Пошук


Апостальскі ліст
у форме MOTU PROPRIO

Святога Айца
Францішка

APERUIT ILLIS

у якім ён устанаўлівае
Нядзелю Божага слова

1. «Адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне» (Лк 24, 45). Гэта адзін з апошніх жэстаў, якія зрабіў уваскрослы Пан перад тым, як узысці на неба. Ён аб’яўляецца сабраным вучням, ламае з імі хлеб і адкрывае іх розум, каб яны разумелі Святое Пісанне. Гэтым людзям, спалоханым і расчараваным, Ён аб’яўляе сэнс Пасхальнай таямніцы, а дакладней, што паводле спрадвечнага плану Айца Езус павінен быў цярпець і ўваскрэснуць, каб абвесціць навяртанне i прабачэнне грахоў (пар. Лк 24, 26.46-47). Ён таксама абяцае вучням Духа Святога, які дасць ім сілы быць сведкамі гэтай збаўчай Таямніцы (пар. Лк 24, 49).

Адносіны паміж Уваскрослым, супольнасцю веруючых і Святым Пісаннем з’яўляюцца надзвычай жыццядайнымі для нашай тоеснасці. Калі Пан не ўвядзе нас у гэта, немагчыма зразумець глыбіні Святога Пісання. Але гэта дзейнічае і ў адваротным напрамку: без Святога Пісання падзеі з місіі Езуса, а таксама Яго Касцёла ў свеце, будуць незразумелымі. Слушна напісаў св. Геранім: «Няведанне Пісання – гэта няведанне Хрыста» (Каментарый да кнігі Ісаіі, Пралог: PL 24, 17).


2. На заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці я прасіў «цалкам адну нядзелю [на працягу года] прысвяціць Божаму слову, каб зразумець невычэрпнае багацце, якое нясе гэты пастаянны дыялог паміж Богам і яго народам» (Апост. ліст Misericordia et misera, 7). Прызначэнне адной нядзелі літургічнага года спецыяльна Божаму слову дазволіць перадусім аднавіць у Касцёле жэст Уваскрослага, які адкрывае таксама для нас скарбніцу свайго Слова, каб мы маглі быць у свеце прапаведнікамі гэтага невычэрпнага багацця. Прыходзіць на думку навучанне св. Эфрэма: «Хто можа зразумець, о Пане, усё багацце хоць бы аднаго з Тваіх словаў? Яно большае за ўсё тое, чаго мы не заўважаем, за тое, што мы можам зразумець. Мы як сасмяглыя, якія п’юць з крыніцы. Тваё слова мае шмат розных адценняў, як шматлікімі з’яўляюцца перспектывы тых, хто іх даследуе. Пан размаляваў сваё слова разнастайнай прыгажосцю, каб тыя, хто яго вывучае, маглі сузіраць тое, што ім падабаецца. Ён схаваў у сваім слове ўсе скарбы, каб кожны з нас адшукаў багацце ў тым, што сузірае» (Каментарый да Дыятэсарону, 1, 18).

Таму ў гэтым лісце я жадаю адказаць на многія просьбы, якія да мяне накіраваў Божы народ, каб ва ўсім Касцёле можна было ў адзінстве намераў цэлебраваць Нядзелю Божага слова. Перажыванне тых хвілінаў, калі хрысціянская супольнасць разважае пра вялікую вартасць Божага слова, ужо стала паўсюднай штодзённай практыкай. У мясцовых Касцёлах існуе багата ініцыятыў, якія дазваляюць вернікам мець усё большы доступ да Святога Пісання, што абуджае іх удзячнасць за гэты вялікі дар, імкненне жыць ім штодня і быць адказнымі за сведчанне аб ім гарманічным і зладжаным жыццём.

