Пошук

04.10.2023 16:49   Падрыхтаваў: Раман Ярмош / Catholic.by

4 кастрычніка адзначаецца ўспамін святога Францішка Асізскага — заснавальніка францішканскай манаскай сям’і.

Святы, якога ў юнацтве цікавілі забавы і мары пра добрую кар’еру, стаў не толькі адным з найбольш шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле, але і заснавальнікам ордэна францішканаў, які ўжо восем стагоддзяў нясе сваё служэнне ў розных кутках свету.

З цягам часу ў францішканскай сям’і з’явіліся свае адгалінаванні, адным з якіх былі айцы бэрнардыны. Гэты ордэн шырока распаўсюджаны і з’яўляецца адным са старажытнейшых на тэрыторыі нашай краіны.

Не стала выключэннем і івейская зямля. Ініцыятарам прыбыцця манахаў бэрнардынаў у Іўе ў пачатку XVII cтагоддзя быў уладальнік мястэчка Мікалай Кішка.

Пабожны і дальнабачны ваявода разумеў, што духавенству парафіі будзе складана  вярнуць людзей у каталіцкую веру пасля некалькіх дзесяцігоддзяў пратэстантызму, які быў шырока распаўсюджаны ў тыя часы.

Пачаткам служэння айцоў у Іўі можна лічыць 1631 год, калі 29 кастрычніка Віленскі біскуп Абрагам Война перадаў мураваны касцёл святых Пятра і Паўла бэрнардынам. 10 чэрвеня 1633 года Мікалай Кішка падпісаў акт фундацыі. Згодна з ім, кляштар атрымаў 15 тыс. злотых, харчовыя прадукты, хатнюю жывёлу, лугі і ставы, бясплатны перамол збожжа ў млыне ў вёсцы Лукашына, 100 вазоў бярвення. Фундатар таксама прызначыў двух падданых і аднаго вартаўніка. У канцы свайго фундуша Кішка зрабіў запіс: «не патрабуючы нічога, акрамя малітвы за продкаў і яго самога, у гэтыя часы арыянства, што ў гэтых мясцінах распаўсюджваецца, каб садзейнічаць знішчэнню гэтай ерасі і пашырэнню веры каталіцкай, а таксама служэнню вернікам у ваколіцах для таго, каб знайсці дарогу збаўлення».

Аб дзейнасці манахаў у Іўі вядома няшмат: ціхая штодзённая праца айцоў не прыцягвала асаблівай увагі. Тым не менш, лад жыцця, праца і ўзаемаадносіны з людзьмі пакінулі добры духоўны след.

Больш як за два стагоддзі ў мястэчку з’явілася брацтва святой Ганны, святога Антонія, праводзіліся рэкалекцыі для святароў. Бэрнардыны мелі сваю бібліятэку, у якой налічвалася амаль паўтысячы кніг, і духоўную школу, так званую школу рыторыкі. Была таксама школа і для дзетак.

Адметнай рысай бэрнардынскага касцёла былі наданыя яму папамі Бэнэдыктам XIV, Піем VI і Клімэнтам XIV прывілеі адпустаў на святы святога Антонія, Маці Божай Анёльскай, святога Францішка, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святых апосталаў Пятра і Паўла. Амаль яны ў парафіі адзначаюцца і ў наш час.

Былі айцы таксама добраю апораю і падтрымкаю для святароў суседніх парафій: споведзь, адпусты, пахаванні, рэкалекцыі: на ўсё гэта яны заўсёды адгукаліся. Айцы неслі служэнне ў Дудах, Лаздунах, Ятаўтавічах і ў іншыя невялічкіх касцёлах і капліцах у наваколлі.

Манахі пакінулі пасля сябе таксама багатую матэрыяльную спадчыну. Пабудаванаму для іх кляштару было наканавана перажыць часы занядбання. На жаль, да нашых часоў дайшла толькі палова будынку, але і сёння гэта галоўны напамін аб бэрнардынах, якія калісьці тут жылі і дзейнічалі. У самім касцёле з часоў манахаў засталіся абразы святога Францішка і Маці Божай Снежнай.

Варта падзякаваць бэрнардынам таксама за нараджэнне культу Маці Божай Дудскай. Абраз Маці Божай у Дудах з’яўляецца спісам іконы Маці Божай Сакальскай, якім да сёння апякуюцца манахі бэрнардыны.

Дзейнасць бэрнардынаў на Івейшчыне скончылася 16 чэрвеня 1857 года, пра што сведчыць апошні запіс, зроблены імі ў метрычнай кнізе парафіі. Пасля гэтага дзевяць манахаў пакінулі касцёл у Іўі і скіраваліся праз Суботнікі ў кірунку Вільні.

Івейскі кляштар не вызначыўся нічым асабліва адметным у гісторыі францішканскага ордэна. Але айцы, якія самааддана служылі Богу, да канца засталіся вернымі тэстамэнту фудатара, дапамагаючы вернікам знаходзіць дарогу да збаўлення.

Абноўлена 04.10.2023 16:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.