1 ліпеня ў Рэгенсбургу (Германія) на 97-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Георг Ратцынгер, брат Бэнэдыкта XVI.
Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у 1964–1994 гадах святар быў капельмайстрам рэгенсбуржскай катэдры, а таксама кіраўніком мясцовага хлапечага хору Regensburger Domspatzen. Калектыў пад кіраўніцтвам роднага брата Пантыфіка даў больш за тысячу канцэртаў у Германіі і за мяжой, здабыўшы міджнародную вядомасць. Ксёндз Георг Ратцынгер быў аўтарам некаторых кампазіцый. Сярод іх Імша L’Anno Santo на год Вялікага Юбілею 2000.
Але для яго заўсёды самым галоўным было святарскае служэнне ў катэдры.
Пасля выхаду на пенсію ксёндз Георг жыў у Рэгенсбургу, часам наведваў свайго малодшага брата ў Ватыкане. Гаворачы пра свой доўгі зямны шлях, 69 гадоў якога былі прысвечаны святарству, ён падкрэсліваў, што ўдзячны Богу за ўсе заданні, якія Ён яму даваў, а таксама за добрую сям’ю, у якой ён нарадзіўся 15 студзеня 1924 года.
Некалькі дзён таму Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI наведаў свайго хворага брата ў Рэгенсбургу і цэлебраваў разам з ім святую Імшу.
Георг Ратцынгер нарадзіўся ў Плайскірхене. Самай старэйшай з траіх дзяцей у сям’і Ратцынгераў была сястра Марыя, якая памерла ў 1991 г. у Рэгенсбургу і была там пахавана ў сямейнай грабніцы побач з бацькамі.
Прэзбітэрскае пасвячэнне абодва браты Ратцынгеры прынялі ў адзін дзень, 29 чэрвеня 1951 г. у Фрайзінгу.
Пазней іх шляхі ішлі ў розных кірунках. Ёзаф рабіў кар’еру ва ўніверсітэце і ў Рыме, Георг вывучаў касцёльную музыку ў Вышэйшай музычнай школе ў Мюнхене.
У 1999 г. ксёндз Георг Ратцынгер атрымаў тытул доктара honoris causa Папскага інстытута касцёльнай музыкі, у 2004 г. быў менаваны ганаровым прафесарам Вышэйшай школы сакральнай музыкі ў Рэгенсбургу. У 2005 г. хлапечы хор, кіраўніком якога ён з’яўляўся, выступіў перад Бэнэдыктам XVI у Сікстынскай капэле. Ксёндз Георг вельмі любіў музыку Моцарта.
Усё жыццё браты падтрымлівалі вельмі блізкія адносіны, часта праводзілі разам святы і адпачынак, тэлефанавалі адзін аднаму, у тым ліку пасля абрання кардынала Ёзафа Ратцынгера Папам і пасля яго сыходу на пенсію.
СМІ скіравалі вялікую ўвагу на капельмайстра з Рэгенсбурга пасля абрання яго брата на Святы Пасад 19 красавіка 2005 г.
Спачатку яму было цяжка прыняць гэтую падзею, бо браты планавалі супольна правесці апошнія гады жыцця — у спакоі, удалечыні ад натоўпаў. Але з хвіліны, калі Ёзаф Ратцынгер стаў Пантыфікам, яго брат мусіў прызвычаіцца да ўвагі мас-медыя як адзіны найбліжэйшы член сям’і Папы. З гэтага часу браты не маглі ўжо праводзіць разам адпачынак, як раней, у іх улюбёнай Баварыі, паўднёвым Тыролі ці ў ваколіцах Зальцбурга ў Аўстрыі.
У 2011 г. з нагоды візіту Бэнэдыкта XVI у Германію выйшла кніга «Мой брат, Папа», падрыхтаваная ў форме вельмі асабістай размовы, якую праводзіў з кс. Георгам гісторык Міхаэль Хэзэман. Брат Папы прадстаўляе ў ёй прыватныя бакі сямейнага жыцця Ратцынгераў, апісвае глыбокія сувязі, якія злучалі траіх дзяцей у сям’і. Таксама ён распавядае, якія тэлеперадачы і якіх жывёл любіць Папа і што ўратавала яму жыццё ў дзяцінстве.
З асаблівай узрушанасцю кс. Георг апавядаў пра 19 красавіка 2005 г., калі яго брата абралі Папам. Па яго словах, у той момант ён падумаў, што перад Ёзафам Ратцынгерам стаіць вялікі выклік і велізарная задача, а таксама яму «стала сумна, што цяпер у яго, напэўна, ужо не будзе для мяне часу».
Па словах выдаўца кнігі, гэтая праца, створаная з нагоды 60-гадовага юбілею святарства абодвух братоў, з'яўляецца своеасаблівым духоўным тэстамэнтам гэтага святарскага шляху, пройдзенага разам.
Ужо некалькі гадоў стан здароўя кс. Георга Ратцынгера выклікаў усё большы непакой. Некалькі разоў ён ляжаў у рымскай клініцы Джэмэллі з-за парушэнняў кровазвароту, меў таксама сур’ёзныя праблемы са зрокам. Але ён ніколі не хацеў жыць пастаянна ў Ватыкане. Браты праводзілі разам увесь жнівень у Кастэль Гандольфа, часта размаўлялі па тэлефоне. Як казаў кс. Георг, падчас прабывання ў Ватыкане ці ў Кастэль Гандольфа у іх была па меншай меры «замена» былога сямейнага жыцця. Старэйшы брат працягваў называць Бэнэдыкта XVI па імені, кажучы: «Ён заўсёды будзе для мяне Ёзафам».
Ксёндз Георг не быў вельмі засмучаны, калі даведаўся, што яго брат адмовіўся ад працягу свайго пантыфікату. У адказ на пытанні СМІ ён звярнуў увагу на пажылы ўзрост брата і падкрэсліў, што ён «сапраўды рады, што яму ўжо не трэба несці на сваіх плячах цяжар Касцёла».
Нягледзячы на ўзрост і слабое здароўе, кс. Георг Ратцынгер ніколі не страчваў пачуццё гумару.
«Хоць з кожным днём мой зрок усё слабейшы, я не губляю ні гумару, ні апетыту», — казаў ён. Яго дом у Рэгенсбургу часта наведвалі былыя члены хлапечага хору, праводзячы час у сяброўскіх размовах і ўспамінах.