20 снежня ў канферэнц-зале Мінска-Магілёўскай мітрапалітальнай курыі прайшла традыцыйная перадкалядная прэс-канферэнцыя з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Юрыя Касабуцкага і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.
Сустрэча з журналістамі распачалася з кароткага агляду жыцця Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне ў мінулым годзе, які прадставіў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх адзначыў, што пастырскі год, які завяршаецца, у мясцовым Касцёле быў асаблівым чынам прысвечаны сям’і як радасці і надзеі моладзі.
«Гэтай тэме былі прысвечаны шматлікія душпастырскія мерапрыемствы, фэсты ў Будславе і Браславе. Паўсюль ішла гаворка пра сям’ю, пра праблемы і пагрозы, з якімі яна сёння сутыкаецца.
Не пачуць голас Касцёла ў Беларусі ў абарону сям’і мог толькі той, хто не жадаў яго слухаць», — нагадаў арцыпастыр. Ён дадаў, што з мэтай абароны хрысціянскага бачання сям’і і недапушчэння навязаць нашаму грамадству разбуральную гендарную ідэалогію ў супрацоўніцтве з Праваслаўнай Царквой і прасямейнымі арганізацыямі ўжо сабрана каля 50-і тысяч подпісаў.
Распавёўшы журналістам пра біблійны сімпозіум у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля, прысвечаны Божаму слову ў сям’і і ў выхаванні дзяцей, арцыбіскуп Кандрусевіч паказаў прысутным прэзентаванае на ім выданне «Новага Запавету для дзяцей і моладзі» на беларускай мове. Карыстаючыся нагодай, ён таксама прадставіў новую літургічную кнігу — «Малітва вернікаў», якая нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».
Сярод галоўных праблем, з якімі беларускія католікі сутыкнуліся ў 2019 годзе, арцыбіскуп Кандрусевіч у першую чаргу назваў недахоп касцёлаў «крокавай даступнасці».
«Сёння ў Мінску будуюцца шэсць новых касцёлаў, але гэтага ўсё яшчэ мала», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што дзе-нідзе немагчыма атрымаць ад уладаў зямельны надзел і дазвол на будаўніцтва.
У пытаннях, якія задавалі іерархам журналісты, гучалі тэмы, якія ўжо неаднаразова падымаліся ў прэсе і раней. Нязменная цікавасць да іх СМІ сведчыць пра іх важнасць для шырокай грамадскасці ў нашай краіне.
Карэспандэнт БЕЛТА пацікавілася перспектывай прыезду ў Беларусь папы Францішка. У адказ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што Святы Айцец заўсёды гатовы прыехаць, калі толькі гэта будзе магчыма.
У адказ на пытанне карэспандэнта БелаПАН кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату распавёў пра тое, што робіцца ў Касцёле для вырашэння праблемы недахопу святароў. Арцыбіскуп прывёў статыстычныя дадзеныя, паводле якіх на сёння ў Беларусі нясуць душпастырскае служэнне каля 500 святароў, 420 з якіх з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
«Большасць замежных святароў, якія служаць у нас, з Польшчы. Нам пакуль не хапае ўласнага духавенства», — заўважыў іерарх, дадаўшы, што ў апошнія гады ў духоўныя семінарыі ў Беларусі паступала каля дзясятка кандыдатаў штогод і прыблізна столькі ж распачынала фармацыю ў розных манаскіх і законніцкіх супольнасцях. Аднак, як зазначыў арцыбіскуп, не ўсе яны ў выніку становяцца святарамі, паколькі ў працэсе фармацыі некаторыя разумеюць, што не маюць паклікання да святарскага служэння.
«Лепш, калі чалавек адыходзіць на этапе падрыхтоўкі, чым тады, калі ўжо стане святаром», — заўважыў арцыпастыр.
Яго адказ на наступнае пытанне ад карэспандэнта БелаПАН наконт падрыхтоўкі і падпісання канкардату, або дамовы паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і Рэспублікай Беларусь, выявіў цэлы комплекс праблем у адносінах паміж Касцёлам і дзяржавай.
Перадусім арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч растлумачыў, што канкардат — гэта паўнавартасная міжнародная дамова паміж двума роўнымі суб’ектамі міжнароднага права і што яе падпісанне вельмі пажаданае для Касцёла, паколькі канчаткова здыме з парадку дня многія нявырашаныя да гэтага часу пытанні, у тым ліку тыя, што датычацца касцёльнай маёмасці і служэння ў Беларусі святароў з-за мяжы.
«Ёсць дамова паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і дзяржавай. Гэта штосьці іншае, чым канкардат, але пры немагчымасці яго падпісання мы таксама падрыхтавалі і прапанавалі нашым уладам падпісаць падобную дамову паміж Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і дзяржавай. Аднак нам адказалі, што „няма палітычнай волі“ падпісання такой дамовы. Гэта нас вельмі засмучае, таму што з боку многіх міністэрстваў і ведамстваў існуе зацікаўленасць у паглыбленні супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам, асабліва ў сферы дабрачыннасці. Такім чынам, пазітыўныя зрухі ў адносінах з дзяржавай ёсць, але пакуль яўна недастатковыя», — падкрэсліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Карэспандэнт каталіцкага «Радыё Марыя» задала пытанне адносна таго, што пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту іерархі ідуць на пенсію, і ці гатовы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч праз год скласці паўнамоцтвы.
«Як гэтага патрабуе Кананічнае права, 3 студзеня 2021 года я, калі дажыву, занясу ў Апостальскую нунцыятуру заяву аб сыходзе на пенсію. Але вырашае гэтае пытанне Папа. Пасля 30-і гадоў свайго біскупскага служэння не бачу ў гэтым трагедыі. Я гатовы працаваць і далей, але змены часам неабходныя. Патрэбная „новая кроў“, новыя ідэі для далейшага развіцця Касцёла».
Пасля прэс-канферэнцыі яе ўдзельнікі падзяліліся з іерархамі і паміж сабою аплаткамі і абмяняліся святочнымі пажаданнямі.