Другі Ватыканскі Сабор у Дагматычнай канстытуцыі Dei Verbum даў пачатак паўторнаму адкрыццю Божага слова. Са старонак гэтай канстытуцыі, якая заўсёды вартая таго, каб разважаць над ёй і асэнсоўваць яе, выразна бачна прырода Святога Пісання, яго перадача з пакалення ў пакаленне (раздзел II), яго Божае натхненне (раздзел III), якое ахоплівае Стары і Новы Запавет (раздзел IV i V), а таксама яго важнасць для ўсяго Касцёла (раздзел VI). Каб паглыбіць гэтае вучэнне, Бэнэдыкт XVI склікаў у 2008 г. Сінод Біскупаў на тэму: «Божае слова ў жыцці і місіі Касцёла», у выніку якога ўзнікла Апостальская адгартацыя Verbum Domini, якая з’яўляецца неад’емным навучаннем для нашых супольнасцяў1. У гэтым жа дакуменце асабліва паглыблены перфарматыўны характар Божага слова, перадусім тады, калі падчас літургічнага дзеяння становіцца бачным яго сапраўдны сакрамэнтальны характар2. Таму неабходна, каб у жыцці нашага народу былі гэтыя важныя адносіны з жывым Словам, якое Пан нястомна кіруе да сваёй Абранніцы, каб яна магла ўзрастаць у любові i ў сведчанні веры.


3. Таму я ўстанаўліваю III нядзелю Звычайнага перыяду літургічнага года дзеля цэлебрацыі, разважання і пашырэння Божага слова. Гэтая Нядзеля Божага слова стане адпаведным момантам гэтага перыяду, у які мы пакліканы ўмацоўваць сувязь з вызнаўцамі юдаізму, а таксама маліцца аб адзінстве хрысціянаў. Гэта не выпадкова: цэлебрацыя Нядзелі Божага слова выяўляе экуменічны характар, бо Святое Пісанне паказвае тым, хто ўслухоўваецца ў яго, шлях да моцнага і сапраўднага адзінства.

Супольнасці знойдуць спосаб перажывання гэтай Нядзелі як урачыстага дня. Важна, каб падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі можна было здзейсніць інтранізацыю святога тэксту, каб для сабраных быў відавочны нарматыўны характар Божага слова. У Нядзелю Божага слова асаблівую ўвагу трэба прысвяціць абвяшчэнню слова, а ў гаміліі трэба падкрэсліць значэнне пашаны да Слова Пана. Біскупы ў гэтую нядзелю змогуць цэлебраваць абрад устанаўлення лектараў ці падобныя да гэтага паслугі, каб зазначыць важнасць абвяшчэння Божага слова ў Літургіі. Трэба прыкласці ўсе магчымыя намаганні для падрыхтоўкі выбраных вернікаў праз адапаведную фармацыю, як гэта робіцца ў выпадку акалітаў ці надзвычайных распарадчыкаў Эўхарыстыі, да таго, каб яны былі сапраўднымі прапаведнікамі Слова. Таксама пробашчы змогуць знайсці адпаведную форму для таго, каб уручыць Біблію або адну з яе кніг усёй супольнасці і падкрэсліць гэтым важнасць штодзённага чытання і малітвы Святым Пісаннем, з адмысловым выкарыстаннем яе формы, называнай lectio divina.


4. Вяртанню ізраэльскага народу на радзіму з бабілёнскага выгнання спадарожнічала асаблівым чынам Кніга Закону. Біблія прадстаўляе нам хвалюючае апісанне гэтага моманту ў кнізе Нээміі. Народ сабраўся ў Ерузалеме, на плошчы перад Воднай брамай, каб слухаць Закон. Гэты народ, які рассеяўся пасля выгнання, цяпер зноў збіраецца вакол Святога Пісання «як адзін народ» (Нм 8, 1). Падчас чытання «вушы ўсяго народу былі ўважлівыя» (Нм 8, 3) да Святой Кнігі, бо народ ведаў, што яе словы дапамогуць зразумець сэнс падзей, якія яго напаткалі. Узрушэнне і плач былі адказам на абвяшчэнне слова: «[Левіты] чыталі кнігу Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася. Тады намеснік Нээмія і Ездра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: „Дзень гэты святы для Пана Бога нашага. Не смуткуйце і не плачце”. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону. […] „І не смуткуйце, бо радасць у Пану – гэта моц вашая”» (Нм 8, 8-10).

Гэтыя словы змяшчаюць важнае вучэнне. Біблія не можа быць спадчынай толькі нямногіх, і не можа стаць зборам кніг для некалькіх прывілеяваных асобаў. Біблія ў першую чаргу належыць сабранаму народу, каб ён яе слухаў i ў яе Слове знайшоў сябе. Часта ўзнікае тэндэнцыя манапалізацыі святых тэкстаў, прыпісвання іх пэўным колам і выбраным групам. Так не павінна быць. Біблія – гэта Кніга народу Пана, які праз слуханне Яго голасу пераходзіць ад рассеяння і падзелу да адзінства. Слова Бога яднае верных і робіць так, што яны становяцца адным народам.


5. У гэтым адзінстве, якое нарадзілася са слухання, пастыры ў першую чаргу нясуць асаблівую адказнасць за раз’ясненне Святога Пісання i дапамагаюць усім зразумець яго. Паколькі Пісанне – гэта кніга народу, то тыя, хто пакліканы да служэння Слову, павінны адчуваць моцную патрэбу ў тым, каб супольнасць мела доступ да гэтага Слова.

Асабліва важнае значэнне набывае гамілія, бо яна мае «сакрамэнтальны характар» (Evangelii gaudium, 142). Гамілія ўводзіць у глыбіню Божага слова, выкарыстоўваючы мову простую i прыстасаваную да тых, хто яго слухае. Яна дазваляе святару адкрыць таксама «прыгажосць вобразаў, якімі карыстаўся Пан, каб заахвочваць да здзяйснення дабра» (Evangelii gaudium, 142). Гэта нагода для пастыраў, якую нельга змарнаваць!

Для многіх нашых вернікаў – гэта адзіная магчымасць зразумець прыгажосць Божага слова i заўважыць яго сувязь з іх штодзённым жыццём. Таму трэба прысвяціць дастаткова часу для падрыхтоўкі гаміліі. Нельга займацца імправізацыяй каментарыяў да святых чытанняў. Ад нас, казнадзеяў, больш чакаюць таго, што мы не будзем празмерна расцягваць замудрых гамілій або закранаць неадпаведныя аргументы. Калі мы спыняемся на медытацыі і на малітве святым тэкстам, тады становімся здольнымі гаварыць сэрцам, каб прамовіць да сэрца асобаў, якія слухаюць, выяўляючы сутнасць таго, што прынята i што прыносіць плён. Не будзем жа ніколі абмяжоўваць час i малітву, прысвечаныя Святому Пісанню, каб яно было прынята «не як чалавечае слова, але, што ёсць на самай справе, як Божае слова» (1 Тэс 2, 13).

Было б добра, каб таксама катэхеты, з увагі на паслугу, якую яны выконваюць, дапамагаючы ўзрастаць у веры, адчувалі пільную патрэбу свайго аднаўлення праз знаёмства i вывучэнне Святога Пісання, якое дапаможа ім весці сапраўдны дыялог паміж тымі, хто іх слухае, і Божым словам.


6. Перш, чым аб’явіцца вучням, якія сабраліся за замкнёнымі дзярыма, і адкрыць іх розумы для разумення Святога Пісання (пар. Лк 24, 44-45), Уваскрослы спачатку сустракаецца з двума з іх на дарозе, якая вядзе ў Эмаус (пар. Лк 24, 13-35). У апавяданні евангеліста Лукі занатавана, што гэта здарылася ў дзень уваскрасення, у нядзелю. Гэтыя два вучні абмяркоўваюць апошнія падзеі, звязаныя з мукай і смерцю Езуса. Іх шлях пазначаны сумам i расчараваннем пасля трагічнага заканчэння жыцця Езуса. Яны спадзяваліся на Яго як на Месію-вызваліцеля, але апынуліся перад абліччам ганьбы Укрыжаванага. Асцярожна набліжаючыся, Уваскрослы далучаецца да вучняў і ідзе з імі, але яны не пазнаюць Яго (пар. в. 16). У дарозе Пан распытвае іх, усведамляючы, што яны не зразумелі значэння Яго мукі i смерці; называе іх «неразумнымі» і людзьмі «маруднымі сэрцам, каб паверыць» (пар. в. 25), і, «пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго» (в. 27). Хрыстус з’яўляецца першым эгзэгетам! Святое Пісанне не толькі прадбачыла, што павінна было стацца, але і сам Збаўца жадаў быць верным гэтаму Слову, каб растлумачыць тую адзіную гісторыю збаўлення, якая споўнілася ў Хрысце.


