Пошук

23.09.2019 14:23   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Ганна Абаева / Catholic.by

21 верасня ў межах інаўгурацыі новага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля прайшоў біблійны сімпозіум, на якім з дакладам выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Тэмай навуковага форуму, у якім узяў удзел таксама вядомы польскі бібліст кс. прафесар Вальдэмар Храстоўскі, сталі словы з кнігі Зыходу: «Шануй бацьку свайго і маці сваю» (Зых 20, 12), сугучныя тэме душпастырскага года ў Касцёле на Беларусі «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі». Усе дакладчыкі так ці інакш прысвяцілі свае выступы асвятленню ў Святым Пісанні адносін паміж бацькамі і дзецьмі.

Распачаўся сімпозіум з даклада арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча «Святое Пісанне ў жыцці хрысціяніна і выхаванні маладога пакалення». У сваім выступе арцыпастыр засяродзіўся на пытанні ўзаемаадносін паміж пакаленнямі ў сям’і ў святле Святога Пісання.

На пачатку свайго выступу іерарх зазначыў, што ў апошнія гады назіраецца рост зацікаўленасці Бібліяй у нашай краіне.

«Гэтая тэндэнцыя праяўляецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве і пратэстанцкіх супольнасцях. Так, за апошнія тры дзесяцігоддзі з 1989 па 2019 гг. свет убачыла адзінаццаць рыма-каталіцкіх выданняў перакладаў розных кніг Святога Пісання на беларускую мову, адно грэка-каталіцкае; сем праваслаўных, чатыры пратэстанцкія і чатыры аўтарскія пераклады. Усяго — 27 выданняў», — прывёў цікавыя статыстычныя звесткі арцыбіскуп.

На яго думку, шматлікія выданні кніг Святога Пісання — гэта знак таго, што, нягледзячы на атэістычную спадчыну, якая засталася пасля трох пакаленняў ганенняў на веру, і беспрэцэдэнтны ціск секулярызму, які рэлігія перажывае ў наш час, грамадства, тым не менш, звяртаецца да каранёў хрысціянскай веры.

«Гэты працэс з поўным правам можна назваць беларускім біблійным рэнэсансам, лідарам якого з’яўляецца Каталіцкі Касцёл», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён дадаў, што сёлета пастырская праграма Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прысвечана сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі, паколькі Касцёл моцна занепакоены маральным станам як самой сям’і, так і моладзі.

«Звяртаючыся да тэмы сімпозіума „Шануй бацьку свайго і маці сваю“ (Зых 20, 12), неабходна заўважыць, што нярэдка пашана дзяцей да бацькоў разумеецца як паслухмянасць ім. Гэта, у сваю чаргу, асацыюецца са справай выхавання дзяцей, асабліва ў пытанні пакарання, што ў сучасным свеце, які прапагандуе талерантнасць, выклікае шмат цалкам супрацьлеглых меркаванняў», — адзначыў выступоўца.

Пры гэтым ён нагадаў, што ў апошні час у Беларусі вядзецца дыскусія па праблеме хатняга насілля.

«Касцёл падтрымлівае гэтую ідэю, бо насілле, у якой форме яно б ні праяўлялася, непрымальнае з хрысціянскага пункту гледжання. Хрысціянства — гэта рэлігія любові і міласэрнасці, а не гвалту», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Разам з тым іерарх звярнуў увагу на тое, што ў праекце закону аб супрацьдзеянні хатняму насіллю ёсць палажэнні, якія супярэчаць Бібліі, здароваму сэнсу і нашай традыці, паколькі дзеля належнага выхавання дзяцей неабходна адпаведная рэакцыя бацькоў, якая не можа цалкам выключаць пакарання за праступкі як выпрабаванага выхаваўчага сродку.

«Гаворка ідзе не пра здзек над дзецьмі, а пра выхаванне іх у здаровай паслухмянасці, як гэтага патрабуе Божы закон. Само ж слова „пакаранне“ неабходна разумець як разумны і своечасова зроблены дакор ці павучэнне», — зазначыў прамоўца.

Цытуючы святога Паўла, іерарх падкрэсліў, што выхаванне дзяцей павінна адбывацца не ў духу дыктату з боку бацькоў, але ў духу любові і дысцыпліны, як да гэтага заклікае Святое Пісанне. Ён таксама прывёў словы папы Францішка пра пашану дзяцей да бацькоў з Апостальскай адгартацыі Amoris lætitia — «Радасць любові»: «Праўдзівая сувязь паміж пакаленнямі — гэта заўсёды гарантыя будучыні і гарантыя сапраўды чалавечай гісторыі. Грамадства, якое складаецца з дзяцей, якія не шануюць сваіх бацькоў, — гэта грамадства без пашаны» (АL 189).

Падсумоўваючы сказанае, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што ў выхаванні дзяцей у духу пашаны да бацькоў вельмі важным з’яўляецца прыклад штодзённага жыцця, сумеснае чытанне і вывучэнне Святога Пісання і вучэння Касцёла, супольная малітва і ўдзел у нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі, а таксама прапанаваны св. Янам Боско папераджальны метад выхавання, які не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час.

«У працэсе выхавання маладога пакалення сям’я нясе галоўную адказнасць. Гэта справа з’яўляецца ключавой, і да яе неабходна падыходзіць з усёй сур’ёзнасцю.

Ад выхавання моладзі, у тым ліку і ў духу пашаны да старэйшага пакалення, будзе залежаць наша будучыня і будучыня Касцёла», — падкрэсліў арцыпастыр.

На заканчэнне дакладу ён выказаў надзею на тое, што гэты біблійны сімпозіум дасць новы імпульс як для вывучэння Святога Пісання, так і для жыцця паводле яго і на яго прынцыпах выхавання моладзі як надзеі Касцёла і грамадства.

Працягнуў сімпозіум кс. прафесар Вальдэмар Храстоўскі з Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага з Варшавы (Польшча). Польскі бібліст прадставіў цікавы інаўгурацыйны даклад «Месца запаведзі „Шануй бацьку свайго і маці сваю“ ў Дэкалогу. Біблійнае разважанне з Янам Паўлам II».

Акрамя таго, прагучалі даклады супрацоўніцы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ доктара Марыны Пашук «Стаўленне да бацькі і маці. Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–18)», даклад на тэму «„Заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога“ (1 Тэс 2, 12). Метафара „бацькі“ ў 1 Тэс 2, 10–12» доктара біблійнай тэалогіі кс. Валерыя Марціноўскага, які толькі напярэдадні абараніў сваю доктарскую дысертацыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ у Польшчы, а таксама даклад на тэму «Пашана да бацькоў і традыцыя корбан», які прадставіў кс. ліцэнцыят Дзмітрый Леўчык з Гродзенскай дыяцэзіі.

Завяршыўся біблійны сімпозіум прэзентацыяй выдання «Новага Запавету для дзяцей і моладзі», якое сёлета ўбачыла свет у выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».

Абноўлена 23.09.2019 15:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа