Пошук

03.09.2019 16:38   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Як паведаміў Catholic.by пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, вывучаецца перспектыва аднавіць пры Нацыянальным санктуарыі кляштар айцоў бэрнардынаў — колішніх заснавальнікаў Будслава.

Менавіта з драўляных «будаў» — сціплых хацінак, пабудаваных манахамі ў лесе на берагах ракі Сэрвач, — бярэ пачатак паселішча з назваю Будслаў, вядомае сёння не толькі ва ўсёй Беларусі, але і далёка за яе межамі. У невялічкім мястэчку ў велічнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на працягу стагоддзяў захоўваецца цудатворная ікона Маці Божай Будслаўскай, фэст у гонар якой збірае штогод тысячы пілігрымаў і прызнаны ЮНЕСКА часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Напачтку ўсе кляштарныя пабудовы ў Будславе былі з дрэва, якім так багатыя навакольныя пушчы.

Менавіта нарыхтоўка дрэва для будаўніцтва бэрнардынскага касцёла і кляштара ў Вільні прывяло на берагі Сэрвачы першых манахаў, але за банальнай гаспадарчай патрэбай крыўся цудоўны і велічны Божы план.

У 1633 г. у Будславе распачалася пабудова першага каменнага касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, а 7 верасня 1783 г. тут адбылося ўрачыстае асвячэнне вялікай базылікі пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У чарговую гадавіну асвячэння святыні тут будзе змешчаны старажытны дакумент, складзены «на вечную памяць» пра гэтую гістарычную падзею.

Касцёл і кляштар у Будславе на карце бэрнардынскіх кляштараў Гірша Ляйбовіча, 2-я палова XVIII стагоддзя.

Неўзабаве каля касцёла з’явіліся таксама мураваныя кляштарныя будынкі, дзе манахі вялі актыўную рэлігійную і асветніцкую дзейнасць. У 1793 г. бэрнардыны заснавалі пры сваім кляштары пачатковую школу, у якой вучыліся дзеці з Будслава і навакольных вёсак. Пазней пры кляштары была адчынена і музычная школа, якую наведвала каля 15 вучняў. У 1731–1797 гг. у будслаўскім кляштары размяшчалася школа маральнай тэалогіі і рыторыкі. Манахі займаліся таксама дабрачыннай дзейнасцю, даючы прытулак і ежу патрабуючым.

Аднак незайздросны лёс напаткаў у пазнейшыя гады як будслаўскую супольнасць бэрнардынаў, так і сам кляштар.

У 1858 г. дзейнасць каталіцкіх манаскіх ордэнаў на землях, захопленых Расійскай Імперыяй, была забаронена, і ў касцёле ў Будславе пачалі працаваць дыяцэзіяльныя святары. Кляштарныя карпусы пасля падаўлення паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863 г. былі перададзены царскім войскам, а напрыканцы ХIХ ст. цалкам разабраныя.

Бэрнардыны зноў вярнуліся ў Будслаў толькі ў 1996 г. і неслі тут служэнне да 2018 г. Дзякуючы іх руплівай дзейнасці культ Маці Божай Будслаўскай паспяхова развіваўся, і штогод сюды прыходзіла ўсё больш пілігрымаў.

Сёння ў Будславе вядзецца рэстаўрацыя базылікі, а таксама вывучаецца магчымасць адбудовы старажытнага бэрнардынскага кляштара.

Для гэтага ў Будславе прайшло папярэдняе археалагічнае даследванне падмуркаў былых кляштарных пабудоваў.

Яго напрыканцы ліпеня ў межах валанцёрскага навуковага праекту праводзіла група археолагаў пад кіраўніцтвам Мікалая Плавінскага перад тым, як скіравацца на раскопкі на востраў Манастыр, што на возеры Неспіш пад Браславам, дзе калісьці захоўвалася яшчэ адна цудатворная ікона Багародзіцы — Маці Божай Валадаркі Азёраў.

«У Будславе археолагі даследавалі толькі невялікую частку падмуркаў насупраць уваходу ў так званы „стары касцёл“, — распавядае ксёндз Дзмітрый Дубовік. — У раскопе яны знайшлі фрагменты кафлі, дахоўкі, шклянога і керамічнага посуду. Сярод знаходак таксама некалькі манет — „барацінкі“ другой паловы XVII ст.

Як мяркуюць навукоўцы, бэрнардынскі кляштар у Будславе быў пабудаваны каля 1750. Дакладных архіўных звестак пра гэта, на жаль, не захавалася.

Таму неабходна правесці поўнае археалагічнае даследванне на тэрыторыі нацыянальнага санктуарыя, каб скласці ўяўленне пра тое, калі быў пабудаваны кляштар і як ён выглядаў».

«У перспектыве таксама можа разглядацца магчымасць аднаўлення прынамсі некаторых кляштарных пабудоваў. Калі адбудоўваць кляштар на арыгінальных падмурках, гэта будзе рэстаўрацыя. У даследаванай частцы стан захаванасці старых падмуркаў дазваляе гэта зрабіць», — кажа будслаўскі пробашч.

Калі такое калісьці стане магчымым, у адноўленым кляштары бэрнардынаў у Будславе мог бы размясціцца вялікі цэнтр прыёму пілігрымаў і рэкалекцыйны дом, які ў такім святым і «намоленым» месцы, напэўна, ніколі б не пуставаў.

Абноўлена 03.09.2019 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа