Пошук

29.08.2019 13:10   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Мінула ўжо больш за месяц, калі ў Будславе прайшоў моцны град, які нарабіў тут шмат бяды. Наступствы стыхіі відаць на сценах Нацыянальнага санктуарыя і сёння.

Мы праходзім з пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам уздоўж сценаў святыні.

«Вас, журналістаў, так цікавяць гэтыя разбурэнні ад граду! Вы прыедзеце, пафатаграфуеце, а нам з гэтым жыць», — кажа з горкай усмешкай святар, паказваючы то разбітую ўшчэнт электрычную каробку са скруткамі правадоў, то адарваны, нібы зламыснаю рукою, кабель-канал электраправодкі вонкавага асвятлення, то адбітыя сям-там кавалкі тынку…

І не толькі жыць з гэтымі разбурэннямі даводзіцца новаму пробашчу, але і рамантаваць, выпраўляць, рэстаўраваць.

Для прызначанага ўсяго год таму новага пробашча будслаўскай парафіі, які, можна сказаць, фактычна з’яўляецца таксама і кусташам санктуарыя, гэты год стаў сапраўдным «баявым хрышчэннем».

Падчас першага падрыхтаванага ім у якасці пробашча фэсту здарылася надзвычайная сітуацыя, калі перагарэла большая частка гукаўзмацняльнай апаратуры і іншых электрычных прыладаў. Тады сарвалася прамая трансляцыя, але дзякуючы аператыўным дзеянням ксяндза Дзмітрыя і яго каманды святкаванне гэта не азмрочыла.

Не прайшло і месяца ад фэсту, і тут новая бяда: град, які зноў нарабіў шкоды. І зноў святар бярэцца за справу з аптымізмам і з Божаю дапамогаю.

Але ліквідаваць наступствы стыхіі — не адзіны клопат пробашча. Усярэдзіне святыні таксама ідуць запланаваныя рэстаўрацыйныя працы.

Калі ўваходзім у базыліку, адразу кідаецца ў вочы, што з левага ад уваходу боку ўсё завешана празрыстым поліэтыленам, за якім праглядаюцца абрысы будаўнічых рыштаванняў. Ідзе рэстаўрацыя паўночных сценаў каля арганных хораў.

«Мы распачалі працу з аднаўлення аб’ёма вакол алтара святога Юды Тадэвуша. Чаму менавіта адсюль? Па-першае, стан сценаў тут найгоршы: расколіны, пашкоджанне тынку, у выніку частка роспісаў страчана незваротна.

А па-другое, вядома, што святы Юда Тадэвуш — апякун і дапаможца ў найбольш складаных, па-чалавечы безнадзейных справах, таму распачалі менавіта з яго алтара, каб ён сваім заступніцтвам нам дапамагаў», — разважае святар.

Справа рэстаўрацыі сапраўды вельмі складаная. Аб’ём вакол алтара, які цяпер аднаўляецца, большы па памерах за многія касцёлы. У будслаўскай святыні, як і ў большасці старых касцёлаў пры кляштарах, акрамя галоўнага ёсць шмат бакавых алтароў. Да Другога ватыканскага сабору ў Каталіцкім Касцёле не было магчымасці канцэлебры, а на адным алтары можна было цэлебраваць толькі адну Імшу ў дзень. Таму і рабілася ў касцёлах па некалькі алтароў, каб усе айцы маглі складаць на іх Эўхарыстычную ахвяру.

«У будслаўскай базыліцы таўшчыня сценаў вагаецца ад чатырох метраў трыццаці сантыметраў да шасцідзесяці сантыметраў. Менавіта тут, каля хораў, сцены найбольш тонкія і найбольш пашкоджаныя, — кажа са скрухаю ксёндз Дзмітрый. —

Аднавіць трэба тынк і роспісы на ім: дзве стацыі — пятую і дванаццатую, фігуры двух апосталаў, два роспісы з раслінным арнаментам, якіх раней не было відаць, а на хорах — выявы ліры, кнігі з нотамі і габою, якія былі цалкам схаваныя ад людскіх вачэй.

Акрамя таго, з-за асаблівасцяў архітэктурнай канструкцыі тут найбольш складана трапіць на дах. У выніку ён своечасова не рамантаваўся, таму вада зацякала ўсярэдзіну і паступова рабіла сваю разбуральную справу».

Падобная сітуацыя і з супрацьлеглага боку, каля алтара святой Барбары, якая лічыцца ў Касцёле апякункаю добрай смерці. У свой час абразы бакавых алтароў будслаўскай базылікі былі адрэстаўраваныя намаганнямі шэрагу каталіцкіх парафій і асобных мецэнатаў. Таму вялікім дысанансам глядзіцца адноўлены абраз на абшарпанай сцяне з вялікаю «дзіркай», праз якую выглядае цагляная кладка.

«Тут тынк, які адышоў ад сцяны, быў асцярожна зняты, каб захаваць на ім унікальны фрэскавы жывапіс. Пасля ўсе фрагменты закансервуюць і вернуць на месца.

Рэстаўрацыя вядзецца з захаваннем усіх нормаў і з улікам не толькі нашага, але і еўрапейскага вопыту, з выкарыстаннем толькі аўтэнтычных з гістарычнага пункту гледжання, натуральных матэрыялаў. Увесну плануем адрэстаўраваць таксама аб’ём вакол алтара святой Барбары», — дзеліцца з гонарам пробашч.

Але глыбока ў вачах разам з радасным бляскам прабягае і цень заклапочанасці. Душпастыра і яго вернікаў сёння хвалюе пытанне, дзе знайсці грошы на працяг дарагіх рэстаўрацыйных працаў.

Іх складанасць яшчэ і ў тым, што праект карэктуецца па ходу працы. Кожны дзень адкрываюцца новыя праблемы, узнікае неабходнасць дадатковых укладанняў, прычым вельмі нятанных.

Гэта ж не проста рамонт у кватэры, а рэстаўрацыя нацыянальнага набытку, адной з галоўных святыняў нашай Бацькаўшчыны.

«Сцены не проста тынкуюцца: пры гэтым неабходна захаваць унікальныя фрэскавыя роспісы. Іх выканаў вядомы мастак Казімір Анташэўскі. Лічыцца, што яго пэндзлю належаць творы сакральнага жывапісу ў шэрагу іншых касцёлаў на Беларусі, у тым ліку ў мінскай катэдры», — адзначае будслаўскі пробашч.

Святар дадае:

«У нас працуюць цудоўныя людзі, выдатныя спецыялісты, якія часам робяць немагчымае і даюць другое жыццё творам сакральнага мастацтва, якія без іх былі б незваротна страчаны. Яны поўныя самаахвярнасці і энтузіязму, але рэстаўрацыя патрабуе не толькі ўмелых рук, але і дарагіх матэрыялаў.

Дапамагчы ратаваць нацянальны набытак можа кожны, бо гэта скарб не толькі Касцёла на Беларусі, але ўсяго нашага народа», — упэўнены ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Пры нагодзе ён таксама запрасіў усіх жадаючых прыехаць у Будслаў 7 верасня, калі ў Нацыянальным санктуарыі будуць адзначаць гадавіну асвячэння касцёла.

Непасрэдна звязацца з ксяндзом Дзмітрыем кожны можа па тэлефоне +375 (29) 365 83 01, а рэквізіты для добраахвотных ахвяраванняў пададзены на сайце Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Абноўлена 29.08.2019 13:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа