
Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне аб’яўляе прыём абітурыентаў на 2025-2026 навучальны год.
Гэтай восенню семінарыя распачне 36-ы навучальны год. «Яна клапоціцца пра тое, каб Касцёлу ў Беларусі служылі верныя, адданыя пастыры, і як вышэйшая навучальная ўстанова Рыма-каталіцкага Касцёла дае неабходныя веды і развівае якасці, патрэбныя для плённага служэння людзям і Касцёлу ў якасці святара», — паведамілі парталу Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by у семінарыі і працытавалі наступныя словы: «Вышэйшыя семінарыі для фармацыі святароў неабходныя. Інтэгральнае выхаванне ў іх павінна быць скіравана на тое, каб па прыкладзе нашага Пана Езуса Хрыста, Настаўніка, Святара і Пастыра, семінарысты сталі сапраўднымі пастырамі душ» (Optatam Totius, 4).
Паводле дакумента Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis ад 8 снежня 2016 года працэс падрыхтоўкі да святарства працягваецца сем гадоў, уключаючы інтэгральную фармацыю розных сфер асобы: чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастырскую.
«Працэс фармацыі дапамагае семінарыстам узрастаць у веры, будаваць сваё духоўнае жыццё згодна з евангельскімі парадамі і прынцыпамі. Праз розныя аскетычныя практыкі яны пазнаюць сябе, вывучаючы філасофскія і тэалагічныя дысцыпліны, а таксама класічныя і замежныя мовы і дапаможныя прадметы»,— паведамілі адказныя за фармацыю да святарства.
Акрамя духоўнага фармавання і інтэлектуальнай падрыхтоўкі, вучоба ў семінарыі прадугледжвае літургічную практыку ў парафіях. Пасля заканчэння сямігадовай фармацыі студэнт семінарыі мае права звяртацца да біскупа сваёй дыяцэзіі з просьбай удзяліць яму пасвячэнне.
Для паступлення ў семінарыю кандыдат павінен прадставіць наступныя дакументы:
- Уласнаручна напісаная заява аб прыняцці ў семінарыю з матывацыяй свайго рашэння (узор ТУТ>>>).
- Уласнаручна напісаная аўтабіяграфія.
- Атэстат аб сярэдняй адукацыі альбо дыплом аб заканчэнні іншай навучальнай установы.
- Сертыфікаты двух ЦЭ (цэнтралізаваных экзаменаў); калі ёсць сертыфікат з ЦТ (цэнтралізаванага тэсціравання) па іншым прадмеце, можна прадставіць і яго.
- Пасведчанне аб хросце.
- Пасведчанне аб канфірмацыі.
- пасведчанне аб удзеле ў катэхезе.
- Характарыстыка ад пробашча.
- Характарыстыка ад катэхета.
- Медыцынская даведка для паступлення ў ВНУ.
- Пашпарт і яго ксеракопія (старонкі 31-33).
- Ваенны білет або прыпісное пасведчанне (яго ксеракопія).
- Чатыры фотаздымкі 3х4 см.
Кандыдат павінен быць практыкуючым католікам (не менш за тры гады) і мець якасці, неабходныя для будучага святарскага служэння.
Прыём дакументаў
- Рэктарат семінарыі ў Гродне
- Па папярэднім запісе па тэлефоне: +375 (15) 262 22 22.
- Адрас: г. Гродна, вул. Парыжскай Камуны, 1А.
- Дакументы прымае дзяжурны святар.
- З пытаннямі звяртацца па тэлефонах:
+375 (29) 588 22 97 — кс. Віталь Вайцяхоўскі, рэктар,
+375 (29) 782 60 95 — кс. Ян Раманоўскі, прэфект,
+375 (33) 325 43 08 — кс. Павел Скуба, мадэратар прапедэўтычнага перыяду.
- Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
- Па папярэднім запісе па тэл.: +375 (29) 553 90 76 (акрамя нядзель і ўрачыстасцяў);
- Адрас: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 1А.
- Дакументы прымае кс. кан. Дзмітрый Пухальскі.
- Віцебская дыяцэзія
- Па папярэднім запісе па тэл.: +375 (29) 884 54 82 (акрамя нядзель і ўрачыстасцяў).
- Адрас: Віцебская вобл., г. Глыбокае, вул. Савецкая, 1.
- Дакументы прымае кс. кан. Мікалай Ціхановіч.
- Пінская дыяцэзія
- Па папярэднім запісе па тэл.: +375 (29) 727 31 98.
- Адрас: Брэсцкая вобл., г. Пінск, вул. Леніна, 16.
- Дакументы прымае кс. Андрэй Рылка.
Уступны экзамен
Прыём дакументаў і ўступны экзамен для кандыдатаў з усіх дыяцэзій адбудзецца ў духоўнай семінарыі па адрасе:
г. Гродна, вул. Парыжскай Камуны, 1 А.
- 11 жніўня – прыезд, падача дакументаў (пачатак у 10.30);
- 12 жніўня – экзамен (пачатак у 10.30).
Для абітурыентаў з аддаленых месцаў на час экзамену прадугледжаны начлег.