Пошук

09.11.2023 16:55   Vatican News
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Дыкастэрыя Веравучэння абнародавала адказы на некалькі пытанняў біскупа Жазэ Нэгры, пастыра дыяцэзіі Санту-Амару з Бразіліі, адносна ўдзелу ў сакрамэнтах хросту і сужэнства транссексуальных і гомасексуальных асоб.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент, падпісаны прэфектам Дыкастэрыі Веравучэння кардыналам Віктарам Мануэлем Фэрнандэсам і ўхвалены Папам Францішкам, быў апублікаваны 8 лістапада. Ён пачынаецца з адказу на пытанне: «Ці можа атрымаць хрост транссексуальная асоба?»

Дыкастэрыя Веравучэння падкрэслівае, што «транссексуальная асоба, нават калі прайшла гарманальную тэрапію ці аперацыю па змене полу, можа прыняць хрост на тых жа ўмовах, што і іншыя вернікі, калі не ўзнікне сітуацый, звязаных з рызыкай публічнага скандалу ці дэзарыентацыі сярод вернікаў».

Незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра дарослага чалавека, пра дзіця ці падлетка, яны павінны быць добра падрыхтаванымі і жадаць гэтага сакрамэнту.

У выпадку, калі ўзнікаюць сумневы «ў аб’ектыўнай маральнай сітуацыі чалавека» ці «ў яго суб’ектыўнай схільнасці да ласкі», гэта значыць калі намер выправіцца праяўляецца не ў поўнай меры, «Касцёл вучыць, што, калі сакрамэнт прымаецца без пакаяння за цяжкія грахі, суб’ект не атрымлівае асвячальнай ласкі, хоць і атрымлівае сакрамэнтальную пячатку». У дакуменце ўтрымліваецца спасылка на Катэхізіс, дзе гаворыцца пра тое, што гэта пячатка «застаецца на хрысціяніне назаўсёды як пазітыўная схільнасць да ласкі».

Прыводзячы словы святога Тамаша Аквінскага і святога Аўгустына пра тое, што Бог заўсёды працягвае шукаць грэшніка, Дыкастэрыя нагадвае, што калі ён прыходзіць да пакаяння, атрыманы сакрамэнт неадкладна робіць яго схільным да атрымання ласкі. Таму Папа Францішак не раз казаў, што «Касцёл — гэта не мытня», і, асабліва ў тым, што датычыцца сакрамэнту хросту, яго дзверы не павінны быць зачыненыя ні перад кім.

Больш праблематычна для транссексуалаў стаць хроснымі бацькамі.

«Гэта дапушчальна пры пэўных умовах», але не з’яўляецца правам. «Пастырская разважлівасць патрабуе не дапускаць гэтага, калі існуе небяспека скандалу, неапраўданай легітымізацыі ці дэзарыентацыі ў выхаваўчай сферы касцёльнай супольнасці», — гаворыцца ў дакуменце. Адзначаецца таксама, што ў дзеючым паўсюдным кананічным заканадаўстве няма нічога, што забараняе транссексуальнай асобе быць сведкам падчас удзялення сакрамэнту сужэнства.

Наступныя пытанні датычыліся праблематыкі, звязанай з удзелам у сакрамэнтах гомасексуальных асоб. Першае з іх: «Ці могуць дзве гомасексуальныя асобы выступаць у якасці бацькоў дзіцяці, якое павінна быць ахрышчана і якое было ўсыноўлена ці атрымана іншым чынам, напрыклад, ад сурагатнай маці?» Адказ: «Для хросту дзіцяці неабходна наяўнасць абгрунтаванай надзеі на тое, што яно будзе выхавана ў каталіцкай веры».

Далей разглядаецца выпадак чалавека з гомасексуальнымі схільнасцямі, які жыве ў пазашлюбнай сувязі з іншым і жадае стаць хросным. Дыкастэрыя Веравучэння нагадала, што ад яго патрабуецца, каб ён вёў «жыццё, адпаведнае веры і ролі, якая на яго ўскладаецца». Іншая справа, калі сужыццё асоб з гомасексуальнымі схільнасцямі заключаецца не проста ў сумесным пражыванні, але ва ўстойлівых і заяўленых адносінах more uxorio (якія прадугледжваюць сужэнскую блізкасць), добра вядомых супольнасці».

«У кожным выпадку належная пастырская разважлівасць патрабуе, каб кожная сітуацыя была мудра ўзважана, каб абараніць сакрамэнт хросту і асабліва яго ўспрыняцце — ён з’яўляецца каштоўным дабром, якое трэба абараняць, бо яно неабходна для збаўлення», — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што «ў той жа час трэба ўлічваць рэальную каштоўнасць, якую касцёльная супольнасць надае абавязкам хросным бацькоў, беручы пад увагу іх ролю ў супольнасці, а таксама іх увагу да вучэння Касцёла». Трэба ўлічваць таксама верагоднасць таго, што «ў сямейным коле ёсць чалавек, які можа гарантаваць ахрышчанаму правільную перадачу каталіцкай веры». Нагадваецца, што можна прысутнічаць пры абрадзе ўдзялення хросту не толькі ў якасці хросных бацькоў, але таксама ў якасці сведкаў хроснага чыну.

Апошняе пытанне біскупа Жазэ Нэгры: «Ці можа чалавек з гомасексуальнымі схільнасцямі, які жыве ў пазашлюбнай сувязі з іншым, быць сведкам пры заключэнні сакрамэнту сужэнства?» Дыкастэрыя Веравучэння адказала, што ў актуальным кананічным заканадаўстве перашкод для гэтага не існуе.

Абноўлена 09.11.2023 16:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа