Пошук

22.01.2024 15:45   Паводле: Blagovest-info.ru / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Фота: Blagovest-info.ru

17 студзеня ў Маскве ў культурным цэнтры «Покровские ворота» адбыўся вечар памяці Папы Бэнэдыкта XVI пад назвай «Пане, я люблю Цябе…»

Як паведамляе «Благовест-инфо», у межах сустрэчы адбылася прэзентацыя рускага выдання кнігі Ёзэфа Ратцынгера «Езус з Назарэта» (пераклад з нямецкай).

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пэццы, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Валакаламскі Антоній (Сеўрук) і тыя, хто асабіста быў знаёмы з Папам Бэнэдыктам XVI і мае дачыненне да выдання кнігі.

Кніга «Езус з Назарэта» на рускай мове — гэта сумесны выдавецкі праект Маскоўскай Патрыярхіі і Акадэміі Sapientia et Scientia (Італія), ажыццяўлёны да першай гадавіны смерці Бэнэдыкта XVI, якая прыпадала 31 снежня 2022 года. Адзіны том уключае трылогію, якая выходзіла асобнымі тамамі і ў розныя гады выдавалася на рускай мове.

Сам аўтар прывітаў гэтае выданне і за некалькі месяцаў да смерці напісаў прадмову да рускага перакладу, у якім адзначыў: «У гэтай кнізе мне хацелася развеяць заслону туману, якой акружылі фігуру Езуса многія Яго тлумачальнікі. <…> Безумоўна, многія хацелі б штосьці ў Езуса пераняць, але для большасці невыносна бачыць у Ім прэтэнзіі на Жывога Бога. <…> Мая кніга „Езус з Назарэта“ пра тое, як падрыхтаваць сэрца да рашэння ісці за Хрыстом да канца. Я хачу абудзіць у нас адначасова з пазнаннем Езуса любоў да Яго і праз гэта знайсці шлях да жыцця, пераадольваючы ўсё свецкае».

Фота: Blagovest-info.ru

Для новай кнігі яшчэ дзве прадмовы напісалі старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Антоній і дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Фпранцішка кардынал П’етро Паралін, які ацэньвае гэты сумесны выдавецкі праект як «пацвярджэнне „безумоўнага аўтарытэту“, прызнанага Рускай Праваслаўнай Царквой за багаслоўем Ёзафа Ратцынгера». Прадмову самога аўтара да арыгінальнага нямецкага выдання і фрагменты аднаго з раздзелаў прачытаў на мерапрыемстве малады акцёр.

На пачатку сустрэчы навуковы супрацоўнік культурнага цэнтра «Покровские ворота» Джавана Паравічыні прадэманстравала відэазапіс сустрэчы Папы Бэнэдыкта XVI са святарамі ў Рыме, дзе ён казаў пра свой падыход да багаслоўя. Пантыфік тады распавёў, што займаецца тэалогіяй з 1946 года, і за гэтыя доўгія гады прыйшоў да тэалогіі, «якая пабуджаецца любоўю і любоўю кіруецца, якая прагне больш спазнаць Умілаванага», «якая імкнецца глыбей увайсці ў супольнасць з Хрыстом».

«Мы, багасловы, павінны смела пераадольваць пазітывізм і эксперыментальна даказальнае і ісці да новага вопыту Бога з намі і нас з Богам»,

— выказаўся тады Пантыфік.

Гэты падыход увасоблены ў прадстаўленай кнізе, якая выяўляе новыя аспекты сучаснай тэалогіі, што ставіць у цэнтр сустрэчу з Хрыстом як «з Асобай, якая, адкрываючы жыццю новы далягляд, такім чынам паказвае ёй вызначальны кірунак», як пісаў Бэнэдыкт XVI.

Арцыбіскуп Пэццы згадваў сустрэчы з кардыналам Ратцынгерам, а потым і аўдыенцыі ў Папы Бэнэдыкта XVI, які асаблівую ўвагу надаваў зносінам са святарамі, кожны раз падкрэсліваючы, што для ўсіх святароў «няма нічога важней, чым паглыбляцца ў асобу Езуса, ужывацца ў Ягонае жыццё». Кіраўнік архідыяцэзіі ў Маскве высока ацаніў новае выданне, яго тэалагічнае значэнне і місіянерскі патэнцыял.

«Мы жывем у эпоху, калі фактычна паўсюль стараюцца „прыбраць“ Хрыста з жыцця грамадства, сем'яў, людзей… І вось тады, менавіта ў гэтыя моманты, сам Хрыстус — гэта наша надзея», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Па словах іерарха, кніга «Езус з Назарэта» паказвае «ўнутраную сувязь, глыбокія „зносіны“, якія злучаюць Хрыста з усімі тымі, хто верыў у Яго і будзе верыць у Яго, і сведчыць аб Ім сваім жыццём»; яна «прапануе ўсім нам цудоўную дапамогу, каб жыць сваім пакліканнем і місіяй».

Мітрапаліт Антоній лічыць прадстаўленую кнігу «звянчаннем усёй багаслоўскай творчасці Бэнэдыкта XVI». Паводле яго словаў, яе нельга паставіць у адзін шэраг са шматлікімі манаграфіямі пра Хрыста, паколькі «гэта праца ставіць Богачалавека ў цэнтр дэбатаў нашай эпохі аб культуры, палітыцы, грамадскіх адносінах, аб паняцці справядлівасці і магчымасці сапраўды універсальнай этыкі, <…> аб ролі хрысціянаў у перамяненні свету…». Узгадваючы свае зносіны з Папам Бэнэдыктам XVI, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў адзначыў, што Пантыфік надаваў асаблівае значэнне развіццю ўзаемадзеяння Каталіцкага Касцёла з хрысціянскім Усходам і Рускай Праваслаўнай Царквой у прыватнасці. «Выбудоўванне адносін з Праваслаўем успрымалася Папам Ратцынгерам як паўнацэнны стратэгічны вектар, звязаны з арыгінальным і глыбокім бачаннем місіі хрысціянаў у XXI стагоддзі», — сцвердзіў праваслаўны іерарх.

Гэтую тэму працягнуў Ігар Лапшын, каардынатар праекту з расійскага боку, які адзначыў, што гэта не першае выданне кнігі Бэнэдыкта XVI на рускай мове, зробленае Маскоўскай Патрыярхіяй сумесна з італьянскімі калегамі.

Тамы трылогіі «Езус з Назарэта», а таксама «Багаслоўе літургіі» — гэты «ланцуг выдавецкіх падзей забяспечвае культурны мост паміж хрысціянамі розных традыцый».

З боку Акадэміі Sapientia et Scientia выданне новай кнігі курыраваў складальнік італьянскага «Поўнага збору твораў» Папы Бэнэдыкта XVI прафесар П’ерлука Адзара. Далучыўшыся да сустрэчы анлайн, ён павіншаваў рускамоўных чытачоў з выданнем кнігі, распавёў пра свае сустрэчы з аўтарам і падкрэсліў, што «Езус з Назарэта» — пра тое, «як ісці за Хрыстом да канца, без абыходных шляхоў, без «але» і «калі». «Толькі такое хрысціянства нараджае любоў», — падзяліўся Адзара.

Джавана Паравічыні нагадала, што дэвізам вечарыны сталі словы Бэнэдыкта XVI, якія ён вымавіў перад смерцю: «Ён адчуваў, што мы ўсе Хрыстовыя, што мы Яму належым, што ў гэтым прыгажосць і сэнс жыцця… Быць народжанымі ад Бога — гэта асяродак спадчыны, якую ён нам пакінуў.

Абноўлена 22.01.2024 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця