэнне каранавіруснай інфекцыяй. У сувязі з гэтым у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі, дзе жыве найбольшая ў нашай краіне колькасць католікаў, былі перанесены на пазнейшы час урачыстасці Першай святой Камуніі і ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі.

Гэтыя рашэнні біскупаў не могуць быць ігнараваныя ў паасобных парафіях духавенствам і вернікамі.

У сённяшняй складанай эпідэміялагічнай сітуацыі нармальнае правядзенне згаданых урачыстасцяў становіцца фактычна немагчымым, у сувязі з чым пробашчам, якія нясуць асабістую адказнасць за выкананне распараджэнняў сваіх пастыраў, даручана адкласці іх на пазнейшы час.

Абноўлена 28.04.2020 12:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.