Пошук

09.12.2019 12:32   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

6 снежня ў парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) урачыста адзначылі парафіяльны адпуст, які сабраў духавенства і вернікаў з ваколіц і здалёк.

У гэты дзень цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ў старажытнай парафіяльнай святыні ўзначаліў ксёндз Юзаф Сярпейка, душпастыр з Бялынічаў — мястэчка, дзе калісьці знаходзіўся каранаваны папскімі каронамі цудатворны абраз Маці Божай і адзін з самых вялікіх на тэрыторыі нашай краіны марыйных санктуарыяў.

Свірская парафія для ксяндза Юзафа не чужая. Тут ён праходзіў заключны этап сваёй святарскай фармацыі — душпастырскую практыку.

За той час, праведзены пад апекаю святога біскупа Мікалая, ён прыняў сакрамэнт пасвячэння: спачатку дыяканскага, потым — прэзбітэрскага, і, прыйшоўшы ў Свір выпускніком семінарыі, адсюль скіраваўся на служэнне Богу, Касцёлу і людзям ужо святаром.

Тутэйшыя вернікі не забыліся свайго колішняга «практыканта»: яны вельмі яго любяць і заўсёды радуюцца, калі маюць магчымасць зноў убачыць і пачуць. І хоць у бялыніцкага пробашча нячаста атрымліваецца бываць у гэтых мясцінах — практычна, на іншым баку дыяцэзіі, — ён да гэтага часу памятае тутэйшых вернікаў па імёнах.

Звярнуўшыся на пачатку гаміліі асабіста да некаторых з пытаннем, ці добра ім чуваць, святар прысвяціў Божае слова Таму, што — а дакладней, хто — аб’ядноўвае святога Мікалая і Маці Божую Бялыніцкую: Езусу Хрысту. І старыя, і малыя ўважліва слухалі словы ксяндза Юзафа, які казаў, што менавіта вернасць Евангеллю была самаю важнаю рысаю ў жыцці святых і ва ўсе часы з’яўляецца першачарговым заданнем для кожнага хрысціяніна.

За прыкладамі такой вернасці Богу і Касцёлу ў Свіры не трэба далёка хадзіць. Гераіня аднаго з нашых рэпартажаў Часлава Лапата, шматгадовы сакратар і бухгалтар свірскай парафіі, сваім жыццём дае сведчанне такой вернасці Богу і Касцёлу маладому пакаленню свірчукоў.

Відаць, невыпадкова Часлава Фларыянаўна нарадзілася ў дзень успаміну святога Мікалая, і на заканчэнне парафіяльнага адпусту ўдзячныя вернікі шчыра і ад сэрца павіншавалі гэтую ахвярную жанчыну з 80-гадовым юбілеем.

Пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі кажа, што пані Чэся, як ласкава яе называе, з’яўляецца яго «праваю рукою». Як апавядае жыццярыс святога Мікалая, біскуп Мірскі пакрыёма рабіў падарункі патрабуючым. А руплівая і верная дапамога Чаславы Фларыянаўны — каштоўны дар для гэтай вялікай каталіцкай супольнасці, якая ўжо сёмае стагоддзе пад апекаю свайго добрага нябеснага апекуна святога Мікалая жыве на берагах аднаго з самых вялікіх беларускіх азёраў.

Дарэчы, такі самы шлях, як і ксёндз Юзаф Сярпейка, прайшоў у свірскай парафіі ксёндз Павел Беразун, які таксама прыбыў на свята з Багданава, дзе сёння з’яўляецца пробашчам. Адметна, што ў дзень парафіяльнага адпусту ў Свіры распачаў душпастырскую практыку чарговы кандыдат да дыяканату і святарства — выпускнік Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, дактарант Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Юрый Рашатко.

Вітаючы новага «практыканта», ксёндз пробашч Багуслаў пажадаў яму з дапамогаю заступніцтва святога Мікалая, біскупа, прыняць духоўную эстафету папярэднікаў, каб Бог сваёю моцаю завяршыў у ім тую добрую справу, якую сам распачаў.

 

Абноўлена 09.12.2019 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа