Пошук

06.12.2019 10:44   Паводле: niedziela.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святы Мікалай і яго сучаснае «ўвасабленне» — Санта Клаўс. Выява: express.co.uk

6 снежня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Мікалая, біскупа — калісьці аднаго з самых папулярных хрысціянскіх святых, пра якога ў наш час найчасцей узгадваюць толькі з нагоды салодкіх падарункаў дзецям.

Сёння мы бліжэй пазнаёмімся з асобаю святога Мікалая, хоць пра яго захавалася зусім няшмат дакладных звестак.

Вымалены ў Бога

Святы Мікалай. Выява: ancient-origins.net

Каля 270 года ў Лікіі, у мясцовасці Патрас, жылі муж і жонка, хрысціяне. Яны былі даволі заможнымі людзьмі і вельмі перажывалі ад таго, што не мелі дзяцей. Сужонкі горача прасілі Бога ў сваіх малітвах аб ласцы нараджэння дзіцяці, і гэтыя просьбы былі выслуханы.

Іх сын, якога назвалі Мікалаем, вырас добрым чалавекам і сапраўдным хрысціянінам. Ён стаў чалавекам глыбокай веры, аддана выконваў свае абавязкі перад Богам і быў вялікім дабрадзеем для многіх людзей.

Міколка застаўся сіратою ў маладым узросце. Яго бацькі памерлі ад эпідэміі, пакінуўшы яму ў спадчыну вялікую маёмасць. Такім чынам, юнак мог бы да канца сваіх дзён бесклапотна жыць у дабрабыце.

Аднак не такім чалавекам быў наш святы. Чулы да чалавечай бяды і цярпення, ён імкнуўся дапамагчы кожнаму, хто быў у нястачы. Ён не чакаў падзякі за сваю шчодрасць, не жадаў сабе славы. Наадварот, Мікалай стараўся рабіць дабро такім чынам, каб ягоныя справы заставаліся ў таямніцы. Ён часта пакрыёма падкідаў бедным бацькам падарункі і радаваўся сам, гледзячы на радасць адораных ім людзей.

Святы Мікалай уначы падкідае дапамогу патрабуючым. Выява: st-nicholas-orthodox-church.com

Мікалай жадаў быць бліжэй да Бога. Ён прыйшоў да высновы, што найлепш служыць Богу ў яго атрымаецца, калі ён стане манахам. Здзейсніўшы пілігрымку на Святую Зямлю, Мікалай уступіў у кляштар у Патрасе, але неўзабаве ўнутраны голас падказаў яму, што трэба вярнуцца да людзей.

Ён пакінуў кляштар і свой родны кут і пасяліўся ў вялікім лікійскім горадзе Міры (сучасны Ізмір у Турцыі).

Біскуп Мірскі

Гэта быў акурат той час, калі хрысціяне ў Міры былі ў жалобе пасля адыходу ў вечнасць іх біскупа. Было няпроста знайсці для яго наступніка.

Як гаворыць паданне, аднойчы ўначы аднаму з мясцовых жыхароў Бог даў наказ выбраць біскупам чалавека, які першым раніцай прыйдзе ў касцёл. Гэтым чалавекам аказаўся невядомы яшчэ нікому ў Міры Мікалай.

Святы Мікалай. Выява: wikipedia.org

Многія вельмі здзівіліся, але прынялі Божую волю. Сам Мікалай, калі яму сказалі пра гэта, напачатку адмаўляўся, бо не адчуваў у сабе дастаткова сілы, каб прыняць на сябе адказны пастырскі абавязак біскупа. Пасля доўгіх угавораў ён, аднак, згадзіўся, зразумеўшы, што гэта адбываецца з Божай волі.

Мікалай нёс біскупскае служэнне аддана і самаахвярна. Ён абвяшчаў Божае слова не толькі мясцовым хрысціянам, але імкнуўся навярнуць таксама язычнікаў.