7. Таму Біблія, будучы Святым Пісаннем, гаворыць пра Хрыста i абвяшчае Яго як таго, хто павінен прайсці праз цярпенне, каб увайсці ў хвалу (пар. в. 26). Не толькі нейкая частка Бібліі, але ўсе кнігі гавораць пра Яго. Без іх нельга зразумець Яго смерць i ўваскрасенне. Вось чаму адно са старажытных вызнанняў веры падкрэслівае, «што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кефасу» (1 Кар 15, 3-5). Так Святое Пісанне кажа пра Хрыста, дазваляючы нам верыць, што Яго смерць i ўваскрасенне не належаць да міфалогіі, але да гісторыі i знаходзяцца ў цэнтры веры Яго вучняў.

Паміж Святым Пісаннем і вераю людзей ёсць глыбокая сувязь. Паколькі вера нараджаецца са слухання, а слуханне засяроджана на слове Хрыста (пар. Рым 10, 17), запрашэнне, якое нараджаецца падчас гэтых адносінаў, становіцца неабходным і важным, таму вернікі павінны прызначыць час на слуханне слова Пана як падчас літургічнага дзеяння, так і падчас малітвы і асабістага разважання.


8. «Вандроўка» Уваскрослага з вучнямі ў Эмаус заканчваецца спажываннем ежы. Таямнічы Вандроўнік прымае настойлівае запрашэнне, якое абодва вучні агучылі Яму: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае» (Лк 24, 29). Яны сядаюць вячэраць, Езус бярэ хлеб, прамаўляе благаслаўленне, ламае яго i падае вучням. У гэтую хвіліну адкрываюцца іх вочы, і яны пазнаюць Яго (пар. в. 31).

Дзякуючы гэтаму апісанню мы разумеем, якая цесная сувязь існуе паміж Святым Пісаннем і Эўхарыстыяй. Другі Ватыканскі Сабор вучыць: «Касцёл заўсёды шанаваў Божае Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі, асабліва ў святой Літургіі, ён няспынна бярэ са стала Божага слова і Цела Хрыстовага хлеб жыцця і ўдзяляе яго вернікам» (Dei Verbum, 21).

Пастаяннае чытанне Святога Пісання і ўдзел у Эўхарыстыі дазваляюць распазнаць тых, хто належыць адзін аднаму. Як хрысціяне мы з’яўляемся адным народам, які ідзе ў гісторыі, мы моцныя прысутнасцю сярод нас Пана, які прамаўляе да нас і нас корміць. Дзень, прысвечаны Бібліі, не можа быць «раз у год», але ў кожны дзень года, бо мы павінны абавязкова паглыбляць знаёмства Святога Пісання і Уваскрослага, які ніколі не перастае дзяліцца Словам і Хлебам у супольнасці вернікаў. Для гэтага мы павінны мець блізкія адносіны са Святым Пісаннем, у адваротным выпадку нашае сэрца застанецца халодным, а вочы зачыненымі з прычыны незлічоных формаў слепаты.

Святое Пісанне i сакрамэнты непадзельныя. Калі сакрамэнты ўводзяцца і асвячаюцца Словам, яны становяцца выразнай мэтай вандроўкі, падчас якой сам Хрыстус адкрывае розум i сэрца для пазнання Яго збаўчага дзеяння. У гэтым кантэксце нельга забываць пра вучэнне, якое паходзіць з кнігі Апакаліпсіса. Вось Пан стаіць пры дзвярах і стукае. Калі хто пачуе Яго голас і адкрые дзверы, Ён увойдзе ў сярэдзіну, каб разам вячэраць (пар. Ап 3, 20). Езус стукае ў нашыя дзверы праз Святое Пісанне; калі мы слухаем i адкрываем дзверы нашага розуму і сэрца, Ён уваходзіць у нашае жыццё i застаецца з намі.


