У дзень, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, мы ўзносім пашану нашай Маці і Каралеве і ўзгадваем Яе святыя выявы, якія былі каранаваныя папскімі каронамі на тэрыторыі Беларусі.
Чаму карануюць абразы Маці Божай?
Традыцыя аздаблення каштоўнымі каронамі асабліва шанаваных і ўслаўленых шматлікімі ласкамі святых выяваў вядомая з пачатку XVI ст. Святы Пасад хутка зацвердзіў падобную форму пабожнага ўшанавання, пакідаючы права гэтай прывілеі выключна Папу.
Адна з першых вядомых у гісторыі Касцёла каранацый адбылася ў Рыме ў 1527 годзе, калі Святы Айцец Клімэнт VII усклаў кароны на абраз Маці Божай Снежнай, шанаванай пад тытулам Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа», — які з пашанай захоўваецца ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore).
Пасля Другога Ватыканскага Сабору ўсё, што датычыцца каранацыі абразоў, знаходзіцца ў кампетэнцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. У адпаведнасці з выдадзенай ёй інструкцыяй, могуць быць каранаваныя толькі абразы або фігуры Маці Божай. Не дапускаецца каранацыя абразоў іншых святых ці благаслаўлёных. Калі ж на іконе Маці Божая прадстаўлена з Дзіцяткам Езусам, тады карануюцца абедзве постаці.
Якія былі першыя на нашых землях каранаваныя абразы?
Першым на нашых землях цудадзейным абразом Маці Божай, каранаваным папскімі каронамі, стала ікона Маці Божай Жыровіцкай.
Яе каранацыя адбылася ў 1730 г. Сёння святыня знаходзіцца ў праваслаўным кляштары ў Жыровіцах, які калісьці належаў Грэка-Каталіцкай Царкве.
У XVIII стагоддзі адбылася каранацыя яшчэ аднаго з самых шанаваных на нашых землях марыйных абразоў — цудатворнай іконы Маці Божай Бялыніцкай. На жаль, падчас Другой сусветнай вайны абраз быў страчаны, а велічны касцёл у Бялынічах не перажыў савецкай навалы. На старонках нашага парталу мы падрабязна знаёмілі з гісторыяй святыні, каранацыя якой адбылася 20 верасня 1761 г. Сёння культ Маці Божай Бялыніцкай адраджаецца.
Хто каранаваў найбольш абразоў Маці Божай у Беларусі?
Аднак большасць каранацый абразоў Багародзіцы ў нашай краіне адбылася ўжо ў наш час. Першая з іх мела месца ў 1996 г. у Брэсце, дзе кардынал Казімір Свёнтэк па даручэнні папы Яна Паўла ІІ усклаў кароны на цудадзейны абраз Маці Божай Берасцейскай.
Менавіта першы і адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал каранаваў ад імя Папы найбольш святых выяваў Найсвяцейшай Панны Марыі на тэрыторыі нашай краіны.
Акрамя абраза Маці Божай Берасцейскай, ён усклаў папскія кароны яшчэ на шэсць ікон: Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся (1997 г.), Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі (1998 г.), Маці Божай Кангрэгацкай, або Студэнцкай, у Гродне (2005 г.), абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай у мінскай катэдры (2005 г.), Маці Божай Шкаплернай Гудагайскай (2007 г.), Маці Божай Тракельскай (2009 г.)
Апошняя каранацыя абраза Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ў Беларусі дзесяць гадоў таму.
22 жніўня 2009 г. арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер усклаў папскія кароны на абраз Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў. Сёлетнія ўрачыстасці ў Браславе, якія распачнуцца ўжо заўтра, будуць прысвечаны ўспаміну той значнай падзеі.
Каралева ўнебаўзятая, маліся за нас.
Як падзяку Богу за ўсе атрыманыя праз заступніцтва Багародзіцы ласкі сёння мы прапануем памаліцца чацвёртую хвалебную таямніцу святога Ружанца — Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэтым нам дапаможа відэаролік, аўтарам якога з’яўляецца Яўген Лабкоўскі.
Пад спеў малітвы Анёльскага прывітання «Вітай, Марыя…», які гучыць у выкананні хору санктуарыя Маці Божай Фацімскай у горадзе Жодзіна, мы духоўна пераносімся ад аднаго каранаванага папскімі каронамі марыйнага абраза да другога, якіх усяго дзесяць на тэрыторыі Беларусі.
Такім чынам, атрымліваецца адна ружанцовая таямніца перад усімі каранаванымі на нашых землях абразамі Каралевы ўнебаўзятай.