Яго плённую працу на пэўны час прыпыніў эдыкт рымскага цэзара Дыяклетыяна, скіраваны супраць хрысціянаў. Паводле яго, вызнаўцы Хрыста сталі людзьмі «ніжэйшага гатунку» і былі пазбаўлены права выконваць свае рэлігійныя абрады. Распачаўся пераслед. Мікалай быў кінуты ў вязніцу, дзе правёў некалькі гадоў.

Святы Мікалай выбаўляе ад смерці трох нявінна асуджаных. Мастак: Таццяна Харытонава / art.biblioclub.ru

Аднак пераслед не пахіснуў веры Мірскага біскупа. Ён выйшаў на волю і дажыў да старасці, адышоўшы ў вечнасць пасля 70-і ў той час, калі большасць не дажывала і да 30-і гадоў. Лічыцца, што Мікалай, біскуп Мірскі, памёр паміж 345 і 352 годам.

Традыцыя падае, што ён адышоў у вечнасць 6 снежня, а ў момант яго адыходу з’явіліся анёлы.

Вернікі Міры з пашанаю пахавалі свайго біскупа.

З Міры ў Бары

Базыліка святога Мікалая ў Бары. Фота: booking.com

У 1087 годзе горад Міра быў захоплены туркамі і знішчаны.

Рэліквіі святога Мікалая патаемна пагрузілі на карабель і вывезлі морам у Італію, у горад Бары, які з цягам часу стаў сусветным цэнтрам культу святога Мікалая.

Сюды, у базыліку, дзе знаходзяцца яго рэліквіі, штогод прыбываюць тысячы пілігрымаў і турыстаў.

Міжнародны апякун

Святы Мікалай, біскуп Мірскі, лічыцца апекуном Грэцыі і Расіі і застаецца адным з найбольш папулярных і шанаваных святых у Праваслаўнай Царкве. Пад яго заступніцтва даручылі сябе жыхары расійскіх Масквы і Ноўгарада, а таксама нямецкага Берліна і бельгійскага Антвэрпена.

Выява: blog.naninails.ro

Святы Мікалай, біскуп, лічыцца нябесным апекуном бондараў, кандытараў, гандляроў, млынароў, пекараў, півавараў, а таксама натарыюсаў і суддзяў.

Як біскуп партовага горада, святы Мікалай стаў таксама заступнікам маракоў і рыбакоў. У святога Мікалая просяць паратунку падчас бураў на моры, аздараўлення ад хваробаў і абароны ад злодзеяў.

Пад яго асаблівай апекай знаходзяцца палонныя і вязні, а перадусім несправядліва асуджаныя. Нарэшце, святы Мікалай — апякун дзяцей, студэнтаў, дзяўчат, пілігрымаў і падарожных. Ён быў уключаны ў лік чатырнаццаці нябесных Памочнікаў.

Святы Мікалай — апякун маракоў. Выява: adelaidereview.com.au

Святы, які заўсёды актуальны

Ад часоў святога Мікалая нас аддзяляюць сямнаццаць стагоддзяў. Гэта дастаткова доўгі час, каб многія падзеі з жыцця святога забыліся або ператварыліся ў легенды. Сёння ў яго жыццярысе цяжка адрозніць рэальныя факты ад легендарных элементаў. Аднак і ў фантастычных апавяданнях пра святога, напэўна, ёсць нейкае зярнятка праўды.

Перадусім святы Мікалай перадае нам, сучасным хрысціянам, адну заўсёды актуальную праўду. Ён сваім узорам нагадвае нам пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім.

Святы Ян Павел ІІ, якому будзе прысвечаны наступны пастырскі год у Касцёле на Беларусі, сказаў, што святы Мікалай — гэта «апякун дару чалавека дзеля чалавека».

Святы Мікалай — сябра дзяцей. Выява: highgatesociety.com

Абноўлена 06.12.2019 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа