19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI у Рэгенсбургу цэлебруе святую Імшу разам са сваім старэйшым братам ксяндзом Георгам Ратцынгерам.
У гэты дзень Касцёл узносіць асаблівыя малітвы аб святасці святароў.
Як са спасылкай на Рэгенсбуржскую дыяцэзію перадало Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, ужо ўчора, адразу пасля прыбыцця ў Германію, Папа на пенсіі цэлебраваў Эўхарыстыю разам са сваім братам, з якім 69 гадоў таму, 29 чэрвеня 1951 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Пасля гэтага Бэнэдыкт XVI скіраваўся ў духоўную семінарыю, каб адпачыць, а вечарам зноў вярнуўся ў шпіталь да брата.
Падкрэсліваецца, што візіт Бэнэдыкта XVI у Баварыю носіць прыватны характар і невядома, колькі ён працягнецца.
Папа на пенсіі ўпершыню пакінуў Ватыкан з моманту свайго сыходу з Пасаду святога Пятра у 2013 годзе.
Рэгенсбуржская дыяцэзія інфармуе, што ў першую раніцу на радзіме Папу чакала ў семінарыі сапраўднае баварскае снеданне. Былі таксама брэцалі (традыцыйныя крэндзелі), якім узрадаваўся і асабісты сакратар Папы на пенсіі арцыбіскуп Георг Генсвайн, які спадарожнічае яму ў нечаканай паездцы ў Германію.
Як стала вядома, сёння браты Ратцынгеры разам паласуюцца яблычным штрудэлем — папулярнай у Баварыі і Аўстрыі выпечкай.