70 гадоў таму, 29 чэрвеня 1951 года, сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату прынялі браты Ратцынгеры: малодшы Ёзаф, які пазней стаў Папам Бэнэдыктам XVI, і старэйшы Георг (1924–2020), які доўгі час нёс святарскае служэнне ў катэдры Рэгенсбурга.
Як узгадваў Папа эмерыт у сваіх усапмінах «Маё жыццё», той сонечны летні дзень быў для яго самым узнёслым днём у жыцці. У катэдры Маці Божай у Фрайзінгу сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату братам удзяліў арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга кардынал Міхаэль фон Фаўльгабэр. Сваю прыміцыйную Імшу будучы Папа цэлебраваў 8 ліпеня у баварскім мястэчку Траўнштайн, дзе тады жылі яго бацькі.
«Нас было больш за 40 кандыдатаў, якія на заклік адказвалі Adsum — „прысутнічаю“.
Я вельмі добра памятаю той сонечны летні дзень. Гэта быў кульмінацыйны момант майго жыцця. У тую хвіліну, калі пажылы біскуп усклаў на мяне рукі, нейкая птушачка узнялася з галоўнага алтара катэдры і заспявала радасную мелодыю. Гэта быў для мяне як быццам голас звыш: „Вельмі добра, ты на адпаведным шляху!“» — узгадваў Ёзаф Ратцынгер у аўтабіяграфіі, выдадзенай у 1998 годзе пад назваю «Маё жыццё», урыўкі з якой прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Аднак у кнізе-інтэрв’ю «Соль зямлі», якая з’явілася ў 1996 годзе, Ратцынгер прызнаўся, што ўжо падчас вучобы ў семінарыі задаваў сабе пытанне, ці цэлібат і святарства гэта для яго належны выбар. «Я заўсёды бачыў перад сабою галоўны кірунак», хоць разам з тым «хапала і крызісаў». Ён узгадваў, што заўсёды захапляўся перадусім тэалогіяй як навукай, «але сказаць „так“ святарству азначала для мяне сказаць „так“ усяму заданню, нават у яго найгоршых формах».
24-гадовы Ёзаф Ратцынгер быў самым маладым з кандыдатаў. Чорна-белыя кадры кінахронікі пасвячэння захавалі той момант, калі малады Ёзаф Ратцынгер з хваляваннем, склаўшы рукі, уваходзіць у касцёл.
Тады ніхто нават не здагадваўся, што праз 54 гады ён стане Папам.
Падчас святкавання 60-годдзя святарства братоў Ратцынгераў сябра іх дзяцінства Рупэрт Бэргер узгадваў у размове з нямецкім каталіцкім інфармацыйным агенцтвам KNA урачыстасць іх пасвячэння ў ліку 42-х новых святароў архідыяцэзіі.
Катэдра ў Фрайзінгу была поўная да краёў: уваходзячы, духавенству даводзілася літаральна праціскацца праз натоўп. Урачыстасць працягвалася чатыры гадзіны: усё паводле старога абраду і, вядома, на лаціне. Толькі каментатар з амбоны тлумачыў па-нямецку, што адбывалася ўперадзе.
У родны дом Ратцынгеры вярнуліся толькі пасля Нешпараў.
У Траўнштайне новапрэзбітэраў віталі натоўпы людзей, якія сёння можна ўбачыць толькі тады, калі футбалісты нацыянальнай зборнай выйграюць кубак на топ-турніры.
Увечары на набажэнстве ў мясцовым касцёле святога Освальда ўпершыню прамовіў новапасвячаны Ёзаф Ратцынгер, які казаў пра Эўхарыстыю.