9. У Другім пасланні да Цімафея, які ў некаторым сэнсе з’яўляецца духоўным запаветам св. Паўла, ён раіць свайму вернаму супрацоўніку няспынна звяртацца да Святога Пісання. Апостал упэўнены, што «ўсё Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці» (3, 16). На падставе гэтай парады апостала Паўла Цімафею саборная Канстытуцыя Dei Verbum разглядае важную тэму натхнення Святога Пісання; з гэтай парады, у прыватнасці, бярэ пачатак збаўчая мэта, духоўнае вымярэнне i прынцып уцелаўлення, уласцівы Святому Пісанню.

Нагадваючы ў першую чаргу пра заахвочванне, з якім св. Павел звяртаецца да Цімафея, Dei Verbum падкрэслівае, што «кнігі Пісання трывала, верна і беспамылкова вучаць праўдзе, якую Бог дзеля нашага збаўлення пажадаў замацаваць у Святым Пісанні» (Dei Verbum, 11). Паколькі кнігі Пісання вучаць пра збаўленне праз веру ў Хрыста (пар. 2 Цім 3, 15), то змешчаныя ў іх праўды служаць нашаму збаўленню. Біблія не з’яўляецца зборнікам гістарычных апавяданняў ці кронікаў, бо яна цалкам прысвечана інтэгральнаму збаўленню чалавека. Бясспрэчныя гістарычныя карані кніг, якія ўваходзяць у склад Святога Пісання, не павінны засланяць нам іх першаснай мэты: нашага збаўлення. Усё скіравана да гэтай мэты, заключанай у самой сутнасці Бібліі, складзенай як гісторыя збаўлення, у якой Бог прамаўляе і дзейнічае, каб сустрэць усіх людзей і ўратаваць іх ад зла і смерці.

Каб дасягнуць гэтай збаўчай мэты, Святое Пісанне пад уздзеяннем Духа Святога перамяняе слова чалавека, запісанае чалавечай мовай, у Божае слова (пар. Dei Verbum, 12). Дух Святы мае ў Святым Пісанні першасную ролю. Без Яго дзеяння заўсёды існавала б вялікая небяспека замкнёнасці выключна ў пісьмовым тэксце, што аблегчыла б фундаменталістам яго інтэрпрэтацыю, ад якой мы павінны трымацца здалёк, каб не здрадзіць натхнёнаму, дынамічнаму i духоўнаму характару, які мае святы тэкст. Як кажа Апостал: «літара забівае, а Дух ажыўляе» (2 Кар 3, 6). Таму Дух Святы перамяняе Святое Пісанне ў жывое Божае слова, якім жыве i якое перадае праз веру яго святы народ.


10. Дзеянне Духа Святога датычыць не толькі працэсу фарміравання Святога Пісання, але яно ўплывае таксама на тых, хто слухае Божае слова. Важным з’яўляецца сцвярджэнне Айцоў Сабору, паводле якіх Святое Пісанне трэба «чытаць і інтэрпрэтаваць у тым жа Духу, у якім яно было напісана» (Dei Verbum, 12). Разам з Езусам Хрыстом Аб’яўленне Бога дасягае сваёй паўнаты; аднак Дух Святы працягвае дзейнічаць. Сапраўды, прыпісванне Яго дзеяння толькі натхнёнай Богам сутнасці Святога Пісання і яго розных аўтараў было б абмежаваннем дзейнасці Духа Святога. Таму неабходна даверыцца дзеянню Духа Святога, які надалей рэалізуе сваю адмысловую форму натхнення, калі Касцёл навучае Святому Пісанню, а Настаўніцкі Інстытут Касцёла правільна яго інтэрпрэтуе (пар. Dei Verbum, 10), а таксама тады, калі кожны вернік чыніць яго нормай свайго духоўнага жыцця. У гэтым сэнсе мы можам разумець словы Езуса, калі вучням, якія сцвярджаюць, што зразумелі значэнне яго прыпавесці, Ён кажа: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое» (Мц 13, 52).


11. Канстытуцыя Dei Verbum удакладняе, што «Божыя словы, выражаныя чалавечай мовай, прыпадобніліся да чалавечай мовы, як калісьці Слова Спрадвечнага Айца, прыняўшы слабасць людскога цела, прыпадобнілася да чалавека» (Dei Verbum, 13). Можна сказаць, што ўцелаўлёнае Слова Бога надае форму і сэнс адносінам паміж Божым словам і чалавечай моваю з улікам гістарычна-культурных умоў. Так фарміруецца Традыцыя, якая таксама з’яўляецца Божым словам (пар. Dei Verbum, 9). Мы часта рызыкуем аддзяліць Святое Пісанне ад Традыцыі, не разумеючы, што яны разам утвараюць адну крыніцу Аб’яўлення. Пісьмовы характар першага не выключае таго, што яно ў поўні з’яўляецца жывым словам; падобна і жывая Традыцыя Касцёла, якая няспынна перадаецца цягам стагоддзяў з пакалення ў пакаленне, мае гэтую Святую Кнігу як «найвышэйшае правіла сваёй веры» (пар. Dei Verbum, 21). Больш за тое, перш чым Святое Пісанне стала пісьмовым тэкстам, яно перадавалася вусна i жыло дзякуючы веры народу, які прызнаў яго сваёй гісторыяй i крыніцай сваёй тоеснасці сярод многіх іншых народаў. Таму біблійная вера абапіраецца на жывое Слова, a не пэўную кнігу.


12. Калі Святое Пісанне інтэрпрэтуецца ў тым жа Духу, у якім было напісана, яно заўсёды застаецца новым. Стары Запавет ніколі не бывае старым, бо з’яўляецца часткай Новага, бо ўсё перамяняецца дзякуючы аднаму Духу, які дае натхненне. Святы тэкст у цэлым выконвае прарочую функцыю: не датычыць будучага, але сучаснасці тых, хто жывіцца гэтым Словам. Сам Езус выразна сцвярджае гэта на пачатку свайго служэння: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі» (Лк 4, 21). Той, хто штодня жывіцца Божым словам, становіцца, як Езус, сучаснікам тых, каго сустракае. Чалавек, які жывіцца Словам, не мае спакусы трапіць у бясплодную тугу па мінулым ці ў безнадзейную ўтопію будучыні.

Святое Пісанне выконвае сваё прарочае дзеянне перадусім адносна тых, хто яго слухае. Яно прычыняецца да таго, што яны адчуваюць адначасова слодыч i горыч. На думку прыходзяць словы прарока Эзэхіэля, які, калі Пан запрасіў яго з’есці скрутак кнігі, прызнаецца: «ён быў салодкі, як мёд, у маіх вуснах» (Эзх 3, 3). Таксама евангеліст Ян на востраве Патмас перажывае тое, што спазнаў Эзэхіэль, але дадае штосьці большае: «Яна была ў маіх вуснах салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў маім жываце» (Ап 10, 10).

Слодыч Божага слова заахвочвае нас дзяліцца ім з тымі, каго мы сустракаем у нашым жыцці, каб выказаць пэўнасць заключанай у ім надзеі (пар. 1 П 3, 15-16). У сваю чаргу горыч часта прапануецца для таго, каб пераканацца, наколькі цяжка нам жыць згодна са Словам, або каб адчуць вынікі яго адкідвання, калі лічыцца, што яно не надае ўжо сэнс жыццю. Таму ніколі не трэба прывыкаць да Божага слова, але жывіцца ім, каб штораз глыбей адкрываць і перажываць нашыя адносіны з Богам і братамі.


13. Наступны выклік Святога Пісання датычыць любові. Божае слова нястомна нагадвае нам пра міласэрную любоў Айца, які заклікае сваіх дзяцей жыць у любові. Жыццё Езуса з’яўляецца поўным i дасканалым выяўленнем той Боскай любові, якая нічога не пакідае для сябе, але прысвячае сябе бязмежна кожнаму. У прыпавесці пра ўбогага Лазара змешчана каштоўная навука. Калі Лазар i багацей паміраюць, то апошні, калі бачыць убогага на ўлонні Абрагама, просіць паслаць да сваіх братоў Лазара, каб папярэдзіць іх, каб яны жылі паводле любові бліжняга i каб пазбеглі яго пакутаў. Адказ Абрагама з’едлівы: «У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх» (Лк 16, 29). Слухаць Святое Пісанне, каб здзяйсняць міласэрнасць, – гэта важны выклік для нашага жыцця. Божае слова можа адкрыць нам вочы, адкрываючы пры гэтым шлях шчодрасці і салідарнасці, каб мы змаглі пазбыцца індывідуалізму, які не дае нам дыхаць i вядзе да бясплоднасці.


14. Адной з найбольш значных падзей у адносінах Езуса з вучнямі з’яўляецца гісторыя Перамянення. Езус ідзе на гару маліцца разам Пятром, Якубам i Янам. Евангелісты апісваюць, што калі твар i адзенне Езуса засвяціліся бляскам, двое мужчын размаўлялі з Ім: Майсей і Ілля, якія ўвасабляюць Закон i Прарокаў, гэта значыць Святое Пісанне. Рэакцыя Пятра на гэтае аб’яўленне поўная радаснага захаплення: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі» (Лк 9, 33). У гэты момант цень воблака закрыў іх, а вучняў ахапіў страх.

Перамяненне нагадвае габрэйскае Свята Шатроў, калі Ездра і Нээмія чытаюць народу святы тэкст пасля вяртання з выгнання. У той жа час гэтая падзея паказвае хвалу Езуса, рыхтуючы вучняў да ганьбы мукі. Боскую хвалу прадстаўляе таксама воблака, якое атачае вучняў, – сімвал прысутнасці Пана. Гэтае Перамяненне падобнае да таго, што адбываецца падчас чытання Святога Пісання, якое пераўзыходзіць сябе, калі жывіць жыццё вернікаў. Як прыпамінае нам Апостальскі ліст Verbum Domini: «Ва ўзнаўленні сувязяў паміж рознымі сэнсамі Пісання вырашальнае значэнне мае разуменне пераходу ад літары да духу. Гэта не аўтаматычны і не спантанны пераход; больш неабходнае ўзнясенне па-над літарай» (Verbum Domini, 38).


15. На шляху прыняцця Божага слова нам спадарожнічае Маці Пана, прызнаная благаслаўлёнай, бо Яна паверыла ў спаўненне таго, што сказаў ёй Пан (пар. Лк 1, 45). Благаслаўленне Марыі апярэджвае ўсе благаслаўленні, абвешчаныя Езусам для ўбогіх, церпячых, лагодных, міратворцаў i тых, хто зведвае ўціск, бо гэта неабходная ўмова для кожнага іншага благаслаўлення. Ніводзін бедны чалавек не з’яўляецца благаслаўлёным, таму, што ён бедны. Становіцца благаслаўлёным тады, калі так, як Марыя, верыць у спаўненне Божага слова. Прыпамінае нам гэта вялікі вучань і настаўнік Святога Пісання св. Аўгустын: «хтосьці з натоўпу, моцна ўсхваляваны, крыкнуў: „Благаслаўлёнае ўлонне, якое Цябе насіла”. А Ён: „Хутчэй благаслаўлёныя тыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго”. Можна сказаць: таксама Мая маці, якую ты называеш благаслаўлёнай, благаслаўлёная толькі таму, што захоўвае слова Бога, а не таму, што ў Ёй Слова сталася целам і пасялілася між намі; але менавіта таму, што Яна захоўвае слова самога Бога, якім была створана і якое ў Ёй сталася целам» (Каментарый да Евангелля св. Яна, 10, 3).

Няхай дзякуючы Нядзелі, прысвечанай Слову, Божы народ узрастае ў пабожным i старанным пазнанні Святога Пісання, як вучыў ужо ў даўнія часы святы аўтар: «Гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго» (Дрг 30, 14).

Дадзена ў Рыме, у базыліцы святога Яна на Латэране, 30 верасня 2019 года,
ва ўспамін святога Гераніма, у 1600-ю гадавіну яго смерці.

Францішак


  1. Пар. AAS 102 (2010), 692-787.
  2. «Сакрамэнтальнасць слова становіцца зразумелай праз аналогію з сапраўднай прысутнасцю Хрыста ў кансэкраваных постацях хлеба і віна. Прыступаючы да алтара і ўдзельнічаючы ў эўхарыстычнай гасціне, сапраўды прымаем у Камуніі Цела і Кроў Хрыста. Абвяшчэнне Божага слова падчас цэлебрацыі вядзе да прызнання, што прысутнічае сам Хрыстус, які прамаўляе да нас, каб мы прынялі Яго» (Verbum Domini, 56).
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа