Пошук

15.04.2020 12:21   Паводле: Church.by / Фота: Таццяна Амеліна / Church.by / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Таццяны Амелінай / Church.by

14 красавіка ў Мінскім епархіяльным упраўленні з удзелам Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла прайшла прэс-канферэнцыя «Каранавірус як выклік: адказ Беларускай Праваслаўнай Царквы».

Як паведаміў партал Church.by, прэс-канферэнцыя была арганізавана Сінадальным інфармацыйным аддзелам Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Звярнуўшыся да прадстаўнікоў СМІ, Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што Царква не стаіць у баку ад праблемы распаўсюджвання каранавірусу, якая сёння хвалюе ўсё грамадства. Патрыяршы Экзарх нагадаў, што раней былі здзейснены аблёт і аб’езд межаў Мінска, а таксама аблёт межаў Беларусі з шанаванымі святынямі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Падчас гэтых своеасаблівых «хрэсных ходаў» Мітрапаліт Павел і святары ўзносілі малітвы ў паветры, а ўсе праваслаўныя, якія знаходзіліся на зямлі, маліліся аб выбаўленні беларускага народа ад каранавіруснай інфекцыі і крапілі зямлю асвячонай вадой.

У адпаведнасці з рашэннем Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы з 10 красавіка ва ўсіх храмах Беларускага Экзархату штодзённа б’юць званы а 9-й, 12-й, 15-й і 18-й гадзінах. Гэта будзе працягвацца да сканчэння эпідэміі. Званы заклікаюць вернікаў да зацверджанай Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам малітвы аб выбаўленні ад шкоднай заразы.

Мітрапаліт Павел заклікаў усіх не паддавацца паніцы і адчаю, а ўскладаць надзею на міласць Божую.

«З моманту з’яўлення гэтай інфекцыі чалавецтва столькі разоў вымавіла словы „эпідэмія“, „каранавірус“, „COVID-19“, „пандэмія“… Калі б усе людзі зямлі замест гэтых словаў прамовілі: „Пане, змілуйся! Пане, прабач!“, то мы сёння, напэўна, ужо б забыліся пра гэты вірус», — сказаў Патрыяршы Экзарх.

Па словах праваслаўнага Мітрапаліта, «ужо сёння адназначна можна сказаць, што не Пан Бог стварыў гэты вірус. Каранавірус — справа чалавечых рук.

Некаторыя людзі спрабуюць папракаць у з’яўленні гэтай эпідэміі Бога, але Бог да гэтага не мае ніякага дачынення, таму што да Бога людзі перасталі звяртацца, усклаўшы сваю надзею на саміх сябе, на сваю тэхніку, на развіццё тэхналогій. Людзі ў апошнія гады зусім забыліся пра Бога», — з горыччу канстатаваў праваслаўны іерарх.

Мітрапаліт Павел зазначыў, што цяперашняе становішча павінна падштурхнуць людзей да пакаянных роздумаў, а таксама да разважання над сэнсам жыцця чалавека на зямлі, пра яго крохкасць. Патрыяршы Экзарх асаблівым чынам заклікаў праваслаўных вернікаў маліцца за медыкаў, якія цяпер выконваюць гераічную місію, ратуючы жыццё і здароўе людзей, не шкадуючы саміх сябе.

Нагадаўшы пра тое, што Патрыярх Кірыл благаславіў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў у гэты складаны эпідэміялагічны перыяд, Мітрапаліт Павел заклікаў праваслаўных Беларусі быць добрымі дзецьмі Маці-Царквы, праявіўшы пакору, стрыманасць, паслухмянасць, і пачуць словы Патрыярха.

«Каб зберагчы нашых вернікаў, мы заклікаем усіх вас, дарагія браты і сёстры: як бы гэта ні было балюча — устрымайцеся, пабудзьце дома ў гэтыя дні Вялікага тыдня і свята Пасхі! У гэтым будзе больш карысці і для вас, і для вашых блізкіх. Маліцеся дома, як гэта рабілі нашыя бабулі ў гады ганенняў на Царкву. Паверце, як у нашых бабуль ніхто не змог адабраць свята Пасхі, так і ў нас ніхто не зможа адабраць Уваскрасенне Хрыстова!» — сцвердзіў Мітрапаліт Павел.

Праваслаўны іерарх адзначыў, што ласка Святога Духа, якая дзейнічае ў храме, не адмяняе законаў прыроды. Ніхто з нас, будучы ў здаровым розуме, не стане нават у храме дакранацца да полымя свечкі ці да аголенай праводкі. Такімі дзеяннямі чалавек спакушае Бога.

«На жаль, сёння чуваць галасы псеўдапастыраў, а па сутнасці сваёй — падбухторшчыкаў, якія кажуць: „Не слухайце Патрыярха, працягвайце хадзіць у храмы; нас імкнуцца ад Бога адвярнуць, ад храма адцягнуць…“ Насамрэч ніхто такіх мэтаў не меў і не мае», — сказаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што храмы зачыняцца не будуць і ў іх па-ранейшаму будуць адбывацца набажэнствы. Кожны жадаючы можа далучыцца да прагляду трансляцый гэтых набажэнстваў па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Усярэдзіне храмаў будуць прымацца меры для захавання належнай дыстанцыі паміж людзьмі, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя. Асвячэнне велікодных страваў, як паведаміў Мітрапаліт Павел, будзе адбывацца на адкрытым паветры. Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы таксама заклікаў вернікаў устрымацца ад наведвання могілак на Пасху, нагадаўшы, што Бог чуе ўсе малітвы, нават выказаныя толькі ў думках.

Як відаць, адказ Беларускай Праваслаўнай Царквы на выклік каранавірусу знаходзіцца ў рэчышчы тых захадаў, якія ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі прадпрымае таксама Каталіцкі Касцёл на Беларусі.

Абноўлена 15.04.2020 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця