20 верасня ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ абараніў доктарскую дысертацыю па біблійнай тэалогіі ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, аўтар шэрагу матэрыялаў, апублікаваных на нашым партале ў рубрыцы «Цяжкія старонкі святога Пісання».
Яго доктарская праца была напісана на тэму «Хрысціяне перад абліччам Дня Пана. Нарыс эсхаталагічнага парэнэзісу ў Пасланнях да Тэсаланікійцаў (1 Тэс 4, 13–18; 5, 1–11; 2 Тэс 2, 1–17)». Парэнэзіс — грэчаскае слова, што азначае форму прамовы, якой прамоўца выказвае напамін або папярэджанне слухачам.
У сваёй дысертацыі аўтар перадусім засяродзіўся на душпастырскім вымярэнні эсхаталогіі Паўла, які абуджае надзею і паказвае яе канкрэтныя падставы, а таксама заахвочвае да актыўнага імкнення да збаўлення.
Навуковым кіраўніком у вядзенні навуковага даследвання і ў напісанні працы быў кс. прафесар Генрых Вітчык, а рэцэнзентамі кс. прафесар Станіслаў Халас SCJ і кс. прафесар Славамір Стасяк.
У працэс даследавання былі ўключаны тры фрагменты з Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў (1 Тэс 4, 13–18; 5, 1–11; 2 Тэс 2, 1–17), у якіх сканцэнтравана эсхаталагічнае вучэнне Апостала язычнікаў.
Праведзенае ксяндзом Валерыем Марціноўскім літаратурна-крытычнае даследаванне паказвала, што гэтыя апостальскія тэксты ўяўляюць сабой выразную эсхаталагічную інструкцыю, дадзеную Паўлам супольнасці Касцёла ў Тэсалоніках.
У выніку экзэгетычнага аналізу названых фрагментаў у дысэртацыі было падкрэслена, што апостал Павел часта разглядае праблемы супольнасці з улікам прынцыпаў ці ведаў, засвоеных дзякуючы яго папярэдняму прапаведванню. Гэта азначае, што адрасаты могуць зразумець сэнс паслання і патрабаванні, якія з яго вынікаюць, толькі ў святле раней абвешчанага Божага Слова — крыніцы іх навяртання з юдаізму і язычніцтва ў хрысціянства.
Тэалагічны аналіз фрагментаў паказаў, што, згодна з прапаведваннем апостала Паўла, факт выбару і паклікання Богам ляжыць у аснове хрысціянскага існавання. Адказам на гэты заклік з’яўляецца вера, якая выражаецца ў навяртанні адрасатаў паслання ад ідалапаклонства ва ўсіх яго вымярэннях.
Ксёндз доктар Валерый Марціноўскі нарадзіўся 11 чэрвеня 1988 года ў Мёрах. У 2011 годзе паспяхова скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
18 жніўня 2012 года арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці пасвячаны ў прэзбітэры. Быў вікарыем катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску і адміністратарам парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку. З 2014 па 2019 гады навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце Яна Паўла ІІ у дактарантуры (аспірантуры) Інстытута біблійных навук.
У актуальны момант з’яўляецца вікарыем парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах.