З’явіўся пераклад на беларускую мову Апостальскага ліста папы Францішка Aperuit illis, абнародаванага 30 верасня, якім Святы Айцец устанаўліве Нядзелю Божага слова ў Трэцюю нядзелю Звычайнага перыяду.
У гэтым дакуменце, які пачынаецца словамі з Евангелля паводле святога Лукі: «Адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне» (Лк 24, 45), Святы Айцец піша, што «прызначэнне адной нядзелі літургічнага года спецыяльна Божаму слову дазволіць перадусім аднавіць у Касцёле жэст Уваскрослага, які адкрывае для нас скарбніцу свайго Слова, каб мы маглі быць у свеце прапаведнікамі гэтага невычэрпнага багацця».
Святы Айцец заклікае нас да адмысловага святкавання гэтай Нядзелі як урачыстага дня Пана, які будзе служыць цэлебрацыі, разважанню і пашырэнню Божага слова.
«Важна, каб падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі, – чытаем ў Апостальскім лісце Пантыфіка, – можна было здзейсніць інтранізацыю святога тэксту, каб для сабраных быў відавочны нарматыўны характар Божага слова. У Нядзелю Божага слова асаблівую ўвагу трэба прысвяціць абвяшчэнню слова, а ў гаміліі трэба падкрэсліць значэнне пашаны да Слова Пана.
Біскупы ў гэтую нядзелю змогуць цэлебраваць абрад устанаўлення лектараў ці падобныя да гэтага паслугі, каб зазначыць важнасць абвяшчэння Божага слова ў Літургіі.
Трэба прыкласці ўсе магчымыя намаганні для падрыхтоўкі выбраных вернікаў праз адпаведную фармацыю, як гэта робіцца ў выпадку акалітаў ці надзвычайных распарадчыкаў Эўхарыстыі, да таго, каб яны былі сапраўднымі прапаведнікамі Слова.
Таксама пробашчы змогуць знайсці адпаведную форму для таго, каб уручыць Біблію або адну з яе кніг усёй супольнасці і падкрэсліць гэтым важнасць штодзённага чытання і малітвы Святым Пісаннем, з адмысловым выкарыстаннем яе формы, называнай lectio divina».
Апостальскі ліст папы Францішка Aperuit illis ТУТ>>>
Пераклад дакумента на беларускую мову здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ.