Пошук

24.09.2019 15:44   Catholic.by

Фота прадастаўлена Экспертнай радай па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

23 верасня Экспертная рада па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказалася ў падтрымку агульнанацыянальнага збору подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб прыняцці адмысловай праграмы ў абарону традыцыйнай сям’і і заканадаўчай забароны прапаганды аднаполых зносінаў сярод непаўналетніх.

Зварот Экспертнай рады па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

У апошнія часы ў нашай краіне ўсё актыўней праяўляюцца тэндэнцыі непавагі да духоўных каштоўнасцяў і Богам створанага інстытуту сям’і, які з’яўляецца падмуркам грамадства. У першую чаргу яны скіраваны на дзяцей і моладзь праз СМІ, сацыяльныя сеткі, спецыяльныя семінары па гендарнай роўнасці, квір-фестывалі, падручнікі для псіхолагаў і журналістаў.

Занепакоены такім станам рэчаў, Каталіцкі Касцёл заклікае да захавання Божага права і натуральнага закону як у асабістым жыцці, так і ў жыцці грамадства.

Ён таксама звяртаецца да заканадаўцаў з заклікам распрацоўваць і прымаць законы ў адпаведнасці з вечна актуальнымі этычнымі нормамі.

На пастырскай сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая прайшла 19 верасня ў Мінску, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч аб’явіў аб падтрымцы Касцёлам ініцыятывы па збору подпісаў у абарону традыцыйнай сям’і.

Першая такая акцыя прайшла ў мінулым годзе, калі за два тыдні было сабрана больш за 7000 подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб забароне прапаганды аднаполых зносін.

Сёлета беларускія абаронцы жыцця, у тым ліку валанцёры дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», распачалі агульнанацыянальны збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта аб прыняцці адмысловай праграмы ў абарону традыцыйнай сям’і і заканадаўчай забароны прапаганды аднаполых зносін сярод непаўнагадовых.

Экспертная рада па пытаннях абароны жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі звяртаецца з просьбай аб дапамозе ў зборы подпісаў у абарону традыцыйнай сям’і ў каталіцкіх парафіях, а таксама аб малітоўнай падтрымцы ў гэтай інтэнцыі, бо існуе небяспека прапаганды аднаполых зносін і ў нашым грамадстве.

Каталіцкі Касцёл рашуча абараняе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, выступае супраць садомскага граху, які з’яўляецца адным з чатырох грахоў, якія клічуць аб помсце да Неба. Трэба падкрэсліць, што Касцёл выступае менавіта супраць граху, а не супраць людзей. А за грэшнікаў, якія свядома парушаюць шостую Божую запаведзь, у тым ліку за тых, якія маюць аднаполыя зносіны, трэба маліцца і заклікаць іх да навяртання.

Па ўсіх пытаннях, звязаных са зборам подпісаў, просім звяртацца да Экспертнай рады па справах жыцця і сям’і па тэл.:

+375 (29) 260 69 09 (Вайбер).

Кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч
старшыня Экспертнай рады па пытаннях жыцця i сям’i пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Мінск, 23 верасня 2019 г.

Абноўлена 28.02.2020 10:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа