18 чэрвеня ў першай палове дня Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI прыбыў у Германію, каб наведаць у шпіталі свайго цяжкахворага брата Георга.
Калі Бэнэдыкт XVI вернецца ў Ватыкан, пакуль не паведамляецца.
Як інфармуе польская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа на пенсіі спыніўся ў духоўнай семінарыі Рэгенсбурга. У паездцы Бэнэдыкта XVI суправаджае яго асабісты сакратар арцыбіскуп Георг Генсвайн. У аэрапорце Мюнхена Папу на пенсіі, які прыбыў на радзіму, прывітаў біскуп Рэгенсбуржскі Рудольф Водэрхольцэр, які папрасіў усіх з павагай аднесціся да прыватнага характару гэтага візіту.
Браты Ратцынгеры заўсёды падтрымлівалі шчыльную сувязь адзін з адным. Яны разам прынялі святарскае пасвячэнне 29 чэрвеня 1951 года. Георг, які на тры гады старэйшы за Ёзафа, рэгулярна наведваў свайго брата-Папу ў Ватыкане.
«З нараджэння мой брат быў мне не толькі таварышам, але таксама надзейным правадніком, — сказаў у 2008 годзе Бэнэдыкт XVI. — Дзякуючы сваім ясным і цвёрдым рашэнням ён заўсёды быў для мяне маяком і арыенцірам».