Пошук

23.02.2026 07:19   Тэкст: David Kelly / Peermag.org / Catholic.by
Фота: Paul Ryding

23 лютага Паўсюдны Касцёл ушаноўвае памяць святога Палікарпа ў дзень яго нябеснага нараджэння.

23 лютага ў нашай краіне традыцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны. А ў Каталіцкім Касцёле ў гэты дзень ушаноўваецца памяць святога Палікарпа, які з’яўляецца адным з найважнейшых абаронцаў хрысціянскай веры. Святы Палікарп, які жыў у I-II стагоддзях, быў біскупам Смірны (сучасны турэцкі Ізмір) і славіўся сваёй адданасцю веры і мужнасцю ў барацьбе за хрысціянскія каштоўнасці.

Святы Палікарп нарадзіўся ў Смірне каля 70 года, правёў там амаль усё сваё жыццё і там жа скончыў свой жыццёвы шлях. У раннім дзяцінстве ён застаўся сіратой і выхоўваўся пабожнай хрысціянкай, багатай удавой Калістай. Пасля смерці сваёй прыёмнай маці ён раздаў бедным усю маёмасць, атрыманую ад яе ў спадчыну, а сам пачаў весці аскетычнае жыццё.

Каля 110 года Палікарп стаў біскупам Смірны і ўзначальваў хрысціянскую супольнасць гэтага горада амаль 50 гадоў. Аднак яго вядомасць і аўтарытэт распаўсюджваліся куды далей адной асобна ўзятай супольнасці. Паводле выказвання святога Гераніма, Палікарп быў «правадыром усёй Азіі», вакол якога склалася кола адданых вучняў.

Фота: bridgemanimages.com

Адзін з найбольш вядомых вучняў святога Палікарпа, святы Ірэнэй Ліёнскі, сведчыць, што Палікарп быў вучнем апостала Яна.

Ён рэгулярна супрацьстаяў паўзучаму злу гнастыцызму, які пагражаў апаганіць Евангелле. Палікарп уступаў у палеміку з гностыкамі, абвяргаючы іх вучэнне і нават некаторых з іх навяртаў у хрысціянства.

Святы быў аўтарам шэрагу духоўных твораў, але да нас дайшло толькі адно яго Пасланне да Філіпянаў. Гэты тэкст святога Палікарпа знамянальны яшчэ і тым, што ў ім змяшчаюцца прамыя цытаты з Евангелляў паводле Лукі і Мацвея, а таксама з 1 Паслання апостала Пятра і 1 Паслання апостала Яна.

Калі жыццё святога было прысвечана захаванню Евангелля, то яго смерць прадэманстравала яго сілу. Палікарп сцвярджаў, што Езус Хрыстус сказаў яму, што ён будзе спалены на вогнішчы.

Схоплены ўладамі, Палікарп адмовіўся адрачыся ад Хрыста і прыняў мучаніцкую смерць 23 лютага 156 года, маючы 86 гадоў. Яго сапраўды спалілі на вогнішчы, аднак, паводле легенды, языкі полымя не ахапілі яго. Тады адзін з жаўнераў забіў яго кінжалам. Так скончылася зямное жыццё мужнага абаронцы Хрыстовай веры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.